Шчырая размова аб нашым жыцці

 

 

Менавіта так можна, без перабольшання, назваць фармат дыялогу Прэзідэнта нашай краіны з журналістамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнас­ці і экспертамі, які доўжыўся больш за сем гадзін. «Вялікая размова з Прэзідэнтам» сабрала больш за дзвесце ўдзельнікаў, пытанні задаваліся і ў жывым, і ў інтэрактыўным фармаце. Гаварылі аб усім: аб незалежнасці, аб бяспецы, аб палітыцы, аб бізнесе, аб зарплатах і пенсіях, аб жыллі, аб адукацыі, аб мове, аб спорце, аб музыцы, аб жанчынах… Здаецца, падчас гутаркі не засталося без увагі ніводнай актуальнай тэмы.

 

Аляксандр Лукашэнка павітаў прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ і экспертнай супольнасці і звярнуў увагу на тое, што ў размове належыць даць аб’ектыўную ацэнку ў адносінах да самых гучных тэм, якія асабліва хвалююць грамадства. Паводле яго слоў, усё, што прагучыць у зале, стане асновай для падрыхтоўкі важнай для краіны падзеі – штогадовага Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, нягледзячы на моцнае развіццё медыйнай прасторы, зараз адчуваецца дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам аўдыторыі. Адна з прычын – так званыя фэйкавыя навіны, лічыць кіраўнік дзяржавы. «Яны імгненна распаўсюджваюцца, захопліва­юць аўдыторыю, бударажаць думкі. Потым, вядома, абвяргаюцца, але градус напружання ў грамадстве не падае, – сказаў ён. – І вы ведаеце, што там, дзе размова ідзе пра вялікую палітыку, небяспека ад падобнага роду інфармацыйных укідаў павялічваецца шматразова».

Роля фактару, які стрымлівае, або процівагі тут дадзена аўтарытэтным выданням і журналістам, якія яшчэ выконваюць законы прафесійнай этыкі і нормы маралі, паважаюць сваю аўдыторыю і імкнуцца ў сваёй рабоце да дакладнасці і максімальнай аб’ектыўнасці. Такіх, праўда, застаецца ўсё менш, але яны ў нас ёсць, сказаў Прэзідэнт. «Вельмі хацелася б, каб і СМІ, якія пазіцыянуюць сябе як незалежныя, і эксперты, якія ацэньваюць падзеі і ствараюць пэўны фон іх успрымання, адчувалі мяжу дапушчальнага. Мяжу, за якой парушаецца раўнавага ў грамадстве. Разумелі адказнасць за кожнае сказанае слова. Таму што мір і парадак у краіне не вартыя прафесійных амбіцый», – выказаў сваю думку Аляксандр Лукашэнка, настройваючы прысутных такім чынам на канструктыўны дыялог.

 

Аб Саюзнай дзяржаве

і незалежнасці

Адказваючы на пытанне ад прадстаўніка радыёстанцыі «Говорит Москва», Прэзідэнт у чарговы раз падкрэсліў, што Беларусі і Расіі наканавана быць разам. «Нават калі наш старэйшы брат, ну, не вельмі такі-сякі і гэтак далей. Ну, братоў жа не выбіраюць. І ў нас мора недахопаў. Мы таксама не заўсёды, ведаеце, пушыстыя і беленькія. Таму гэта жыццё, да гэтага трэба спакойна ставіцца, але мы павінны быць разам», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён вітаў рост увагі расійскага кіраўніцтва да лёсу Саюзнай дзяржавы: «Нарэшце вы ўбачылі саюзны праект, нарэшце вы хвалявацца пачалі і нарэшце вы заклапаціліся Саюзнай дзяржавай». Пры гэтым Прэзідэнт выказаў здзіўленне, чаму ў Расіі толькі праз два дзесяцігоддзі вярнуліся да Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дакумент прапісваў правя­дзенне рэферэндуму аб Канстытуцыйным акце СД, які прадугледжваў урэгуляванне ўсіх пытанняў – ад агульнай валюты да органаў кіравання. Паводле яго слоў, у той час з дапамогай Дагавора аб СД можна было вырашыць многія пытанні. «І можа быць, мы ўжо сёння жылі б у нейкай форме нейкай дзяржавы. Ну, можа, не федэрацыі, а канфедэрацыі, яшчэ нейкі саюз бы прыдумалі. Можа, па прынцыпе Еўрапейскага саюза, валюта была б у нас агульная і г. д. і да т. п.».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Расія – не толькі дзве родныя краіны, краіны завязаныя эканамічна. «Ведаеце, калі я вызначаўся на досвітку нашай незалежнас­ці, з кім быць і як быць, шмат у чым лёс нашай дзяржавы і маю палітыку абумовіла тое, што мы не толькі як лю­дзі завязаныя паміж сабой – мы родныя. Але пад гэта ўвесь эканамічны базіс быў падведзены. Наша эканоміка была фінішнай высокатэхналагічнай вытворчасцю, і мы пералапачвалі надмерна вялікую колькасць рэсурсаў, камп­лектуючых і іншае з Расійскай Федэрацыі перш за ўсё. Потым усё гэта ішло на экспарт. У тым ліку і два нафтаперапрацоўчыя заводы, якія былі пабудаваны менавіта для перапрацоўкі нафты і распаўсюджвання гатовых нафтапрадуктаў на вельмі прэміяльны еўрапейскі рынак. Мне трэба было захаваць, аднавіць гэтыя заводы, каб людзі працавалі, атрымлівалі хоць нейкую заработную плату і кармілі свае сем’і. Многія фактары мяне падштурхнулі да таго, каб мы мелі вось такія цесныя саюзніцкія адносіны з нашай брацкай Расіяй», – сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ёсць два расійскія ваенныя аб’екты. Расія нічога не плаціць беларускаму боку за іх размяшчэнне. Літаральна праз год трэба заключаць новае пагадненне. «Мы з вас капейкі і надалей не возьмем, нават калі вы падатковы манеўр не адрэгулюеце, хай будуць у вас гэтыя грошы, таму што гэта агульная наша бяспека», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, калі абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб падставіць плячо Беларусі ў плане некаторых відаў узбраення, расійскі бок кажа, што гэта дорага і немагчыма. «З намёкам – трэба ку­піць. На што я публічна сказаў: «Вы, што, хочаце, каб я купіў у вас аўтамат Калашнікава, каб вас абараняць? Калі ў вас магчымасцяў больш, падтрымайце зараз беларускую армію». У рэшце рэшт прынялі рашэнне, будзем купляць, што зробіш, я маю на ўвазе самалёты», – адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра беларуска-расійскую інтэграцыю, заклікаў вырашаць у першую чаргу такія надзённыя пытанні. «Нам нельга загубіць тое, што доб­ра. У нас хапае праціўнікаў, а можа, нават ворагаў, – сказаў ён. – Гэта патэтыка, напэўна, але мы з вамі адказваем за славянскі свет, славянскую цывілізацыю. І калі мы загубім гэта, нашым дзецям будзе цяжка».

