Беларусь выконвае рэкамендацыі СААЗ

Беларусь выконвае рэкамендацыі СААЗ

Беларусь у поўным аб’ёме выконвае рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя наконт процідзеяння распаўсюджванню каранавіруса. Сітуацыя з гэтым захворваннем у краіне застаецца кантралюемай. Аб гэтым заявіў у размове з карэспандэнтам БелТА міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.
Адказваючы на пытанне, ці выканала Беларусь рэкамендацыі, якія атрымлівала ад СААЗ, міністр сказаў: «Больш як хто іншы».
Паводле яго слоў, СААЗ падрыхтавала афіцыйную заяву наконт гэтага, у бліжэйшы час яна будзе распаўсюджана ў СМІ. «СААЗ піша, што цалкам падтрымлівае нашы намаганні і лічыць іх найбольш эфектыўнымі, што закрыццё граніц не з’яўляецца эфектыўнай мерай», — адзначыў Уладзімір Каранік.
Ён падкрэсліў, што сітуацыя з каранавірусам у Беларусі на гэты момант застаецца кантралюемай, ніякага ўсплёску захваральнасці няма. «За мінулыя суткі ні аднаго новага выпадку не было зафіксавана, і частка пацыентаў дадаткова рыхтуецца да выпіскі, таму што ў іх атрыманы першыя адмоўныя тэсты», — удакладніў кіраўнік міністэрства аховы здароўя.
Што датычыцца дадатковых мер, то цяпер гэта тэма абмяркоўваецца, у хуткім часе яны будуць прыняты. «Гэта будуць меры, накіраваныя на недапушчэнне завозу. Мы разумеем, што ў нашых суседзяў сітуацыя не вельмі добрая, таму мы дадаткова мінімізуем рызыку завозу да нас», — растлумачыў Уладзімір Каранік.

 

Добавить комментарий