Бібліятэка: больш, чым проста кнігі
Існуе меркаванне, што ў бібліятэкі зараз амаль не ходзяць, што аматараў чытання (асабліва тых, хто чытае на папяровых носьбітах) становіцца зусім мала. Аднак дырэктар бібліятэчнай сеткі раёна Валянціна Бачкова не згодна.
“Бібліятэкі – як паветра. Калі яны ёсць, мы не акцэнтуем на гэтым увагу, але зачыні адну – і гэта адчуецца”. Працуюць яны не толькі ў горадзе, у вёсках і аграгарадках дзейнічаюць бібліятэкі-клубы. Канешне, у маланаселеных пунктах пастаянных бібліятэк няма – немэтазгодна, але жыхароў такіх вёсак абслугоўвае бібліёбус – выязная бібліятэка.
Дырэктар катэгарычна абвяргае міф аб тым, што людзі практычна не чытаюць папяровыя кнігі. Некаторыя кнігі не знайсці ў электронным варыянце. І да гэтага часу вельмі многія – прыхільнікі рэальнай, надрукаванай кнігі з яе пахам, з магчымасцю трымаць у руках і гартаць старонкі, рабіць закладкі на цікавых момантах. Да таго ж, інфармацыю з друкаванага носьбіта засвойваць прасцей і зручней, асабліва гэта тычыцца мастацкай літаратуры, дзе не-не, ды і адцягнешся, задумаешся, захочаш перачытаць радок.
Так, час электронных тэхналогій мяняе наш свет і бібліятэчную сферу ў прыватнасці. Але яе значнасць не губляецца ад гэтага. Самымі частымі наведвальнікамі бібліятэк з’яўляюцца, канешне, дзеці і падлеткі, а таксама людзі пенсійнага ўзросту. За вучэбнай і спецыялізаванай літаратурай прыходзяць студэнты-завочнікі.
Калі вы шукаеце канкрэтную кнігу, вы заўсёды можаце звярнуцца да бібліятэкара, і нават калі кнігі няма ў гэтай бібліятэцы, вам падкажуць, дзе яе знайсці. А яшчэ ёсць магчымасць зрабіць гэта самім, не выходзячы з дому – можаце скарыстацца электронным каталогам на сайце бібліятэчнай сеткі. Туды занесены пералік выданняў, якія ёсць у фондзе, у тым ліку перыядычныя выданні, энцыклапедыі і нават канкрэтныя публікацыі. Бібліятэка ганарыцца гэтым каталогам. Менавіта дзякуючы яго дакладнасці і вычарпальнасці ён уключаны ў зводны каталог бібліятэк рэгіёнаў рэспублікі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Такога гонару ўдастоіліся толькі лепшыя электронныя каталогі.
Кожная бібліятэка – свой свет, сярод іх кожны можа знайсці тую, дзе ёсць аб’яднанне па яго інтарэсах. Напрыклад, дзіцячая і гарадская бібліятэка № 2 арыентаваны на творчае дадатковае выхаванне дзяцей, у гарадской бібліятэцы № 1 – праграма сямейная, у Маляцічах акцэнтуюць увагу на месца жанчыны ў нашай краіне ў розных кантэкстах. Лабковіцкая бібліятэка-музей можа ганарыцца сваім музейным фондам і краязнаўчай праграмай. У Асаўцы створана аматарскае аб’яднанне для пажылых людзей. У Бацвінаўцы пачала працаваць школа маладых мам.
У некаторых бібліятэках працуюць лялечныя тэатры, якія выступаюць на розных мерапрыемствах. Дырэктар сеткі кажа, што дзіця проста не можа ўстрымацца і не ўзяць кнігу пасля таго, як паглядзіць такое маляўнічае прадстаўленне.
“Бібліятэка – гэта, перш за ўсё, людзі. Без нашых чытачоў ніякага развіцця не было б, – кажа Галіна Чыстап’ян, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі. – Ёсць людзі, якія наведваюць нас практычна ўсё сваё жыццё. Прыходзяць цэлымі сем’ямі”.
