Ад разрыву з Расіяй да ўваходжання ў ЕС і НАТА

Прэзідэнт Беларусі Аляк­сандр Лукашэнка на праведзенай на­радзе з членамі Савета бяспекі раскрытыкаваў праграму апазіцыйнага штаба, у якой пералічаны першачарговыя меры да 2021 года і ­доўгатэрміновыя – да 2030 года.
Кіраўнік дзяржавы даручыў ва ўрадзе і Адміністрацыі Прэзідэн­та на кожны пункт падрыхтаваць інфармацыю аб наступствах для краіны, калі гэта будзе рэа­лізавана. «Урад падрыхтуе ўсе матэрыя­лы, і мы потым народу даложым пра наступствы кожнага кроку», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама асабіста выказаўся адносна пунктаў праграмы.
«Напрыклад, выхад з Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага саюза, Мытнага саюза (праўда, недасведчаныя, такога ўжо няма – у нас Еўразійскі саюз ужо створаны ў развіццё Мытнага саюза), іншых інтэграцыйных утварэнняў, дзе дамінуе Расія. Павінен сказаць, што ні ў адной той струк­туры Расія не дамінуе. Трэба чытаць статутныя дакументы. Там пытанні прымаюцца кансэнсусам, і кожная краіна мае адзін голас», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Таксама апазіцыя прапануе ўвесці пагранічны і мытны кант­роль на граніцы з Расіяй. «Гэта значыць устанаўліваецца беларуска-расійская граніца з усімі вынікаючымі наступствамі», – адзначыў Прэзідэнт.
«Трэцяе – забарона продажу расійскім кампаніям аб’ектаў беларускай інфраструктуры. Расійскім! Паўстае пытанне, а якім можна? Зразумела, заходнім. Мая пазіцыя і наша адназначна: мы нікому нічога не збіраемся прадаваць. Так, як было дагэтуль», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся таксама адносна пункта аб вызваленні СМІ ад кантролю з боку дзяржавы. «Гэта значыць, сёння кантроль дзяржавы – гэта дрэнна, не можа быць. А вось нейкі каардынацыйны савет з нейкіх шарлатанаў будзе створаны, вось яны будуць кант­раляваць СМІ. Ну, так было ва Украіне і іншых краінах, вы гэта ведаеце», – сказаў Прэзідэнт.
Акрамя таго, апазіцыя прапануе забяспечыць трансляцыю ў Беларусі тэлеканалаў Латвіі, Літ­вы, Польшчы і Украіны. «Яны будуць вяшчаць нам. І забарона трансляцыі ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў. Без каментарыяў», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У ваеннай сферы прапануюць выйсці з АДКБ, закрыццё на тэрыторыі Беларусі расійскіх ваен­ных баз – вузла сувязі ў Вілейцы і радыёлакацыйнай станцыі пад Баранавічамі. Пры гэтым на нарадзе было адзначана, што адпаведныя аб’екты нават не маюць статусу баз. «Я не разумею, а чым пагражаюць нам ваенныя базы? Гэта нават не баявыя падраздзяленні. Там – 90 працэн­таў – працуюць нашы людзі, атрымліваюць адпаведную заработ­ную плату, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Выхад з АДКБ… Трэба разумець, небяспека ў тым, што ў нас савецкая, расійская зброя. Калі мы выйдзем з АДКБ, ды пры такой антырасійскай лініі, у нас гэта зброя ператворыцца ў хлам на працягу аднаго года», – падкрэсліў Прэзідэнт.
«Гэта зброя, савецка-расійс­кая, усё будзе знішчана. Па стан­дартах НАТА патрэбны будуць вялізныя грошы для пераўзбраен­ня арміі. Думаюць, што дадуць натаўцы. Ніхто нічога не дасць! Карачыцца будуць самі. Іх гэта не хвалюе, вы далей убачыце», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Далей: развіццё, прытым шырокае, пагранічнай інфраструк­туры на захадзе з Еўрасаюзам. Пры гэтым, як вы чулі, закрываем граніцу з Расіяй. Наступствы не цяжка прадказаць. Калі мы сёння гандлюем з Расіяй, што будзе заўтра, вы ведаеце», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаўся і наконт увядзення так званай паўзучай забароны ў Беларусі рускай мовы. «Адкрыта не гавораць, але паўзучая забарона рускай мовы. Уводзіцца паняцце крымінальнай адказнасці за знявагу беларускай мовы. Слухайце, а ў нас што, факты такія былі некалі, што мы зневажалі сваю родную мову? Ніколі гэтага не было», – падкрэс­ліў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца моўнай тэмы, то апазіцыя таксама прапануе перавесці на беларускую мову армію, а ў тэрмін да 2030 года ўвесці адукацыю на беларускай мове ад дзіцячых садоў да ўніверсітэтаў. «Мы вызначыліся з вамі, мы прайшлі і перагарнулі гэту старонку. Мы вызначыліся, як будзем дзейнічаць у плане беларускай і рускай моў. У нас яны дзяржаўныя, – адзначыў Прэзідэнт. – Мы дамовіліся, што не будзем педаляваць гэту тэму. Размаўляйце на любой мове. У нас і англійская не забаронена, ніякая. Ідзі кітайскую, англійскую вывучай. Не, трэба ўзняць гэту праблему моўную!»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў шэрагу краін, у тым ліку еўрапейскіх, ёсць па некаль­кі дзяржаўных моў. «Аўстрыя нао­гул выкарыстоўвае нямецкую мову. І нічога, жывуць нармальна», – заўважыў ён.
Яшчэ адзін пункт апазіцыйнай праграмы – аднаўленне Беларус­кай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў процівагу Беларус­каму Экзархату Маскоўскага Патрыярхата. «Мы заўсёды ганарыліся, што ў нас міжканфесійны мір, што ніхто нікому не перашкаджае. Ні праваслаўным, ні католікам. Мусульмане ў нас задаволеныя жывуць, іўдзеі і гэтак далей. Мы цяпер акунёмся ў вайну, барацьбу міжканфесійную, і на гэтай глебе, і міжнацыянальнай. І атрымаецца, тое, чым мы заўсёды ганарыліся, будзе адхілена і зганьбавана», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Нарэшце, размова ў апазіцыйнай праграме ідзе аб падачы заяў на членства ў Еўрасаю­зе і НАТА. Наконт гэтага кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ва Украі­не «дэмакратыю ўсталявалі ўжо, напэўна, каля 10 гадоў таму», але ніхто іх ні ў НАТА, ні ў ЕС не прыняў. «Больш таго, ніхто нікога там не чакае. Іх, а нас тым больш. Мы проста гэтым самым знішчым сваю краі­ну», – упэўнены беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што нядаўна ў амерыканскіх СМІ з’явілася тэо­рыя пра саюз трохмор’я: «Балтыка, Чорнае мора, Адрыятыка. Расіі там няма, Сербіі там няма, Беларусь ёсць. Нас ужо туды ўключылі».
«Яшчэ раз падкрэсліваю: у бліжэйшы час мы прааналізуем гэтыя пытанні і даложым народу пра наступствы падобных дзеянняў. Але вы сёння бачыце, наколь­кі скаар­дынавана тое, што яны спрабуюць нам падкінуць унутры краіны. Перавыбары, хаос і гэтак далей, забастоўкі на прадпрыемствах. Пачалі душыць сем’і дзяржслужачых, ваенных, міліцыі, СМІ. Мы ўсё гэта бачым, мы не заспакойваемся», – рэзюмаваў Прэзідэнт.

