Свята для юных кнігалюбаў

15 верасня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца дзень бібліятэк. З гэтай нагоды бібліятэчная сетка раёна падрыхтавала шэраг мерапрыемстваў. Адны з самых актыўных чытачоў – гэта, канешне, дзеці. Вуч­ні 2 класа СШ № 1 павіншавалі дзіцячую бібліятэку, прысвяціўшы ёй верш. А навучэнцы 4-х класаў гэтай школы наведалі свята аматараў кнігі.
Спачатку ўсе прысутныя змаг­лі атрымаць асалоду ад канцэртнай праграмы, якую падрыхтавалі выхаванцы Дзіцячай школы мастацтваў. Звонкія спевы юных артыстаў запалілі публіку, якая аддзячыла ім шчодрымі апладысментамі.
Пасля вучняў запрасілі ў чытальную залу. Артысты лялечных гурт­коў «Залаты ключык» і «Пятрушка» загадвалі загадкі, а таксама паказалі павучальную «Казку пра бесклапотнага зайку». Пасля дзеці мелі магчымасць паласавацца «Казачным мусам», «Літаратурным чаем» і іншымі салодкімі пачастун­камі ў літаратурным кафэ.
Акрамя таго, была зладжана выстава, якая азнаёміла наведваль­нікаў з бібліятэчнай сеткай, творчасцю мясцовых пісьменнікаў, перыя­дычнымі выданнямі, а яшчэ – з лепшымі чытачамі бібліятэкі, фота якіх былі часткай выставы. Працавала фотазона, фотаздымак з якой мож­на было атрымаць амаль ­адразу.
Усе прысутныя вучні – дарэчы, яны з’яўляюцца частымі навед­вальнікамі – шчыра падзяквалі любімай біб­ліятэцы і разыходзіліся ў самым добрым настроі.


Дар’я Баравікова.

Добавить комментарий