«Ніякіх замашак з боку, па меншай меры, Прэзідэнта Расіі, што Беларусь трэба інкарпараваць ці ўключыць у склад Расіі, я ні разу не чуў, нават настрою такога не было. Няма ніякіх намераў у велізарнай краіны паглынуць Беларусь», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што за час, які прайшоў пасля развалу Савецкага Саюза, вырасла пакаленне, якое прывыкла жыць у незалежнай дзяржаве. Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як шмат хто ў Расіі кажа, пра ўключэнне Беларусі ў склад Расіі, 90 працэнтаў прагаласуюць супраць. «Вырасла новае пакаленне, ды і старое зразумела, што мы можам жыць і супрацоўнічаць зусім у іншай форме, як родныя, блізкія. І беларусы сёння хочуць быць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры. Што ў гэтым дрэннага?» – дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што расіяне, у сваю чаргу, абсалютна не баяцца любых інтэграцыйных структур і «гатовыя хоць заўтра да аб’яднання». «Я жартам кажу, вось давайце ў склад Беларусі ўключым Расію. Думаеце, што, калі б мы сур’ёзна паставілі гэтае пытанне, расіяне былі б супраць? Не. А чаго ім баяцца?» – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што расійскі бок, на жаль, не заўсёды гатовы прытрымлівацца прынцыпу раўнапраўя ў пабудове саюзніцкіх адносін.

Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным перш за ўсё наладзіць больш эфектыўную працу дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы.

«Перастаньце нас вінаваціць у нахлебніцтве. Мы ў вас ніколі не былі нахлебнікамі і не будзем. Калі народ гэта чуе, асабліва я, самалюбівы чалавек, мне не хочацца ніякіх саюзаў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Расія выдала Беларусі крэдыт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад 4,8 %, а В’етнаму – менш чым пад 3 %, Арменіі – таксама менш чым пад 3 %. «Чаму? – задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. – Вось нядаўна мы вярнулі Грэфу (старшыня праўлення Ашчаднага банка Расіі. – «Зв.») крэдыт, які выдалі пад паручыцельства «Беларуськалія» пад 9 працэнтаў на суму каля 600 мільёнаў долараў. Мы спрабавалі дамовіцца: час прайшоў, працэнты ўпалі. Давайце дамовімся на тых умовах, як нам «ворагі» нашы заходнія крэдыты выдаюць, – пад 2 працэнты, або КНР – таксама пад 2 працэнты. Нам адмовілі, тады я даручыў ураду неадкладна адшукаць сродкі, аж да золатавалютных рэзерваў, і вярнуць банку гэтыя грошы».

«Што банк выйграў? Ён размя­шчаў, атрымліваў працэнты. Вы выдалі нам крэдыт і кожны дзень кажаце, што мы далі крэдыты гэтым нахлебнікам. Дык мы 1 мільярд у год плацім па ўсіх працэнтах. Амерыканцы даюць Расіі 10 мільёнаў долараў за тыя 200 мільярдаў долараў, ці колькі вы там захоўваеце. І потым, пад які працэнт Расія ў Амерыцы трымае свае мільярды долараў? Менш за 1 працэнт», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«За якое пытанне ні вазьміся, куды ні кінь – усюды клін. І спецыя­лісты, і кіраўніцтва нашай краіны гэта ведаюць, але мы не апускаем народ у гэта. Гэта нашы пытанні, мы павінны іх вырашаць, але выра­шаць іх трэба, яны ляжаць на паверхні», – працягнуў ён.

Закранаючы актуальную тэму цаны на расійскі прыродны газ для Беларусі, Прэзідэнт заўважыў: «На гэты год мы па прыродным газе дамовіліся, наступны год – гэта яшчэ адна баталія аналагічна падатковаму манеўру. Пакуль ніякіх рухаў з боку Расіі, колькі мы ні прапануем у рамках нашых дамоўленасцяў, не ідуць нават на перагаворы. Гэта няправільна».

(Заканчэнне. Пачатак на 1-й стар.)

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі не пат­рэбен танны газ. «Нашы БелАЗ, МАЗ, МТЗ, нашы людзі павінны быць у роўных умовах з расіянамі. «Гэта аксіёма, ад гэтага нікуды не дзенешся, на гэтым будуюцца ўсе саюзы», – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. «Нам не трэба нічога таннага, мы не хочам жыць за кошт расіян, мы хочам працаваць з вамі ў адной эканамічнай і гандлёвай прасторы на роўных умовах. Па 60 долараў рэсурсы – добра, па 200 долараў – добра, давайце па 200 долараў. Але канкурэнцыя павінна быць сумленнай і справядлівай, калі мы гатовыя будаваць нашы саюзныя адносіны, вось у чым уся праблема», – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца выдзялення расійскага крэдыту, то гаворка ішла аб магчымасці рэфінансавання доўгу на 600 мільёнаў долараў. «Але калі ўжо вельмі цяжка і немагчыма (для расійскага боку. – «Зв.») – на каленях поўзаць не будзем, як-небудзь разбяромся. Я не думаю, што гэта будзе для нас велізарная праблема. Тым больш што неяк наладжваюцца адносіны з заходнімі дзяржавамі, яны крэдытуюць нас у прыстойных аб’ёмах», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Расійскі палітычны эксперт Сямён Уралаў, шэф-рэдактар медыяпляцоўкі «СОНАР 2050», расказаў, што ўдзельнікі праекта, які пазіцыя­нуе сябе як фабрыка саюзных думак, прыйшлі да цікавых высноў наконт пакаленняў, якія сацыёлагі абазначаюць літарамі Y і Z. «Яны сапраўды інакш арыентаваныя, па-першае, у сілу суверэннага развіцця, але і з-за глабальнай ідэнтычнасці, бо фільмы, якія яны глядзяць, не нашы, яны арыентуюцца на іншыя гаджэты, на камп’ютарныя гульні і іншае.

Гэтае пакаленне арыентуецца ўжо не столькі на сродкі масавай інфармацыі, колькі на новую з’яву ХХІ стагоддзя – масавыя камунікацыі. Гэта блогеры, ютуб-каналы, тэлеграм-канал. І вось, што ў Расіі, што ў Беларусі, менавіта сродкі масавай камунікацыі ў многім стаяць з аднаго боку на антыдзяржаўнай пазіцыі… Яны канкрэтна парушаюць нашу бяспеку… І нашу саюзную ідэнтычнасць».

У сувязі са сказаным эксперт спытаў: «Што мы можам пакласці ў фундамент новай саюзнай ідэнтычнасці пакаленняў Y і Z?»

