Пошук душы

Пошук душыБагатая наша Крычаўшчына на літаратурныя таленты. Пошук душы

У раённай  бібліятэцы нават адведзены спецыяльны стэнд, на якім размешчаны шматлікія кнігі нашых землякоў. І вось сёлетні год падараваў нам кнігу яшчэ аднаго аўтара — Аляксандра Гаўрыленкі. Зрэшты, цэнтральная бібліятэка не засталася ў баку ад такой важнай падзеі ў культурным жыцці нашага краю. Спецыяльна да сустрэчы з аўтарам быў прымеркаваны выпуск буклета «Аляксандр Гаўрыленка” ў серыі «Пісьменнікі-землякі”.
У літаратурнай гасцёўні «Субяседнік” прайшла прэзентацыя зборніка апавяданняў і казак Аляксандра Гаўрыленкі «Рожденная зарей”. У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі сабраліся аматары мастацкага слова і літаратары, тыя, хто хацеў пабліжэй пазнаёміцца з аўтарам новай кнігі. 
Справа ў тым, што імя журналіста Аляксандра Гаўрыленкі добра вядома чытачам раённай газеты, дзе ён робіць ужо амаль пятнаццаць год. Многія творы, якія ўвайшлі ў зборнік, а таксама іншыя яго апавяданні, казкі і вершы ў свой час змяшчаліся на старонках «раёнкі”. Шчырасць і рамантычнасць яго твораў заўсёды знаходзяць водгук у чытачоў. І вось цяпер у яго прыхільнікаў з’явілася магчымасць бліжэй пазнаёміцца з аўтарам гэтых публікацый.
Пошук душыПадчас сустрэчы аматары літаратуры задавалі аўтару шмат пытанняў. Прагучала, напрыклад, і такое – чаму ў сваёй творчасці ён звяртаецца менавіта да жанру казкі і ўдзяляе яму столькі ўвагі? Адказ быў шчырым і дакладным: «Да жанру казкі я звярнуўся, перш за ўсё, таму, што гэта адкрывае вялікія магчымасці для творчасці. Казка не абмяжоўвае палёт думкі, у ёй можна вольна перакласці свае пачуцці на паперу, даносячы іх да чытача ва ўсёй шматграннасці. Таксама казка прымушае самога чытача як бы ўдзельнічаць у стварэнні вобраза, станавіцца, так бы мовіць, сааўтарам, адначасова суперажываючы героям, абуджаючы ў душы чыстыя, светлыя пачуцці, нібыта ў далёкім дзяцінстве, калі мы ўсе вельмі любілі казкі”.
Увогуле, як адзначалася ў час сустрэчы, творчасць Аляксандра Гаўрыленкі прасякнута спрадвечным і заўсёды надзённым – барацьбой дабрыні са злом. Шмат сюжэтаў падгледжаны ў нашым жыцці і атрымалі натуральны працяг у яго творах. Падсумоўваючы гутарку з аўтарам, сваімі адчуваннямі пра яго творчасць падзяліўся вядомы беларускі пісьменнік Панас Палітыка: «Думка мая аб кніжцы добрая, скажу шчыра, яна не заляжалася ў мяне на стале – прачытаў адразу, як кажуць, на адным дыханні. Я цалкам згодны з іншымі, што гэта кніжка аўтара таленавітага, зроблена яна добра, моцна. Адчуваецца, што ён не спяшаецца, вельмі сур’ёзна падыходзіць да матэрыялу. А гэта вялікая справа. Увогуле ж, будзем лічыць гэтую кніжку, так бы мовіць, разведкай боем. Наступныя, я думаю, будуць яшчэ больш цікавымі. Менавіта так і бывае ў таленавітых аўтараў: кожная наступная кніжка — усё лепш і лепш”.
А ў планах Аляксандра Гаўрыленкі сапраўды, —  новыя кніжкі. Найперш ён задумаў у бліжэйшы час выпусціць зборнік ваенных апавяданняў. Потым на чарзе – фэнтэзі «Трынаццатая кніга”. Матэрыял ужо ёсць, патрабуецца толькі пэўная дапрацоўка і затым — карпатлівая работа па кампаноўцы твораў. Ужо толькі гэтыя задумы сведчаць аб шматграннасці празаічнага таленту аўтара.
Што ж, далейшых яму творчых удач і здзяйсненняў, а мы будзем чакаць новых твораў і новых сустрэч з аўтарам.
                                  Сяргей ДЫНІКАЎ.
На здымках: Аляксандр Гаўрыленка і пісьменнік-сатырык Панас Палітыка; першыя чытачы; аўтограф аўтара.

Добавить комментарий