Аргкамітэт Усебеларускага народнага сходу ўжо атрымаў 17 тыс. прапаноў

Аб гэтым паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч у інтэрв’ю праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ.
«Усяго ў арганізацыйны камітэт паступіла ўжо 17 тыс. прапаноў, якія цяпер абагульняюцца. Я лічу, што па выніках выбрання дэлегатаў і іх работы ў сябе ў рэгіёнах, на месцах, мы таксама атрымаем значны пералік прапаноў, якія дадуць нам магчымасць у канчатковым выніку сфарміраваць вобраз Беларусі будучыні», – адзначыў Андрэй Кунцэвіч.
Ён нагадаў, што звароты прымаюцца ў тым ліку праз сайт УНС vsebel.by: «Дарэчы, на сайт сходу паступілі ўжо сотні паведамленняў – ад мясцовай праблематыкі да пытанняў агульнадзяржаўнага ўзроўню».
Намеснік кіраўніка АП лічыць, што Усебеларускі народны сход павінен адказаць на сённяшнія запатрабаванні грамадства. «Прычым не толькі (на запатрабаванні. – Заўвага БелТА) тых, хто пражывае ў сталіцы. Маё цвёрдае перакананне, што сапраўды моцнай нашу краіну робяць толькі моцныя рэгіё­ны. Таму я лічу, што адным з прыярытэтаў новай пяцігодкі павінна стаць рэгіянальнае развіццё. Безумоўна, ужо нямала робіцца ў гэтым напрамку, але трэба рухацца далей, шукаць нейкія новыя пункты росту», – сказаў ён.
Андрэй Кунцэвіч таксама выказаўся за далейшую дэбюракратызацыю дзяржапарату. «Чаго граху таіць – ёсць прыклады, калі, скажам так, некампетэнтнасць або хамства асобных чыноўнікаў перакрэслівае намаганні цэлых органаў дзяржаўнага кіравання», – канстатаваў ён.
Паводле слоў намесніка кіраўніка АП, сярод дэлегатаў УНС – самыя розныя людзі па сваёй прафесійнай прыналежнасці, узросце, узроўні адукацыі, поглядах на прыярытэты дзяржаўнай палітыкі. «Лічу, што менавіта гэта разнастайнасць дасць нам магчымасць знайс­ці правільны вектар развіцця краіны. І, галоўнае, ёсць адчуванне таго, што для іх Беларусь – гэта не гульня ў «Манаполію». Яны цвёрда разумеюць, што краіна – гэта не пра катлеты і не пра стужачкі, краіна – гэта пра лёсы людзей, лёсы іх дзяцей і ўнукаў», – сказаў Андрэй Кунцэвіч.
Па матэрыялах БелТА.

Добавить комментарий