«Нягледзячы на тое што гэта новае пакаленне, асаблівае, іншае, не кажу – добрае або кепскае… І ў нас, і ў вас кажуць: добрая ў нас моладзь, але яна іншая. Я думаю, што мы яшчэ не ведаем, якая гэта моладзь. Гэта пакаленне толькі з’явілася, і павінна прайсці шмат часу, каб даць яму ацэнку. У любым пакаленні ёсць і добрыя, і кепскія тэндэнцыі. Пакуль аб’ядноўвае гэта пакаленне і ў нас, і ў вас у Расіі адно: яны разумеюць, што беларусы і расіяне – блізкія, браты. І гэта добра. Канешне, ёсць група людзей, якія думаюць інакш. Але ў цэлым гэта ўласціва і вашаму, і нашаму пакаленню Y і Z», – адказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца сродкаў масавай інфармацыі, то расіяне ў Беларусі не адчуюць, што знаходзяцца за мяжой. Бо тут транслююцца ўсе расійскія СМІ. «Вы «прастрэльваеце» Беларусь і трапляеце практычна да Берліна сваімі СМІ. А якія вы ведаеце беларускія СМІ, якія «праст­рэльваюць» Расію да Уладзівастока?» – задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт успомніў гісторыю з трансля­цыяй беларускага канала «Беларусь 24», сіг­нал якога прымаюць у глыбінцы, але ў Маск­ве патрабуюць за гэта вялізныя грошы. У гэтай сувязі добра, што ў новага пакалення ёсць магчымасць глядзець і чытаць пра Беларусь у інтэрнэце, заўважыў кіраўнік дзяржавы.

 

Пра магчымасці для бізнесу

і дабрабыт людзей

Напярэдадні «Вялікай размовы» БелТА правяло акцыю, дзе прапанавала грама­дзянам самім задаць пытанне Прэзідэнту. У рэдакцыю прыйшло больш за 2000 пытанняў. Яны закранаюць і працаўладкаванне, і цэны, і іншыя тэмы. Частка з іх ужо перададзена ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Карэспандэнт БелТА прапанаваў прааналізаваць іх мясцовым уладам.

Каментуючы пытанне наконт павышэння ўзроўню дабрабыту насельніцтва, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прыкладу Оршы. Ён нагадаў, што спачатку не ўсё ішло гладка, але мэта была выпрацаваць узор, які магчыма распаўсюдзіць на іншыя буйныя гарады, дзе жыве каля 100 тысяч чалавек.

Акрамя таго, ён адзначыў пэўную крытыку з боку грамадзян наконт праекта з гарадамі – спадарожнікамі сталіцы. Пакуль што больш заўважна, што Мінск толькі працягвае пашырацца. Аляксандр Лукашэнка пад­крэсліў, што такую ідэю нельга ажыццявіць у ­адзін момант, яна рэалізуецца паступова.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзяржава зрабіла шмат для таго, каб чалавек мог за­рабляць для сваёй сям’і. Беларусь – транзітная краіна. У Захаду і Усходу няма іншых артэрый. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў больш развіваць сферу паслуг, тыя ж пункты харчавання ці рамонт аўто. «Трэба варушыцца, каб у беларуса прадпрымальніцкая жылка прачыналася», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, у нас свабоды для прадпрымальніцтва дадзена нават больш, чым у іншых краінах.

Таксама Прэзідэнт паведаміў, што разглядаецца магчымасць амністыі капіталу. «Мы вывучаем гэтую праблему. Параімся цяпер з нашымі прадпрымальнікамі і бізнесменамі. У мяне гэтая тэма на стале», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што рашэнне будзе прымацца ўзважана, у залежнасці ад патэнцыйнага станоўчага эфекту. «Калі мяне пераканаюць дзелавыя колы, што гэта трэба зрабіць і гэта прынясе жаданы эфект, мы на гэта пойдзем», – адзначыў Прэзідэнт.

Канкрэтная схема амністыі капіталу ў Беларусі пакуль не прапрацоўвалася. Але калі рашэнне аб яе правядзенні будзе прынята, то на выгадных для бізнесу ўмовах, не горш, чым у Расіі. «Хутчэй за ўсё, гэта будзе проста вяртанне, легалізацыя грошай. Магчыма, нават без выплаты працэнтаў або за сімвалічныя працэнты», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пазней у ходзе гутаркі прагучала пытанне ад Яраслава Раманчука, ці лічыць кіраўнік дзяржавы, што за апошнія тры гады беларусы сталі гатовыя да рэформаў, якія неабходныя нам для эканамічнага росту? Таксама эканаміст прапанаваў зрабіць лакаматывам рэгіёнаў вялікі і сярэдні бізнес, але сказаў, што трэба перастаць іх «кашмарыць» з боку сілавых структур. Ці надышоў час змяніць парадак прыняцця эканамічных рашэнняў, каб разняволіць бізнес?

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што эканамічна нельга быць абсалютна незалежным, бо заўсёды трэба весці гандаль і нешта набываць у іншых краін. Гэта характэрна для любой дзяржавы, нават Расіі. «Што датычыцца свабоды, я ўжо не ведаю, якая тут свабода пат­рэбна для таго, каб сёння працаваць і зараб­ляць. Я гляджу на «Контэ», «Санта Брэмар». Хай яны не алігархі, не супербагатыя, але яны як бізнесмены вядуць сваю справу ў Беларусі, маюць свой дастатак», – адказаў Прэзідэнт. На яго думку, у нашай краіне ўжо дастаткова магчымасцяў для бізнесу. «Што датычыцца сілавікоў, тут вы перабольшваеце, што яны прымаюць рашэнні па эканамічных пытаннях», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Машэнскі, генеральны дырэктар кампаніі «Санта Брэмар», працягнуў размову пра становішча бізнесу ў Беларусі. Ён запрасіў Прэзідэнта ўзяць удзел у абмеркаванні з прадпрымальнікамі найбольш актуальных пытанняў. Бізнесмен выказаўся і пра сельскую гаспадарку: «Першы калгас, у які мы пайшлі з інвестыцыямі – гэта каля 40 мільёнаў долараў, – толькі зараз, пасля 10 гадоў, пачаў даваць аддачу. Цяпер мы гатовыя да наступнага кроку».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і бізнесу трэба вучыцца: з сотняў тых, хто пачынае сваю справу, адзінкі становяцца паспяховымі бізнесменамі.

Ён падкрэсліў, што пайсці на неадкладную прыватызацыю нельга з-за таго, што гэта парушыць грамадскі баланс. Так было ў Расіі. «Усё трэба рабіць своечасова. Акуратна. Кропкава. Увесь час размаўляць з людзьмі, паказваць, што іншага шляху няма», – сказаў беларускі лідар.

Ён працягнуў тэму падтрымкі дзяржавай беларускіх прадпрыемстваў, якую закрануў Яраслаў Раманчук. «Калі аказваецца падтрымка, вывучаюцца ўсе нюансы і дэталі, – запэўніў кіраўнік дзяржавы. – Кожны праект узважваецца, зацвярджаецца Прэзідэнтам. Так, нагрузка, так, можа, не прэзідэнцкая справа, але куды падзецца. Мне галоўнае, каб быў вынік, каб эканоміка ўстала на ногі».

