Агонь II Еўрапейскіх гульняў даставілі ў Мінск

Эстафета «Полымя міру» II Еўрапейскіх гульняў прыбыла 17 чэрвеня на плошчу Дзяржаўнага сцяга ў Мінску, перадае карэспандэнт БелТА.
На заключным адрэзку маршруту ў эстафеце прынялі ўдзел чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар’я Домрачава, алімпійскі чэмпіён у веславанні на каноэ Аляксандр Багдановіч і чэмпіёнка свету па лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава.
Праслаўленыя спартсмены ўнеслі агонь на плошчу Дзяржаўнага сцяга, дзе яго сустрэлі каля 2 тыс. удзельнікаў маляўнічага шоу і гледачоў святочнага канцэрта.
Факел II Еўрапейскіх гульняў быў перададзены старшыні Мінгарвыканкама Анатолю Сіваку, выконваючаму абавязкі першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктару Лукашэнку і міністру спорту і турызму Беларусі Сяргею Кавальчуку. Агонь быў запалены ў спецыяльнай чашы на плошчы Дзяржаўнага сцяга, а пасля трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе, удзельнік эстафеты Алімпіяды-80 Аляксандр Мядзведзь перадаў факел сучаснаму пакаленню беларускіх спартсменаў: самбісту Сцяпану Папову, бягунні Эльвіры Герман і марафонцы Вользе Мазуронак.
Мэр Мінска, звяртаючыся да гледачоў і спартсменаў, адзначыў, што сталіца Беларусі сардэчна сустракае гасцей з усёй Еўропы. «Мінск прымае галоўны сімвал маючых адбыцца II Еўрапейскіх гульняў — «Полымя міру». Для нас вялікі гонар і радасць прымаць спартсменаў і балельшчыкаў у сталіцы Беларусі з усяго Еўрапейскага кантынента. Мы пастараемся стварыць сапраўднае свята, якое будзе напоўнена яркімі эмоцыямі. Фінальны маршрут эстафеты дасць магчымасць паказаць самыя маляўнічыя куткі Мінска, пазнаёміць з яго добразычлівымі жыхарамі», — сказаў Анатоль Сівак.
На плошчы Дзяржаўнага сцяга адбыўся святочны канцэрт, удзел у якім прынялі многія вядучыя артысты Беларусі. Папулярны спявак Іван Вабішчэвіч і ўдзельніца дзіцячага конкурсу «Віцебск-2019» Ксенія Галецкая выканалі песню «Пламя мира».
У Мінску ў першы дзень факел пранеслі па праспекце Пераможцаў. У эстафеце прынялі ўдзел вядомыя прадстаўнікі культуры і спорту: Любоў Чаркашына, Камандар Маджыдаў, Мікалай Алёхін, Уладзімір Гасцюхін, Анатоль Ярмоленка, Валерый Дайнэка, Ядвіга Паплаўская, Вольга Мазуронак, Сяргей Мартынаў, Таццяна Лядоўская, Сяргей Макаранка, Наталля Цылінская. Агонь II Еўрапейскіх гульняў убачаць на самых вялікіх прадпрыемствах Мінска, галоўных праспектах, запланавана наведванне паркаў, славутых мясцін горада і Вёскі спартсменаў. Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» ў час цырымоніі адкрыцця спартыўнага форуму.

Добавить комментарий