«Веліч роднай мовы»

У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, кампанія А1 прадставіла новы праект, дзякуючы якому ў рамках ініцыятывы «Веліч роднай мовы» вясной 2020 года ў Магілёве і найбуйнейшых гарадах Беларусі – Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі і Мінску – з’явіцца серыя незвычайных мас­тацкіх інсталяцый. Гэта будуць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».
Манументальныя тэкставыя інсталяцыі стануць месцамі кам­фортнага адпачынку, бо фактычна ўяўляюць з сябе вулічную мэб­лю, вырабленую з дрэва і металу. Аўтар арт-аб’ектаў – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і зручна размяшчацца на скульптурных літарах.
Лакальныя асаблівасці кожнага з шасці рэгіёнаў будуць паказаныя праз колер інсталяцый – ідэя праекта грунтуецца на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў, распрацаванай выдатным дызайнерам, мастаком і паэтам Міхалам Анем­падыставым у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях найбуйнейшага беларускага этнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў розных рэгіёнаў Беларусі.
«З дапамогай арт-інсталяцый мы хацелі б падкрэсліць, што родная мова – гэта прыгожа і камфортна, а яе прысутнасць змяняе да лепшага ўсё вакол нас. А1 невыпадкова ўзялася за рэалізацыю такога праекта, бо прэзентацыя нацыянальных феноменаў і падтрымка беларускай мовы – адны з найважнейшых кірункаў дзейнасці нашай кампаніі. Зашыфраваўшы яе імя ў слове «МОВА», гэты прыярытэт мы вылучылі і візуальна. Калі ўсе арт-аб’екты будуць усталяваныя, плануем стварыць каля іх сетку бясплат­нага Wi-Fi ад А1», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.
У Магілёве інсталяцыя з’явіцца на Траецкай набярэжнай. Для яе падабрана спалучэнне зялёнага, блакітнага, жоўтага, чыр­вонага і чорнага. У гэтым каляровым пасланні зашыфраваны напамін пра культуру, духоўнасць і прыродныя краявіды Магілёўшчыны: дасягненні мясцовай школы дойлідства, культавыя пабудовы праваслаўных храмаў мінулых стагоддзяў, традыцыі іканапісу і разьбярства, з’яўленне аднаго з першых гарадскіх тэатраў краіны, стромкія берагі Дняпра.
«Чорны і чырвоны – базавыя колеры кожнага з арт-аб’ектаў, і яны будуць выкарыстаныя ва ўсіх гарадах. Астатнія адценні абсалютна розныя – яны падкрэсліваюць адметнасці кожнага рэгіёна. Усе колеры выбраны невыпадкова – пры распрацоўцы іх спалучэнняў уліч­валася мноства ўнікальных мясцовых асаблівасцей – напрыклад, прыродных: зелень паркаў Гомельшчыны, шэрань Палескіх балот, блакіт азёр Віцебшчыны і гэтак далей», ­– патлумачыў Павел Вайніцкі.
«Праект закліканы папулярызаваць родную мову, па-новаму раскрыць семантыку беларускага слова з дапамогай арт-­аб’ектаў. Яго ўнікальнасць – у спалучэнні ўтылітарнай і мастацкай функцый трохмерных інсталяцый. Асобна варта адзначыць вялікі турыстычны патэнцыял праекта для ўсіх гарадоў, дзе кам­пазіцыі будуць усталяваныя», – адзначыў ініцыятар праекта «Веліч роднай мовы» Захар Дудзінскі.

Добавить комментарий