Ён прывёў у прыклад падтрымку баранавіцкага прадпрыемства, дрэваапрацоўчай прамысловасці, «Гомельшкла», праграму па адраджэнні вёскі. «Так, укладалі ў сельскую гаспадарку, і нямала. Можа быць, яшчэ і не ўсе эфектыўна працуюць, але галоўную праб­лему вырашылі – сёння не ходзім з працягнутай рукой і ні ў кога хлеба не просім для нашага народа, – апеляваў Аляксандр Лукашэнка. – Любы праект трэба ўзважваць».

Ён запэўніў, што ніколі не дапусціць, каб сілавыя ведамствы ўмешваліся ў работу бізнесу. «Нідзе ніколі не заяўляй па-папулісцку, што ў нас сілавікі верхаводзяць тут ва ўсіх справах, асабліва ў эканоміцы, – звярнуўся Прэзідэнт зноў да Яраслава Раманчука. – Яны абараняюць дзяржаву. І дай божа любому такіх сілавікоў. Гэта людзі Прэзідэнта, адказныя перад ім. У мяне няма тут сяброў. Увогуле ва ўладзе ў мяне сяброў няма».

 

Пра выбары і транзіт улады

Прадстаўнік Беларускага радыё нагадаў, што раней Аляксандр Лукашэнка казаў, што ўлада ў найбліжэйшы час будзе здаваць экзамен. Якую адзнаку ён чакае?

Кіраўнік дзяржавы адказаў, што ў сакавіку – красавіку бу­дзе прынята рашэнне аб тэрмінах правядзення парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. І гэта экзамен для ўсіх. «Усе бу­дзем здаваць экзамен. І перад народам даваць справаздачу», – падкрэсліў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што ўлада яго вытрымае, але трэба дзейнічаць сумленна, у тым ліку з боку СМІ.

А карэспандэнт «Радыё «Свабода» Валянцін Жданко спытаў Прэзідэнта, які са шляхоў транзіту ўлады яму найбольш імпануе, які, на яго думку, найбольш карысны для краіны. «Абяцаю вам, што на той свет мяне з прэзідэнцкага крэсла не панясуць, – адказаў Аляксандр Лукашэнка. – Другое: я вам абяцаю, што дзеля сваіх дзяцей не буду тры­маць уладу і перадаваць яе па спадчыне. Няма такога жадання ў дзяцей, гэта першае. Ні ў аднаго з іх, нават у самага малодшага, хоць да прэзідэнцтва яму 20 гадоў. Не перажывайце за гэта. Няма ў мяне такой мэты – па спадчыне перадаць уладу».

Наша краіна не пампуе нафту, у нас пасада Прэзідэнта – гэта вельмі цяжкая пасада, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «Не кажу, што я пакутую, гэта маё, асабістае. Бывае, пакутую, бывае, радуюся, але я цаню тое, што мяне некалі абралі першым Прэзідэнтам Беларусі», – прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

З нагоды меркавання пра тое, што інтарэсам захавання ўлады адпавядае ідэя аб’яднання Беларусі і Расіі, ён сказаў: «Публічна вам заяўляю: на тое, каб загубіць краіну дзеля асабістых амбіцый, ніколі не пайду. Гэта зна­чыць перакрэсліць усё тое, што рабіў на працягу двух дзясяткаў гадоў. Таму трэба супакоіцца  ў  гэтым  плане. Я не збіраюся сваё палітычнае жыццё працягваць за кошт нейкіх палітычных выкрутасаў або канфігурацый. Або ажыццяўляць транзіт ад сябе да сябе. Ні ў якім разе».

Усё будзе згодна з нашымі законамі, запэўніў Прэзідэнт. «Адзінае, як мне зараз падаецца: я не змагу не вылучыць сваю кандыдатуру на пост Прэзідэнта. Я зараз так думаю. Можа ж змяніцца здароўе, іншае, і прыйдзецца па-іншаму паступіць. Але зараз, каб вы потым мяне не абвінавацілі ў баязлівасці і не сказалі, што я ў цяжкую хвіліну збег, вылучу сваю кандыдатуру. Вы выбірайце любога. Можаце за мяне не галасаваць, гэта будзе нармальна, але калі нешта  абваліцца  потым… І калі вы мяне ў нечым папракняце, скажу: «Вы маглі за мяне прагаласаваць, але не прагаласавалі». Я хачу сам сябе ў гэтым плане абараніць».

У краіне неабходна прымаць новую Канстытуцыю, лічыць кіраўнік дзяржавы. «Я схільны сёння да таго, што новую Канстытуцыю нам сёння прыйдзецца прымаць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што неабходна ўзмац­ніць іншыя галіны ўлады: выканаўчую і заканадаўчую. Магчымы нейкія змяненні ў выбарчай сістэме, але толькі пасля вельмі сур’ёзнага аналізу спецыялістаў і вывучэння досведу іншых краін. «Я самы зацікаўлены ў тым, каб Канстытуцыя адпавядала тым рэаліям, якія складуцца ў нашай дзяржаве, – падкрэс­ліў Аляксандр Лукашэнка. – Для любога прэзідэнта, які вырашыў скончыць сваю палітычную кар’еру, – гэта самае важнае пытанне. На транзіт улады я гляджу шырэй. Мне важна,  якая  будзе потым пасля мяне Беларусь, важна, каб яна дасталася нашым дзецям. Гэта вельмі цяжкае і складанае пытанне».

Аднак у найбліжэйшыя два гады, падчас парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, ніякіх змяненняў не будзе. «Вельмі важна зберагчы стабільнасць у грамадстве і паклапаціцца аб дабрабыце людзей, – дадаў Прэзідэнт. – Гэтыя пытанні будуць у прыярытэце і пасля выбараў».

 

Аб «блізкім» і «далёкім» супрацоўніцтве

«Калі шчыра, я вялікіх надзей не ўскладаю ў плане Еўразійскага эканамічнага саюза,– адказаў на чарговае пытанне Аляксандр Лукашэнка. – Занадта шмат насцярожанасці і рознагалоссяў. Больш за тое, эканамічны саюз пачынае ўсё больш палітызавацца».

Прэзідэнт  звярнуў  увагу на велізарную колькасць выключэнняў у гандлёвых адносінах і на невыкананне ўласна прынятых рашэнняў у рамках ЕАЭС. Паводле яго слоў, калі ўносяцца разумныя прапановы па вырашэнні той ці іншай праблемы, то рашэнне «выпустошваецца да такой ступені, што яно не мае ўжо ніякага значэння». «Нават свабоднае перамяшчэнне, адсутнасць межаў у эканоміцы для тавараў, капіталаў, людзей і іншае, кожная краіна спрабуе абысці і заблакаваць гэты рух. Таму ў нас узнікаюць праблемы»,– упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, ёсць спрэчкі ў Казахстана з Кыргызстанам,  якія да гэтага часу не знятыя па шэрагу кірункаў. У Беларусі з Расіяй таксама шмат праб­лем. Выключаныя шматлікія групы тавараў з гандлёвых рэжымаў, асабліва што датычыцца нафты і газу, рашэнні будуць распрацоўвацца да 2025 года.