Дарэчы, сваіх лепшых чытачоў супрацоўнікі бібліятэк ведаюць і памятаюць: Надзея і Генадзь Гузікі, Святлана Кастрычка, Наталля Сёміна, Людміла Гузава… Ёсць свае “пастаяльцы” і ў чытальнай зале, дзе, у асноўным, прадстаўлены перыядычныя выданні. Там вы можаце пагартаць газеты ці пачытаць артыкулы з разнастайных часопісаў. Сваіх заўсёднікаў адзначаюць у спісах самых актыўных чытачоў месяца, года. Часам складаюцца і спісы самых папулярных кніг.
Роднай бібліятэцы заўсёды можна дапамагчы. Самыя адданыя чытачы дораць ім кнігі: супрацоўнікі з падзякай кажуць аб укладзе Сяргея і Кацярыны Андрэевых, напрыклад.
Калі нехта кажа, што беларуская літаратура памірае і не цікавіць чытачоў, ён памыляецца. Самымі запатрабаванымі аўтарамі ў бібліятэках з’яўляюцца менавіта беларускія: Н. Батракова, М. Мятліцкі, В. Паліканіна, Л. Рублеўская, А. Бутэвіч… Сярод моладзі папулярная класіка – беларуская і замежная, у людзей больш сталага ўзросту – жаночая проза, дэтэктывы. А вось да фантастыкі цікаўнасць ужо не такая, як раней. Карыстаюцца попытам і кнігі на гістарычную тэматыку.
Аб навінках і самых папулярных кнігах можна даведацца і на сайце, і ў бібліятэцы, дзе пастаянна дзейнічаюць выставы-прагляды розных тэматык і жанраў.
Бібліятэка зараз – не проста паліцы кніг. У бібліятэках раёна праводзяцца мерапрыемствы да розных значных падзей, дзейнічаюць клубы па інтарэсах. Шматлікія творчыя людзі горада, якія пішуць літаратурныя творы на прафесійным і аматарскім узроўні, афармляюць іх менавіта ў бібліятэцы.
Знешне спакойная і “няпыльная” работа бібліятэк на самой справе кіпіць. Арганізацыя літаратурных пасядзелак, тэматычных выстаў, пастаяннае абнаўленне сайта, першыя ўрокі, Дзень беларускага пісьменства, Дзень бібліятэк. Дарэчы, шмат настаўнікаў, якія шчыльна супрацоўнічаюць з бібліятэкамі, праводзяць свае першыя ўрокі менавіта ў залах бібліятэк. Гэта, акрамя іншага, дапамагае прывіць культуру чытання школьнікам.
Важнай сваёй дзейнасцю бібліятэка лічыць краязнаязнаўства. На сайце бібліятэкі змешчаны бібліяграфічны паказальнік “Гісторыя вёсак Крычаўскага раёна”, у якім сабрана інфармацыя пра знакамітых людзей Крычаўшчыны, археалагічныя помнікі. Гэта зроблена з мэтай пазнаёміць настаўнікаў, вучняў, аматараў гісторыі і тых, хто цікавіцца краязнаўствам, з літаратурай аб вёсках раёна.
Краязнаўчая база даных “Літаратурнае жыццё Крычаўшчыны” знаёміць чытачоў з творамі, жыццём і дзейнасцю аўтараў, якія цесна звязаны з Крычавам, – ад беларускіх класікаў да тых, хто робіць першыя крокі ў літаратуры. І бібліятэка паспяхова папулярызуе творчасць землякоў: сярод самых папулярных аўтараў – В. Паліканіна, А. Гаўрыленка, Л. Ашуркова і іншыя. З такой жа мэтай пастаянна дзейнічае выстава “Літаратурныя галасы крычаўскай зямлі”.
Бібліятэка – гэта нашмат больш, чым проста кнігі. Творчае развіццё, жыццёвыя парады, новыя знаёмствы, гісторыя роднага горада і знаёмства з творчасцю людзей побач з намі. Зайдзіце туды ў вольную хвіліну, наведайце мерапрыемства ці пагартайце часопіс. Такі спосаб бавіць час зацягвае – праверце самі.
Дар’я Баравікова.