«Доблесць і майстэрства»


На палігоне Лосвіда завяршыліся выпрабаванні на права ўзнагароджання ваеннаслужачых нагрудным знакам «Доблесць і майстэрства». Упершыню ў гісторыі Узброеных Сіл Беларусі ўзнагароду атрымала дзяўчына-ваеннаслужачая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства абароны. Наталля Анішчук — старшы механік-тэлеграфіст гвардыі, малодшы сяржант кантрактнай службы з 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Дзяўчына на працягу чатырох дзён нараўне з мужчынамі праходзіла ўсе выпрабаванні і ўвайшла ў лік 19 удзельнікаў, якія паспяхова пераадолелі шматлікія перашкоды. Практычна на ўсіх сямі этапах Наталля Анішчук атрымала адзнакі «выдатна». Цяпер яна па праву будзе насіць на кіцелі знак «Доблесць і майстэрства» — сімвал мужнасці і гонару, пашаны і павагі таварышаў па службе. У рэжыме нон-стоп удзельнікі выпрабаванняў здавалі каля 40 тэстаў і нарматываў па прадметах баявой і спецыяльнай падрыхтоўкі. У разлік таксама бралі вынікі агнявой, тапаграфічнай, паветрана-дэсантнай, ваенна-медыцынскай, радыё- і інжынернай падрыхтоўкі, РХБ аховы. Праводзілася дэсантаванне з верталёта, рух па азімутах па перасечанай мясцовасці і 30-кіламетровы марш-кідок, пошук аб’екта. Фінальны дзень выпрабаванняў пачаўся з інжынернай падрыхтоўкі. Удзельнікам трэба было падарваць канструкцыю, вызначаную жэрабем. З гэтым выпрабаваннем Наталля Анішчук таксама справілася на выдатна. Пасля стральбы з пісталета, гранатамёта, снайперскай вінтоўкі і кулямёта было арганізавана заключнае выпрабаванне. Неабходна было пераадолець складаную дыстанцыю з паласой перашкод, воднай перашкодай і спарынгамі па рукапашным баі. Напярэдадні практычнага этапу Наталля Анішчук падзялілася эмоцыямі і расказала аб матывацыі. «Калі мне прапанавалі прайсці выпрабаванні на знак «Доблесць і майстэрства», я вырашыла, што гэта не для дзяўчат. Цяжка і складана. Але потым, калі было прынята рашэнне ўдзельнічаць, пачалася доўгая падрыхтоўка. Стала цікава: змагу ці не? Захацелася даказаць, што мы зусім не горшыя за мужчын-ваеннаслужачых. На шчасце, усё атрымалася», — адзначыла яна.
https://blr.belta.by/society/view/upershynju-u-gistoryi-us-belarusi-znakam-doblests-i-majsterstva-uznagarodzhana-dzjauchyna-78540-2019/

Добавить комментарий