Калі казаць пра старшынства Беларусі ў ЕАЭС, Прэзідэнт адзначыў, што асабліва не разлічвае на нейкі прарыў. Гэта звязана з тым, што любыя рашэнні прымаюцца ў кансэнсусе, ад пазіцыі адной дзяржавы наўрад ці нешта залежыць. Тэндэнцыя, якая склалася, не дае вялікіх надзей.

«Спадзявацца трэба толькі на сябе, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Будзе доб­ра з нашымі саюзнікамі – будзе лепей і ў нас». Але ў нашай краіны не такі вялікі рэсурс для гэтага, як, напрыклад, у Амерыкі, Кітая ці Расіі. Усё роўна надзея на сябе, а ўсё, што атрымаецца з саюзнікамі, – дадатак.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на сустрэчы ў Сочы з Прэзідэнтам Расіі Уладзі­мірам Пуціным падатковы манеўр закранаўся «толькі ў кантэксце, калі абмяркоўвалі пытанні, што мы ні ў якім разе не павінны сёння рабіць, таму што гэта парушыць баланс нашых адносін». «Калі мы пералічвалі гэтыя пытанні, у нас было поўнае разуменне,– сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Я сказаў, што, калі ў Расіі ёсць нейкія праблемы, складанасці з грашовымі сродкамі, – добра, тады мы не ставім пытанне аб падатковым манеўры, калі гэта цяжка для Расіі».

Прэзідэнт  нагадаў,  што падатковы манеўр у нафтавай галіне ў Расіі абыдзецца для Беларусі ў гэтым годзе прыкладна ў 400 млн. долараў. «Пры ВУП большым за 50 мільярдаў долараў мы як-небудзь гэта перажывём, – лічыць Аляксандр Лукашэнка. – Калі мы дамаўляліся аб Еўразійскім эканамічным саюзе, тым больш аб прасунутай інтэграцыі ў рамках Саюза Беларусі і Расіі, мы не прасілі танныя газ і нафту, і гаворкі тады не ішло пра гэта. Але мы дамовіліся, што нашы людзі і нашы прадпрыемствы будуць працаваць у роўных умовах, – гэта краевугольны камень нашых пагадненняў і дамоўленасцяў, на іншае мы б нават не пайшлі».

Таксама Прэзідэнт закрануў тэму супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кантакты паміж краінамі будуюцца ў многім на асабіс­тых сяброўскіх адносінах. Што датычыцца эканомікі, Прэзідэнт звярнуў увагу, што нафту, на жаль, закупляць мы не можам. Але рэальны сектар эканомікі дапамагаем развіваць. Паколькі ў часы Савецкага Саюза эканоміка рэспублікі трымалася на сыравіне, то пасля распаду гэта стала праблемай. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што былы кіраўнік дзяржавы Азербайджана ўзяў кірунак на стварэнне рэальнага сектара эканомікі і звярнуўся да Беларусі. «У нас існуюць тэхналогіі, якія мы гатовыя  перадаць сваім сябрам, ствараем разам сумесныя прадпрыемствы. Што датычыцца ўзаемаадносін паміж лю­дзьмі, яны складваюцца як паміж братамі. Гэта ўзор адносін мусульманскай і хрысціянскай дзяржаў», – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Карэспандэнт кітайскага цэнтральнага тэлебачання спытала Прэзідэнта Беларусі пра перспектывы кітайска-беларускага супрацоўніцтва. «Не было пытання, з якім бы я звярнуўся да кіраўніцтва Кітая і яно не было б вырашана», – так адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, як пасля праблем з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расію кітайскі лідар з задавальненнем пагадзіўся адкрыць свой рынак  для беларусаў. Менавіта гэта дазволіла нам прыблізіцца  да  формулы «30-30-30», калі па траціне экспартных патокаў прыходзіцца на Расію, ЕС і далёкія рынкі.

Другі напрамак – пабудова кітайцамі пад кітайскія ж досыць танныя крэдыты на тэрыторыі Беларусі электрастанцый, прадпрыемстваў, правядзенне мадэрнізацыі. «Вы проста  надзейны партнёр, які заўсёды, па любым пытанні падстаўляе нам плячо,– звярнуўся да прадстаўнікоў КНР Аляксандр Лукашэнка.– З кітайскай спецыфікай. Вы не крычыце, не шуміце, я вам за гэта ўдзячны. Не ўказваеце. Мы гэтак жа будзем адносіцца да вашай краіны. Тут у вас сябры. Я гэта сказаў у першы год свайго прэзідэнцтва, калі наведаў Кітай».

Пры гэтым сяброўскія адносіны з Кітаем у Беларусі ўтварыліся не адразу, яны выбудоўваліся на працягу 20 гадоў. «Кітай ніколі не спяшаецца. (Гісторыкі гэта ведаюць.) І яны вызначылі, што Беларусі можна давяраць, з Беларуссю можна праца­ваць»,– сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ён атрымаў запрашэнне Старшыні КНР прыняць удзел у форуме «Адзін пояс і адзін шлях» у красавіку гэтага года і даў на яго станоўчы адказ. «Мы прыедзем на яго, а потым, ужо ў чэрвені, сустрэнемся ў Бішкеку, на сесіі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У нас дастаткова шчыльны графік. Больш за тое, прыадкрыю сакрэт: Сі Цзіньпін прапанаваў мне сустрэцца ў Пекіне акрамя гэтага».

Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, папярэдне магчымасць такой двухбаковай сустрэчы прапрацоўвалася на сакавік, але гэтыя планы змяніліся ў сувязі з тым, што Аляксандр Лукашэнка прыедзе ў Кітай на красавіцкі форум. «На гэтым этапе, у сувязі з новымі ўмовамі, сітуацыяй і вакол Беларусі, і ў асаблівасці вакол Кітайскай Народнай Рэспублікі, у нас ёсць крайняя неабходнасць сустрэцца і пагаварыць пра тое, як у гэтых умовах мы будзем супрацоўнічаць»,– заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў індустрыяльны парк «Вялікі камень» жамчужынай  у праекце Вялікага шаўковага шляху. Аднак кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта можа на­шкодзіць нашай эканоміцы, калі пакінуць без кантролю: «Таму што там беспрэцэдэнтныя льготы для інвестараў. Калі яны пачнуць вырабляць трактары накшталт МТЗ, вядома ж, дзе ж наш трактар будзе з імі канкурыраваць?» – запытаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што там не павінны быць прадпрыемствы, якія будуць ствараць нездаровую канкурэнцыю   айчынным. А калі яны і будуць існаваць, то прадукцыя будзе ісці не на наш рынак. Аднак пакуль што ствараюцца сумесныя прадпрыемствы. Да таго ж у індустрыяльным парку могуць будаваць свае прадпрыемствы і іншыя краіны, а не толькі Беларусь і Кітай, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Пра Украіну

З удзелам ЗША перагаворы па Украіне пойдуць наперад сямімільнымі крокамі, заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што Беларусь з’яўляецца добрай пляцоўкай для вырашэння недамоўленасцяў паміж суседзямі, і такая наша пазіцыя можа быць выгаднай для абодвух бакоў.

