Беларускую граніцу перасеклі першыя балельшчыкі

10 чэрвеня пачаў працаваць бязвізавы рэжым для балельшчыкаў II Еўрапейскіх гульняў. Першыя перасеклі ўжо беларускую граніцу — праз аўтадарожны пункт пропуску «Брэст» у краіну прыбыла сям’я з Германіі, паведамілі БелТА ў Дзяржаўным пагранічным камітэце.
Паводле апошніх даных, пагранічнікі аформілі больш за 70 іншаземцаў па білетах на спартыўныя мерапрыемствы Гульняў. Амаль палову з іх склалі грамадзяне Францыі.
Найбольш папулярнымі сярод гасцей II Еўрапейскіх гульняў з’яўляюцца аўтамабільны і чыгуначны напрамкі, а вось удзельнікі (усяго па стане на поўдзень 10 чэрвеня беларускую граніцу перасеклі амаль 100 чалавек) у абсалютнай большасці аддаюць перавагу авіяцыйнаму.
Удзельнікаў і гасцей Гульняў у пунктах пропуску афармляюць у прыярытэтным парадку па асобных каналах, абазначаных лагатыпам спаборніцтваў.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш як 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыг­раюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Добавить комментарий