Спецпалосы для транспарту II Еўрапейскіх гульняў

Спецыяльныя палосы для транспарту II Еўрапейскіх гульняў вы­дзеляць на праспектах Дзяржынскага і Пераможцаў, а таксама на вуліцы Няміга. Аб гэтым у прэс-цэнт­ры выдавецкага дома «Беларусь сёння» заявіў начальнік упраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Вадзім Гаркун, перадае карэспандэнт БелТА.
Вадзім Гаркун адзначыў, што па патрабаванні арганізатараў II Еўрапейскіх гульняў спарт­смены ад месцаў пражывання да месцаў правядзення спаборніцтваў павін­ны быць дастаўлены не больш як за 20 хвілін. «Сумесна з зацікаўленымі ДАІ распрацавала маршруты, пралічыла нагруз­кі. У выніку прыйшлі да высновы, што выдзяленне палос неабходна на пр.Дзяржынскага, вул.Няміга і пр.Пераможцаў», — сказаў начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Палосы будуць выдзелены суцэльнай лініяй з вялікай літарай «А». Таксама будзе размешчаны сімвал II Еўрапейскіх гульняў.
Акрамя таго, на час правя­дзення зменіцца схема арганізацыі дарожнага руху, у першую чаргу на пр.Дзяржынскага. «Частка левых паваротаў па напрамку руху з боку кальцавой у бок вул.Няміга і пр.Пераможцаў будзе закрыта», — праінфармаваў Ва­дзім Гаркун. Ён удакладніў, што размова ідзе аб вуліцах Голубева, Уманскай, Ясеніна, Шчорса, Хмялеўскага. Зробяць гэта для таго, каб павялічыць прапускную здоль­насць у прамым напрамку да спартыўных аб’ектаў. Паварочваць налева вадзіцелі змогуць, напрыклад, на бліжэйшых шматузроўневых развязках.
Начальнік сталічнай ДАІ звярнуў увагу, што на момант правя­дзення гульняў уязджаць на пр.Пераможцаў з вул.Няміга можна будзе толькі транс­парту, які задзейнічаны для забеспячэння спаборніцтваў.
Змяненні ў арганізацыі руху пачнуць дзейнічаць не ў дзень пачатку гульняў, а за тыдзень, каб усе паспелі прывыкнуць.
На кожным скрыжаванні па маршруце руху спецыяльнага транспарту будуць дзяжурыць супрацоўнікі ДАІ. Акрамя таго, Дзяржаўтаінс­пекцыя зможа апасродкавана кантраляваць сітуацыю праз відэарэгістратары на такіх аўтобусах і машынах. У той жа час Вадзім Гаркун падкрэсліў, што ДАІ не ставіць у аснову строгі кантроль за тым, як выкарыстоўваюцца палосы для спецтранспарту. Ён заклікаў мінчан быць гасціннымі і паважаць тых, хто прыедзе ў сталіцу на спартыўны форум.
II Еўрапейскія гульні прой­дуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш як 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 ­відах спорту.

Добавить комментарий