Ён падкрэсліў, што Беларусь гатова пры неабходнасці больш актыўна ўдзельні­чаць у перагаворах. «Я не цярплю пасярэдніцт­ва і навязвання. Вы скажыце, што трэба, а мы будзем рабіць, каб мяне не абвінавацілі ў тым, што я міратворцам рвуся туды. Вы ведаеце маю пазіцыю, мы зробім максімум», – заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр  Лукашэнка жорстка выказаўся пра магчымае размяшчэнне ракет сярэдняй і меншай далёкасці ва Украіне. «Калі ва Украіне будуць размешчаны такія ракеты – гэта катастрофа, – сказаў ён. – Трэба разумець: расіяне не могуць дапусціць, каб гэтыя ракеты былі там размешчаны. Мы з расіянамі абсалютна будзем салідарныя. Таму ні ў якім разе нельга рабіць у гэтым кірунку крокі Украіне».

Прэзідэнт  Беларусі  не першы раз выказвае занепакоенасць магчымым размяшчэннем у Еўропе ракет малой і сярэдняй далёкасці. Як кіраўнік дзяржавы, ён у першую чаргу трывожыцца ў гэтай сувязі за Беларусь: «І не хацелася б, каб у старой матухне-Еўропе загарэлася нейкая, не дай бог, ядзерная катастрофа».

Пры адказе на адно з пытанняў кіраўнік дзяржавы закрануў і тэму прэзідэнцкіх выбараў у суседняй краіне. «Прэзідэнтам будзе Парашэнка. Ён выйдзе ў другі тур. Можа быць, з Зяленскім, можа, яшчэ з кімсьці, – выказаў Аляксандр Лукашэнка свой прагноз. – І той, хто прагаласаваў за Зяленскага, напэўна, за яго ж і прагаласуе зноў. А тыя, хто за іншых, – аддадуць галасы Парашэнку. Я кажу не абсалютна дакладна. Але думаю, пралічваючы ўсе варыянты, што Пётр Аляксеевіч гэтую пасаду захавае».

Пры гэтым Прэзідэнт Беларусі прызнаўся, што не надта паглыбляўся ў пытанні выбараў ва Украіне, але заўсёды адчувае трывогу за тое, што адбываецца ў краіне-суседцы. «Я не хачу, каб Украіну хтосьці выкарыстаў як разменную манету, каб яна была пляцоўкай розыгрышу вялікіх дзяржаў. Украінцы гэтага не заслугоўваюць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён чарговы раз прызнаўся ў цёплых пачуццях, павазе да ўкраінцаў. «Я там шмат разоў бываў, у тым ліку ў Заходняй Украіне, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – У мяне няма такога меркавання, што «западэнцы», як іх там часта называюць, – гэта нейкія дрэнныя лю­дзі. У мяне няма такога меркавання. Гэта выдатныя людзі, працаўнікі. Нам трэба ў іх вучыцца працаваць». Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэс­ліў, што любыя трывожныя падзеі ва Украіне прыкметна ўплываюць і на Беларусь. «У свой час, калі лінуў паток, мы прынялі, па даных міграцыйных службаў, больш за 150 тысяч украінцаў. Указам Прэзідэнта ім дадзены роўныя правы з беларусамі. Хтосьці вярнуўся, калі стала больш спакойна. Да гэтага часу шмат людзей працаўладкаваны і працуюць тут, некаторыя ўжо жыллё сабе набылі. Мы ім дапамагалі, як маглі. Таму любая сітуацыя ва Украіне нас вельмі турбуе. І мяне асабіста», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Карэспандэнт «Комсомольской правды» запытаў, ці настаў час Беларусі выказаць сваю пазіцыю па Крыме. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што не можа быць марыя­неткай і, падпісаўшы адзін дакумент (размова ідзе пра Будапешцкі мемарандум), цяпер казаць па-іншаму. Аднак звярнуў увагу, што, магчыма, неабходна было і падтры­маць Расію. «Колькі  ўкраінцаў  загінулі, абараняючы Крым? Ніводнага. Колькі прагучала стрэлаў падчас так званага захопу Крыма? Ніводнага. Вось вам і адказ».

 

Пра сем’і, пенсіі і ўклады

«У найбліжэйшы час мы прымем рашэнні. Яны павінны быць беспрэцэдэнтнымі, – праанансаваў Аляксандр Лукашэнка. – Галоўнае – гэта жыллё. Калі трэцяе дзіця нарадзілася і ты ўмоўна атрымліваеш бясплатна кватэру ад дзяржавы, думаю, будуць нараджаць».

Галоўнае пажаданне Прэзідэнта за некалькі дзён да жаночага свята 8 Сакавіка (сказаць аб гэтым папрасіла Мар’яна Шчоткіна, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Беларус­кага саюза жанчын) – каб беларускі нара­джалі пабольш дзяцей. «Гэта і для краіны вельмі важна, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Двое вашых, а трэці – мой. Гэта жалезабетонна».

Аляксандр Лукашэнка лічыць шматдзетную сям’ю адзіным выратаваннем для народа, асаб­ліва ў святле тэндэнцыі скарачэння нараджальнасці, якая захапіла ўсю Еўропу. Нават у шматнацыянальнай Расіі, дзе моц­ныя традыцыі шматдзетных сем’яў у розных народнасцяў, усё роўна гэтая тэндэнцыя прасочваецца.

Пры гэтым Прэзідэнт са шкадаваннем адзначыў, што знайсці сапраўдных мужчын у Беларусі нашым жанчынам не так проста. «З мужыкамі, вядома, бяда», – прызнаў Аляксандр Лукашэнка, спаслаўшыся на вялікую колькасць тых, хто мае адтэрміноўку ад войска.

Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч спытаў, ці знойдзе дзяржава магчымасці вярнуць людзям грошы, якія «згарэлі» на банкаўскіх укладах пасля развалу СССР.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даручыць ураду пралічыць, пра якую суму ідзе размова. «Каб сказаць, у якія тэрміны мы вернем гэтыя грошы, трэба паглядзець, якая гэта сума, з улікам дэнамінацыі, каб суаднесці з бюджэтам. Абяцаю вам, што адкажу на гэта пытанне. Калі гэта пацягне на ўзровень Паслання, то скажу пра гэта ў Пасланні Прэзідэнта народу і парламенту», – адказаў кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім запытала наконт пенсій. У работнікаў рэальнага сектара эканомікі пенсіі часцей за ўсё ніжэйшыя за 400 рублёў, пры гэтым яны часам не могуць атрымаць якасныя медыцынскія паслугі. Дэпутат пагадзілася, што мы не можам адначасова падняць усім пенсіі, але маг­лі б разгледзець варыянт ільготнага праезду і аплаты медыцынскіх паслуг. На яе думку, наша мо­ладзь у тым ліку хоча з’яз­джаць з краіны, бо ба­чыць, як жывуць зараз іх бабулі і дзядулі.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што ў нас невялікія пенсіі. З гэтым трэба разбірацца, як і з дэмаграфічнай сітуацыяй. «Разбяромся са шматдзетнымі сем’ямі, а то праз 30 гадоў нікога не застанецца, таму што жанчыны нараджаць не хочуць, мужыкоў нармальных няма. А там і пенсіямі зоймемся», – сказаў Прэзідэнт.

