Па фактах масавых беспарадкаў

Следчы камітэт узбудзіў 21 крымінальную справу па фактах масавых беспарадкаў і насіл­ля адносна супрацоўнікаў органаў унут­раных спраў у ноч з 9 на 10 жніўня ў Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Пінску, Полацку, Жлобіне, Лідзе, Салігорску, Бабруйску, Слоніме і Ваўкавыску, паведамілі БелТА ў аддзеле інфар­мацыі і сувязі з грамадскасцю СК.
Следчы камітэт прадаўжае расследаванне крымінальных спраў па фактах масавых беспарадкаў і насілля адносна супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у Мінску і іншых рэгіёнах краіны.
«Усяго тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі СК узбуджана 21 крымінальная справа па вышэйназваных фактах у Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Пінску, Полацку, Жлобіне, Лідзе, Салігорску, Баб­руйску, Слоніме, Ваўкавыску па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 293 (масавыя беспарадкі), ч. 2 арт. 363 (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязанае з прымяненнем насілля або пагрозай яго прымянення), арт. 364 (насілле альбо пагроза прымянення насілля адносна супрацоўніка органаў унутраных спраў), ч. 1 арт. 339 (хуліганства), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх)», – паведамілі ў Следчым камітэце.
Санкцыі па некаторых артыкулах прадугледжваюць пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Па падазрэнні ва ўчыненні злачынстваў затрыманы больш за 80 чалавек. Большасць з іх – маладыя людзі ва ўзросце 20-25 гадоў. Частка падазроных у момант затрымання знаходзіліся ў стане наркатычнага або алкагольнага ап’янення.
Следчыя сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў прадаўжаюць устанаўліваць асобы ўдзельнікаў незаконных масавых мерапрыемстваў. Будзе дадзена аб’ектыўная прававая ацэнка іх дзеянням.
«Вельмі важна разумець, што асобы, якія зацікаўлены ў масавых беспарадках, выкарыстоўваюць натоўп як своеасаблівы інструмент дасягнення сваіх мэт, улічваючы псіхалогію людзей і накіроўваючы іх стыхійныя паводзіны ў патрэбнае рэчышча. Я прашу не паддавацца на правакацыі і заклікі да парушэння грамадскага парадку. Праваахоўнымі органамі будуць прыняты ўсе меры для абароны канстытуцыйнага ладу», – адзначыў стар­шыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.

Добавить комментарий