Такі ўжо звычай наш спрадвечны

Такі ўжо звычай наш спрадвечныСпрадвеку наш народ вылучаўся гасціннасцю і ветлівасцю.

Спрадвеку наш народ вылучаўся гасціннасцю і ветлівасцю. Для госця знаходзілі ў хаце самае шаноўнае месца, імкнуліся накарміць яго як мага смачней. Беларусы ды беларускі  заўсёды давалі прытулак вандроўнікам, валацугам, усім тым, хто стаміўся ў дарозе,  ды і проста жабракам, накарміць якіх, лічылася, трэба ў абавязковым парадку. Гасцей мы  сустракалі і працягваем сустракаць у ХХІ стагоддзі хлебам-соллю.
Цікава, што раней у народзе гасцей называлі ветліва, амаль паэтычна – гасціна. Дарэчы, гасцінай называўся і сам прыём гасцей, само частаванне. Узгадваюцца радкі Максіма Багдановіча: «Усяго стаяла досыць для гасціны: нават мёд быў і чмяліны, і  пчаліны”. І з гасцінай лічылася ўжо справай гонару весці змястоўную і цікавую гутарку. 
 «Госцейка!” – менавіта так ласкава звярталіся нашы продкі да свайго госця. Нават нечаканых гасцей любілі і шанавалі. І зусім зразумела, чаму беларускі народ заўсёды імкнуўся гасціныя ў сваіх хатах упрыгожыць як мага лепш і прыгажэй — паўсюль былі даматканыя дываны і ходнічкі. Госць, у сваю чаргу, прывозіў гасцінцы гаспадарам. Мой народ-паэт нават дарогу, якая вельмі часта вяла ў бацькоўскую хату, назваў прыгожа – гасцінец. Такі гасцінец спрадвеку беларусы абсаджвалі дрэвамі. І сёння на Беларусі захавалася шмат гасцінцаў, абсаджаных тоўстымі ліпамі разам з клёнамі і таполямі. 
Гэтымі  гасцінцамі і сёння да нас едуць турысты з розных краін. І ад таго, як  мы прымаем гасцей, таксама залежыць імідж Беларусі. І так хочацца, каб наша сінявокая старонка працягвала заставацца самай гасціннай краінай у свеце. Так хочацца, каб ва ўсіх нас станавілася больш званых гасцей, каб больш гасцей запрашалася на рознага кшталту ўрачыстасці – сямейныя ды вытворчыя.
Што ж такое гасціннасць? Гэта, канечне, вялікае жаданне і заўсёдная гатоўнасць прыняць гасцей і добра пачаставаць іх. Гэта, канечне, і ветлівасць, і сардэчнасць у абыходжанні не толькі са сваякамі, але і з чужымі людзьмі. І як тут не ўзгадаць яшчэ радкі з аднаго верша Янкі Сіпакова, якія вельмі любіў цытаваць заўсёды мой бацька:
На стол пакласці ўсё, што ёсць, —
 Такі ўжо звычай наш спрадвечны.
Як толькі ў хату ступіць госць –
Адразу смажыцца яечня. 
Менавіта стол у беларускай хаце спрадвеку  быў своеасаблівым алтаром.  Сямейны стол – гэта  пупавіна прадстаўнікоў аднаго роду. Першае, што заносілі ў новую хату — засцелены стол з хлебам-соллю на ім. Прычым стол у хаце абавязкова павінен быць засланы чыстым абрусам (настольнікам). Хлеб жа павінен знаходзіцца на ім заўсёды! Лічылася, што голы стол непазбежна прывядзе сям’ю да нястачы і беднасці. Адваротным, левым бокам абрус засцілалі толькі на памінках. 
Ні ў якім разе на стале нельга пакідаць нажа, які сімвалізуе дзяленне на часткі. А дробнасць, наогул сквапнасць – вораг беларускага застолля, асноўная ідэя якога – гасціннасць ды ветлівасць. На стол нельга класці грошы, бо яны не толькі сімвал дастатку, але і сімвал бруду. А брудным грашам на чыстым абрусе – не месца! Грошы на стале – гэта і сімвал спрэчак, сямейных сварак. Нельга пакідаць на стале ключы – інакш, лічылася, можаш апынуцца там, дзе цябе замкнуць на ключ. Не месца на стале і для шапкі – можаш хутка згубіць сваё багацце і пайсці з шапкай па свеце.  Нельга стукаць па стале – нашы продкі лічылі стол далонню Бога. Выходзячы з-за стала, трэба абавязкова падзякаваць Богу за хлеб, мір і спакой у хаце. Калі ж удзячнасць гучала ў адрас гаспадароў, то тыя адразу ж  пераадрасоўвалі яе Богу. 
Заўсёды была на стале беларусаў і бульба. Вось як апісвае наш другі шаноўны хлеб Уладзімір Караткевіч  у нарысе «Зямля пад белымі крыламі”: «Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прысаку, абскрэбсці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да «клёцак з душамі”, да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале, яна – дзіва”.
Любілі нашы продкі і  бліны, і  аладкі, і  наліснікі,  і каржы,  і хрушчы ды і іншае печыва. Яшчэ  больш за 250 гадоў таму кухар караля Рэчы Паспалітай Верашчака прапанаваў новы спосаб падачы на стол каўбасы. Яе рэзалі на невялікія кавалкі, палівалі соўсам і елі лыжкай. Гэтая страва стала вядомай пад назвай «верашчака” ў гонар яе вынаходніка. Беларусы і сёння   ядуць яе з блінамі — мачаюць, і таму яшчэ называюць «мачанкай”. Нам сёння трэба толькі адрадзіць забытыя стравы – тады не будзе сорамна нават перад гасцямі-гурманамі!..
Так што ёсць нам, беларусам, што прапанаваць гасцям! Сардэчна запрашаем!
          Канстанцін КАРНЯЛЮК, 
              педагог, краязнаўца.

Добавить комментарий