 

Пра Курапаты, мову і ідэалогію

Журналіст «Еўрарадыё» задаў пытанне пра інфармацыйную бяспеку. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што яго больш хвалюе не пагроза па-за межамі краіны, а наколькі мы здольныя і гатовыя абараняцца. Першае – трэба разабрацца ўнутры. «Любыя гарачыя сутыкненні пачынаюцца з інфармацыйных войнаў. І мы павінны ўмець ім процістаяць», – лічыць Прэзідэнт. Гэтае пытанне ўжо сёння вырашаецца, запэўніў кіраўнік дзяржавы. «Давайце будаваць сваю інфармацыйную бяспеку не за кошт іншых ці за кошт нападкаў на іншых», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён дадаў: «Мы ўсе прыхільны з вамі, і я перш за ўсё, да нашых суверэнітэту і незалежнасці. Толькі ў нас розныя метады барацьбы за гэта».

Другое пытанне прадстаўнік «Еўрарадыё» задаў наконт беларускай мовы і вышэйшай навучальнай установы, дзе б выкладалі пабеларуску. Прэзідэнт адказаў, што пытанне наконт ВНУ прапрацоўвалася. У Беларусі дастаткова прадметаў выкладаюць на беларускай мове, упэўнены Прэзідэнт.

Цягам гутаркі асаблівую ўвагу на моўнае пытанне звярнуў і грамадскі дзеяч Алег Трусаў. Зараз абсалютная большасць законаў выходзіць па-руску. Па яго словах, суддзі нават наймаюць перакладчыкаў, каб разабрацца ў беларускамоўных справах. На думку Алега Трусава, кожны суддзя павінен ведаць дзве мовы. Таксама ён папрасіў Палату прадстаўнікоў і Савет Міністраў выдаваць законы на дзвюх мовах.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што беларуская мова, як і руская, для яго родная. На яго думку, не трэба іх ставіць у процівагу, але і насаджаць такія паняцці, як «рускі свет», не трэба. У нас беларусы размаўляюць на рускай, таму гэта частка і нашай культуры. Прэзідэнт пагадзіўся, што мова – гэта тое, што нас адрознівае ад рускіх і ад іншых нацыянальнасцяў. Гэта асаблівасць народа. Трэба падтрымліваць і гэтыя тэндэнцыі. Наконт выдання законаў на дзвюх мовах Аляксандр Лукашэнка адказаў, што гэта магчыма, але пацягне дадатковыя выдаткі.

Наконт нацыянальнай ідэнтычнасці Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што трэба паказваць, чым беларусы адрозніваюцца ад іншых народаў, нашы нацыянальныя рысы.

Звярнуўся Прэзідэнт і да тэмы Курапатаў. Ён нагадаў, што даручыў паставіць помнік у Курапатах. «Неабходна прывесці месца ў парадак: там пахаваныя нашы людзі», – адзначыў ён. Пры гэтым дадаў, што не бачыць нічога дрэннага ў кафэ «Поедем, поедим», якое ста­іць недалёка. «Рэстаран жа не супраць Курапат. І тое, што туды заходзяць людзі, гэта нармальна», – сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што тэма Курапатаў выкарыстоўваецца некаторымі ў прапагандысцкіх мэтах. «Так, было. Паглядзіце на іншыя краіны – там таксама не тысячы, а мільёны гінулі. Але трэба выпук­ліць вось гэты сталінскі перыяд, паказаць, што былі ворагі, – адзначыў ён. – Так, былі і такія. Можа быць, празмерна. Але гэта не значыць, што пад сталінізм трэба заганяць усё. Там забівалі людзей, дапусцім, пры Сталіне – у 30-я гады. А вы ўпэўнены, што там, на гэтым месцы, фашысты не расстрэльвалі яўрэяў, беларусаў, палякаў, украінцаў, рускіх? Ну, дык давайце будзем аб’ектыўнымі».

Кіраўнік дзяржавы закрануў і тэму разбітай «лавы Клінтана» ў Курапатах. Ён паведаміў, што распарадзіўся неадкладна яе аднавіць і назваў глупствам усе сцвярджэнні, што ўлады маюць да яе па­шкоджання хаця б нейкае дачыненне.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і пытанні ацэнкі гісторыі Беларускай Народнай Рэс­публікі. Прэзідэнт адзначыў, што датычыцца ролі і значэння БНР, што «мы спакойна рухаемся ў напрамку таго, каб разабрацца – як было і што было, – без прапаганды».

Ён падкрэсліў, што вялікая роля стабільнасці і міру ў дзяржаве – у адзінстве народа: «У нас сваіх праблем дастаткова. Ніякае бязладдзе – ні з Расіі, ні з Захаду, ні далей – ніхто нас не адолее, калі мы тут будзем ­адзіныя. Калі мы будзем дзейнічаць так, як мы з вамі гэта разумеем, так, як у нас у галовах. А не так – думаем аднолькава, а паводзім сябе па-рознаму.

Размову пра нацыянальную ідэнтычнасць працягнуў беларускі эксперт Аляксей Дзермант. Ён заўважыў, што, нягледзячы на тое, што ў Беларусі пакуль не напісаны доб­ры падручнік па ідэалогіі, яе каштоўнасці і пат­рыятызм грунтуюцца на практыцы беларус­кай дзяржавы. Маўляў, гэтая практыка і ёсць наша ідэалогія. Пры гэтым нам, магчыма, не хапае актыўнасці ў гэтай сферы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што праблема не столькі ў адсутнасці добрага падручніка па ідэалогіі або манаграфіі на гэту тэму. «Мы дагэтуль не змаглі выразна сфармуляваць нацыянальную ідэю. Такую ідэю, якая б захапіла ўвесь народ. Усё, што мне прапаноўвалі, збіта, нешта не падыходзіць нам. Быў бы надзвычай удзячны, калі б нехта сфармуляваў гэту ідэю і пераканаў мяне ў тым, што гэта тое, што трэба, каб яна лягла на душу народу», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пагадзіўся, што ідэалагічная работа ў краіне праводзіцца недастаткова якасна. «Час змяніўся, трэба ісці іншым шляхам, – сказаў ён. – Патрэбны новыя формы, флэшмобы, тое, што будзе зразумела моладзі. Ідэалогія павінна быць больш скіраваная на моладзь».

Пры гэтым мы не павінны капіраваць тое, што робяць суседзі, калі ў нас ужо ёсць сваё. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад расійскую акцыю «Бессмяротны полк» і беларускую – «Беларусь помніць».

Прэзідэнт лічыць, што нельга забы­ваць і старыя формы ідэалагічнай работы. Ён адзначыў, што ўдалося ўцягнуць мо­ладзь у дэманстрацыі на Дзень Перамогі, і гэта добра.

