Эстафету агню ІІ Еўрапейскіх гульняў сустрэлі ў “Барысаў-Арэне”

Прыняў эстафету агню «Полымя міру» II Еўрапейскіх гульняў стадыён «Барысаў-Арэна», паведамляе карэспандэнт БелТА.
Эстафета прыбыла на стадыён у 10.00. Факеланосцамі сталі галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага, экс-паўабаронца БАТЭ Аляксандр Глеб, паўабаронца «Тарпеда-БелАЗ» Андрэй Хачатуран і шоўмен Вадзім Галыгін, якія пасля завяршэння цырымоніі правялі майстар-клас для юных футбалістаў.
Далей «Полымя міру» прадоўжыла свой шлях у Жодзіна.
Агонь II Еўрапейскіх гульняў запалены 3 мая ў Рыме ў комплексе Ara Pacis Museum, дзе знаходзіцца знакаміты помнік архітэктуры Арка міру. Затым беларускія альпіністы паднялі факел на найвышэйшую кропку Еўропы гару Манблан. У Еўропе «Полымя міру» наведала Славенію, Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію, Славакію і Польшчу. У Беларусі эстафета агню пабывала ў Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях.
У Мінску «Полымя міру» сустрэнуць 17 чэрвеня на плошчы Дзяржаўнага сцяга. У той жа дзень факел пройдзе па праспекце Пераможцаў, 18 чэрвеня — па праспекце Незалежнасці. 19 чэрвеня ўдзельнікі эстафеты накіруюцца на мінскія прадпрыемствы. Плануецца наведванне паркаў і выдатных мясцін горада, удзел у цырымоніі прывітання атлетаў у Вёсцы спартсменаў. Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» — у час цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў бу­дзе запалены агонь форуму.

Добавить комментарий