Паберагчы пажылых людзей

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб здольнасці сістэмы аховы здароўя ў краі­­не паспяхова спраўляцца з існуючымі выклікамі, у тым ліку на фоне распаўсюджвання ў свеце каранавіруснай інфекцыі. Упэўненасць у гэтым ён выказаў на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй ­Качанавай, перадае карэспандэнт БелТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга скідаць з рахунку тэму вірусных хвароб. «Тым больш мы цяпер (гэта мае адчуванні, зыходзячы з лічбавага аналізу захваральнасці) знаходзімся на піку. Я ўжо малю бога, каб да Вялікадня гэты пік пайшоў уніз», – сказаў ён.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што на фоне барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса нель­га забываць, што ёсць шмат іншых катэгорый пацыентаў, якія не менш маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе. «У нас у сотні разоў больш смярцей ад іншых хвароб, чым ад вірусаў. Проста мы сканцэнтраваліся ўсе на гэтым. У нас ёсць хворыя і з анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, астматыкі, у нас ёсць проста людзі, якія хварэюць на пнеўманію, без усялякіх ускладненняў. І там смярцей у сотні разоў больш, чым ад гэтага каранавіруса», – адзначыў беларускі лідар.
Каб ацаніць сітуацыю, Аляк­сандр Лукашэнка ў тым ліку мае намер у бліжэйшы час прааналізаваць статыстыку смяротнас­ці ў Беларусі за першы квартал у параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў.
Прэзідэнт расказаў, што прасіў Наталлю Качанаву за мінулыя выхадныя асабіста разабрацца з сітуацыяй у Віцебску. «Вы ў мяне чалавек мужны. Сал­дат такі, што і ў выхадныя адпрацавалі ў праблемным рэгіё­не – роднай сваёй вобласці. Ваш пункт гледжання, што там адбываецца? Я не гавару, што там катастрофа нейкая. Проста Віцебская вобласць і па клімаце іншая, і крыху зрушыўся гэты пік захваральнасці. Так, былі і нейкія памылкі. Хацелася б гэта пачуць. Сёння там працуе мі­ністр аховы здароўя, я накіроўваў яго туды і спецыялістаў, каб яны звярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі вывады», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі са смерцю акцёра ў Віцебску, у якога раней дыяг­наставалі каранавірус, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пажылога мужчыны былі і іншыя спадарожныя захворван­ні. «Жонка здаровая (яна ж з мужам жыла), дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны. А ён, бедны, не вытрымаў. Паступіў з цяжкай пнеўманіяй, на ШВЛ ляжаў, ратавалі яго», – дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэс­ліў, што ў цяперашняй сітуацыі трэба старацца берагчы людзей пажылога ўзросту. «Не таму, што яны старыя, а таму, што ў іх імунітэт аслаблены. І другое – у іх букет хвароб». «Калі людзі гэтага не зразумеюць, мы нічога ў гэтым плане не зробім», – дадаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Прэзідэнт не з’яўляецца прыхільнікам масавай ізаляцыі. «Запіраць у гэтых тухлых кватэрах – гэта не метад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах, – упэўнены ён. – Адкрываецца шмат праблем, над якімі трэба працаваць, а не закрываць граніцу і заганяць людзей у дамы. Нас заўсёды вучылі, вы ж помніце: калі ВРВІ, грып і іншае, трэба на вуліцу выходзіць, дыхаць свежым паветрам, правет­рываць памяшканне».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, ізалюючы людзей у сваіх дамах і кватэрах, ніхто не ведае, здаровыя яны ці ўжо нечым заразіліся, і не толькі каранавірусам. «Вірус ходзіць. Ні вы не ведаеце, ні я. Я не рабіў тэст. І я не ведаю, перажыў я гэты вірус ужо на нагах ці не. Гэтак жа і там», – заўважыў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, у выніку людзі знаходзяцца ў сваёй закрытай кватэры ў атмасферы вірусаў і часта вельмі позна, ужо ў крытычным стане, паступаюць на лячэнне. «Таму я не разумею тых, хто сёння раіць ізаляваць, закрыць, перакрыць. Працаваць трэба, як мы гэта заўсёды рабілі, кропкава», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым у Беларусі ўжо вылечылі ад каранавіруса больш за сто чалавек. Ён падзякаваў за гэта ўрачам. «Гэтым урачам я хачу сказаць дзякуй. За тое, што яны знайшлі камбінацыю лякарстваў, каб вылечыць людзей. Малайцы! Але людзі самі, старыя перш за ўсё, павінны аб сабе паклапаціц­ца. Тыя, хто маладзейшыя, яны перабалелі ўжо і перанясуць гэты вірус. Нікуды мы ад гэтага не дзенемся. Але там, дзе трэба сябе засцерагчы ад небяспекі, трэба засцерагчы», – падкрэс­ліў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў, што апош­нім часам вельмі сур’ёзна ўзяў пад кантроль работу сістэмы аховы здароўя. «Сістэма створана. Сістэма павінна працаваць выключна як гадзіннік. Не магу сказаць, што яна не працуе», – адзначыў ён.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на недахопы ў рабоце медыкаў, маючы на ўвазе бесклапотнасць некаторых урачоў, якія, кантак­туючы з пацыентамі, не заўсёды прымаюць неабходныя меры засцярогі. «Вось у Віцеб­ску, ведаю, – урачы першага ўзроўню – тыя, хто ад некага заразіўся. Там больш за дзясятак. Яны, вядома, не праблемныя. Але ж мы адцягваем увагу на іх лячэнне. Гэтыя ўрачы павінны лячыць пацыентаў, а мы іх лечым. Яны, дзякуй богу, моцныя людзі. Але гэта нядобра, калі ўрач не звяртае ўвагі на элемен­тарныя меры», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі прымаюцца неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса. У тым ліку людзі, якія прыязджаюць з-за мяжы, ідуць на каранцін, усіх кантралююць пры ўездзе, прасочваюць усе кантакты тых, хто заразіўся. «Мы лечым там, дзе трэба іх лячыць. Але нельга людзей абмяжоўваць там, дзе іх нельга абмяжоўваць», – заявіў ён.
Прэзідэнт таксама спыніўся на тым, што маюць месца фэйкі і некаторы недавер да ўлады вакол тэмы каранавіруса. «Вось, улада некага падманвае… Слухайце, ну я не ведаю, навошта мне каго-небудзь падманваць. Я што, гэты вірус стварыў, каб нешта схаваць і людзям не паказваць? Я ж яго не ствараў», – адрэагаваў беларускі лідар.
У цэлым ён адзначыў, што сітуацыя кантралюемая і ніякай катастрофы: «У нас сёння лечац­ца і застаюцца ў бальніцы 80-90 чалавек. Мы спраўляем­ся з гэтымі людзьмі». Больш таго, апошнім часам у Беларусі выяўляліся і іншыя вірусы, якія распаўсюджваліся па свеце ў папярэднія гады.
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка сказаў, што, як і ў выпад­ку з іншымі падзеямі, вайна гэта, эпідэмія або пандэмія, з усяго трэба атрымліваць урокі на будучае. «Мы многаму вучым­ся. Я асабіста кантралюю некалькі працэсаў. Рана пра гэта гаварыць, але я ўжо людзям сказаў: настане час, я проста раскажу са сваіх назіранняў, спецыялісты скажуць, і мы людзям раскажам аб гэтых уроках. Але гэтыя ўрокі трэба атрымліваць. Калі сёння здарылася бяда ў эканоміцы і з хваробамі людзей, хто гарантуе, што заўтра горш не будзе», – заявіў Прэзідэнт.

Добавить комментарий