Ён нагадаў у сувязі з гэтым пра новыя формы работы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, напрыклад святочны баль у Палацы Незалежнасці, у якім разам з моладдзю бралі ўдзел і найвышэйшыя службовыя асобы дзяржавы. «Хачу, каб гэта стала традыцыяй. Трэба, каб гэта захавалася», – сказаў Прэзідэнт.

Гэта датычыцца і ўласна будынка Палаца Незалежнасці, на экскурсіі ў які тысячы людзей чакаюць чаргі. Як і ўзведзены нядаўна будынак Вярхоўнага Суда Беларусі – гэта сімвалы нашай незалежнасці і суверэнітэту, падкрэсліў беларускі лідар.

Палітолаг Вадзім Гігін выказаў сваё меркаванне пра ідэалогію. Ён звярнуў увагу на тое, што мы самі павінны фарміраваць парадак дня, шукаць у гісторыі факты і асоб, якія здольныя аб’яднаць людзей розных поглядаў. На яго думку, нацыянальная ідэя, мабыць, і не да канца, але ўжо сфарміравалася.

Аляксандр Лукашэнка не з усім пагадзіўся. На яго думку, нацыянальная ідэя павінна быць асаблівай, класціся на душу і сэрца. «З майго пункту гледжання, мы гэту нацыянальную ідэю не выпрацавалі, такую, за якую магчыма зачапіцца», – пракаментаваў Прэзідэнт. Мабыць, час не прыйшоў.

Што датычыцца ідэалогіі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта няпростая праца, ідэолагі – паштучны тавар, трэба звяртаць на людзей з такімі здольнасцямі асаблівую ўвагу і прыцягваць іх да работы.

Пра музыку і музеі

Адказваючы на пытанне пра нацыянальны адбор конкурсу «Еўрабачанне», Прэзідэнт пагадзіўся, што перамога ў гэтым конкурсе працуе на імідж краіны, і адзначыў, што ён сочыць за працэсам унутранага адбору. «Калі на гэта трацяцца грошы, то нехта павінен несці адказнасць. Каго пасылаем? Хто павінен адказваць за гэта? Арганізатар і журы», – заўважыў ён.

«Павінны паехаць годныя людзі, якія перамогуць у адборы, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Ні ў якім разе ніякіх прэферэнцый быць не павінна. Перамаглі – паехалі».

Ён падкрэсліў, што тут недапушчальнае прасоўванне «сваіх». Пры гэтым дадаў: «Еўрабачанне» – гэта не чыста музычны конкурс, гэта даўно палітызаваны конкурс. І рэдка бывае, што там пераможа той, хто павінен. Асабліва пры галасаванні на постсавецкай прасторы».

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што сам любіць лірычную музыку. Пры гэтым у яго сям’і ёсць аматар і выканаўца класікі – сын Мікалай.

У працяг тэмы культуры было ўзнята пытанне будаўніцтва ў Мінску музейнага квартала. «Калі там невялікія грошы і можна паскорыцца, то потым дапамагу, усё роўна ж будзем будаваць. Пажадана хутчэй», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, даручыўшы старшыні Мінгарвыканкама Анатолю Сіваку асабіста ацаніць аб’ём работ на будаўніцтве. «А то мы расцягнем гэтую будоўлю, і яна нам у два разы даражэй абыдзецца. Адшукаем без бюджэту грошы, трэба паглядзець, ці шмат там працы і ў якія тэрміны можам пры нармальным фінансаванні гэта ўсё завяршыць», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, першую чаргу музейнага квартала плануецца адкрыць у 2020 годзе. На гэтым мерапрыемстве будуць чакаць і Прэзідэнта.

Уладзімір Пракапцоў таксама агучыў просьбу аб сустрэчы з кіраўніком дзяржавы ад Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў, якая аб’ядноўвае мастакоў, музыкаў, архітэктараў і іншых творчых людзей. Прадстаўнікі саюзаў маглі б агучыць просьбы і праблемы, прычым многія з іх не патрабуюць фінансавых уліванняў, адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што гэта правільная і вельмі добрая прапанова, і даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта прадумаць фармат сустрэчы.

 

Пра хакей і трэнажоры ў вёсках

Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра стан спраў у беларускім хакеі. «Я быў ініцыятарам гэтай суперсерыі паміж хакейным клубам «Дынама-Мінск» і зборнай экстралігі, – адказаў ён на адно з пытанняў. – Нягледзячы на вялізную ўвагу да гэтага віду спорту ў нас у краіне, мы атрымліваем адваротны вынік. Нацыянальная зборная вылецела з эліты сусветнага хакея, «маладзёжка» таксама. Я пачаў прад’яўляць жорсткія прэтэнзіі да адказных асоб, пачынаючы з Федэрацыі хакея, трэнераў вядучых клубаў і да ўрада. Тыдзень таму прапанаваў Міхаілу Захараву ўзмацніць яго «Юнацтва» і згуляць супраць мінскага «Дынама», якое рана скончыла сезон. Хто выйграе серыю – той будзе ў КХЛ. Прымаючы такое рашэнне, хацеў паглядзець, чаго варты наш унутраны чэмпіянат».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пры фарміраванні складу і трэнерскага, і хакеістаў на наступны сезон неабходна рабіць стаўку на айчынных спецыялістаў і гульцоў, а таксама правесці якасную міжсезонную падрыхтоўку. «Бардака ў хакеі ў нас хапае: па знаёмстве ўзяць сябра, таму Дзмітрый Баскаў і павінен навесці там парадак», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту спадабаліся дзве мінулыя гульні, ён адзначыў падтрымку заўзятараў на дзвюх арэнах і плануе наведаць трэці матч гэтых камандаў у «Мінск-Арэне».

Адно з пытанняў датычылася магчымасці трэніровак для дзяцей з малых населеных пунктаў. Журналістка рэгіянальнага партала Мінскай вобласці расказала Прэзідэнту гісторыю дзяцей з вёскі на Случчыне, якія арганізавалі сваімі сіламі нешта накшталт фітнес-клуба ў закінутым будынку. Неўзабаве самаробная «трэнажорка» была закрытая – з меркаванняў бяспекі. Карэспандэнт паказала невялікі відэаролік-зварот сельскай моладзі да ўсіх неабыякавых з просьбай дапамагчы ў стварэнні паўнавартаснай фітнес-залы.

«Натуральна, мы адрэагуем на гэта, – запэўніў Аляксандр Лукашэнка і даручыў намесніку прэм’ер-міністра Ігару Петрышэнку заняцца гэтым пытаннем. – У школе арганізаваць лепш было б. У аграгарадках буйных мы так і робім цяпер комплексы ў школе. Дзеці і бацькоў цягнуць на гэтыя пляцоўкі».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне варта разгледзець шырэй, не толькі ў рамках прыватнага выпадку. «Гэта павінна нас падштурхнуць да сур’ёзнага роздуму. Таму з міністрам адукацыі займіцеся і мне далажыце (аб праведзенай працы. – «Зв.»)», – сказаў Прэзідэнт.

«Звязда», № 42 за 02.03.2019 г.

Добавить комментарий