Пра каардынацыйны савет апазіцыі

Прэзідэнт Беларусі Аляк­сандр Лукашэнка даў адназначную ацэн­ку створанаму апазіцыяй каардынацыйнаму савету, назваўшы гэта спробай захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі.
Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб сітуацыі, якая складваецца ўнут­ры краіны. «Новы элемент – гэта спроба заспакоіць уладу, і асабліва сілавыя структуры: «мы мірныя, мы добрыя, разумееце, мы ўжо не хочам процістаяння». Гэта так і не так. Гэта шырма. Калі зазірнуць за яе, вы бачыце, што адбываецца», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Па-першае, адзначыў Прэзідэнт, у краіне стварылі нейкі апазіцыйны штаб для перадачы ўлады. «Яны нам падкідваюць іншы бок. І патрабуюць ні многа ні мала – перадаць ім уладу. Значыць, мы гэта расцэньваем адназначна: гэта спроба захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі», – падкрэсліў беларускі лідар.
«Таму я хачу папярэдзіць тых, хто ўвайшоў у гэты штаб, што мы будзем прымаць адэкватныя меры. Але выключна ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам. У нас дастаткова гэтых мер, каб астудзіць некаторыя гарачыя галовы», – папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт складу апазіцыйнага савета: «З былых «прыкарытнікаў», як яны іх называюць. Там былыя, пакрыўджаныя, якія некалі пахадзілі ва ўладзе, і яўна адвязаныя нацысты. Паглядзіце гэты спіс».

А. Лукашэнка: «у краіне няма такой колькасці партфеляў, колькі вас стаіць у чарзе»

Прэзідэнт Беларусі ­Аляксандр Лукашэнка 19 жніўня на па­сяджэн­ні Савета бяспекі з удзелам па відэасувязі кіраўнікоў рэгіё­наў яшчэ раз пацвердзіў сваю пазіцыю адносна незакон­насці стварэння ў краіне тых ці іншых альтэрнатыўных органаў, накіраваных на захоп улады, перадае карэспандэнт БелТА.
«Я пра гэта ўжо гаварыў: створана так званая «чорная сотня» для прыёму, перадачы ўлады. Так званы штаб апазіцыі. Што дзіўна, там ужо выстраіліся ў чэргі і дзеляць партфелі. Я хачу сказаць: паважаныя «чарнасоценцы», у краіне няма такой колькасці партфеляў, колькі вас стаіць у чарзе. Мётлы і лапаты ў нас ёсць. Мы забяспечым», – сказаў Прэзідэнт.
«Хачу паўторна нагадаць: стварэнне альтэрнатыўных, паралельных і іншых органаў, тых жа «соцень» з мэтай захопу ўлады караецца законам», – падк­рэсліў кіраўнік дзяржавы.

Добавить комментарий