“Маіх радкоў няма без Беларусі”

У раённай дзіцячай бібліятэцы ў рамках месячніка нацыянальнай мастацкай літаратуры «Маіх радкоў няма без Беларусі” прайшоў паэтычны конкурс «Песняры беларускай душы”

 

У раённай дзіцячай бібліятэцы ў рамках месячніка нацыянальнай мастацкай літаратуры «Маіх радкоў няма без Беларусі” прайшоў паэтычны конкурс «Песняры беларускай душы”. Гэта мерапрыемства ацэньвалася і ў рамках прафесійнага агляду конкурсу «Літаратурная вясёлка”, які праводзіцца паміж бібліятэчнымі ўстановамі раёна. З нагоды конкурсу ў чытальнай зале раённай дзіцячай бібліятэкі, дзе сабраліся юныя госці, арганізаваны кніжныя выставы «Пісьменнікі – юбіляры-2016”, «Вершы паэтаў: чытаем разам”, а таксама літаратурна-этнаграфічная экспазіцыя «Бабуліна спадчына”.
Загадчыца бібліятэкі Алена Лісічкіна расказала юным сябрам кнігі, што конкурс праводзіцца сярод чытачоў 5-7 класаў. На жаль, даводзіцца прызнаць, что іншыя юныя жыхары нашага горада так «закамп’ютэрызаваліся”, так «заінтэрнэціліся”, што забыліся пра самы цудоўны скарб – кнігу. А яна каштоўная тым, што ідзе поруч ад маленства да сталых гадоў. І загучала ў чуйнай цішыні трапяткое, гаючае слова. Слухаеш чароўныя гукі паэтычнага слова і іншымі вачыма пачынаеш глядзець на свет. І ў сэрцы адчуваецца асалода ад высокага паэтычнага мастацтва, якое так шмат дае нашай душы. Удзельнікі свята паэзіі паглядзелі фрагмент мастацкага фільма «Сымон-музыка”. Аляксандр Мікаленка, які вучыцца ў 7”Б” класе СШ № 1, прачытаў урывак з паэмы Якуба Коласа «Сымон Музыка”. 
У раённай дзіцячай бібліятэцы імкнуцца зацікавіць юных чытачоў творамі класікаў беларускай літаратуры. І гэта, мяркуючы па конкурсе, атрымліваецца. Добра чыталі вершы юныя дэкламатары, з пачуццём, з душой. Удзельнікі конкурсу адказна аднесліся да мерапрыемства: самастойна выбіралі вершы, вобразы, касцюмы. Чытальнікі былі апрануты ў беларускае нацыянальнае адзенне, народны касцюм пачатку мінулага стагоддзя, нават у ваенную форму гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Чытальная зала ўпрыгожана жаночым і мужчынскім нацыянальнымі касцюмамі, старажытнымі ручнікамі, нават зрабілі эмітацыю дзіцячай калыскі. У такім асяроддзі і вершы на роднай мове гучаць па-іншаму. 
Шчыра, з вялікім пачуццём прачытала верш Янкі Купалы «Над калыскай” вучаніца 5 «В” класа СШ № 7 Дар’я Фралова, вучаніца 7 «А” класа СШ № 1 Ганна Шаткоўская – верш Ніла Гілевіча «У лета 1986-е”, які прасякнуты болем Чарнобыльскай катастрофы. На экране дэманстраваліся кадры з буктрэйлера Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва”.  Любоўю да Радзімы дыхае верш Надзеі Верас «Мая зямля” , які прачытала вучаніца 7 «Б” класа СШ № 1 Крысціна Крываносава.  Галоўны скарб нашай краіны – людзі. Яны праслаўляюць родную зямлю, плённа працуюць на карысць Радзімы. Аб гэтым сведчыць верш сучаснай беларускай паэткі Людмілы Воранавай, які прачытала вучаніца 7 «А” класа Крупіцкай сярэдняй школы Мінскай вобласці Анастасія Краўцова. Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у народнай свядомасці. Вершы гэтага перыяду вызначаюцца публіцыстычнасцю, высокім грамадзянскім пафасам. Пра тую страшную і вялікую вайну распавядае верш Кірыла Азімкі «Помні, братка!”, які прачытаў вучань 5 «А” класа Ілля Зубчык. А на экране дэманстраваўся буктрэйлер па кнізе «Ніколі не забудзем”. Верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі” – адзін з лепшых твораў паэта. Прагучаў ён у выканані вучаніцы 6 «Б” класа СШ № 1 Аліны Сёмы.
Кампетэнтнае журы падвяло вынікі конкурсу. Першае месца прысуджана Дар’і Фраловай, другое – Аліне Сёме, трэцяе – Ільі Зубчыку. Удзельнікі паэтычнага свята шчыра павіншавалі пераможцаў. Быў і салодкі пачастунак. Не засталіся без сувеніраў і іншыя ўдзельнікі конкурсу. А на заканчэнне свята – цікавыя гульні на тэме гісторыі беларускай літаратуры і этнаграфіі, якія нікога не пакінулі абыякавым. Напрыканцы мерапрыемства прайшоў агляд ля кніжных выстаў. Свята паэзіі, безумоўна, застанецца ў памяці ўдзельнікаў, ды і дарогу ў бібліятэку яны не будуць забываць.

Добавить комментарий