Свята пад мірным небам

“Няма ў свеце любові больш шчырай і цудоўнай, чым любоў маці да дзіцяці, кожнага чалавека – да сваёй роднай зямлі! Няхай над табою, наша дарагая Беларусь, заўсёды будзе ззяць мірнае, чыстае неба!”.

Такімі словамі распачалося тэматычнае свята “Пад мірным небам”, якое адбылося ў мінулую пятніцу на пляцоўцы каля ЦТДіМ “Крэчут”.

Самымі яркімі “зорачкамі” свята былі дзяўчынкі з творчага калектыву Цэнтра творчасці. Сваімі заваднымі песнямі яны “разагрэлі” публіку і падарылі ўсмешкі нават самым сур’ёзнымі гледачам.

Парадаваў крычаўлян і творчы калектыў Чэрыкаўскага РЦК. Вясёлыя народныя кампазіцыі, папулярныя песні і музыка скрыпак, цымбалаў, баяна – гэта і мора пазітыву прывезлі з сабой госці. Падчас адной з кампазіцый пад усеагульныя авацыі пусціліся танцаваць пажылыя глядачкі.

«Яны не спяваюць, яны жывуць песняй» – так прадставіла вядучая дуэт «Забава». Выступілі для крычаўлян таксама Міхаіл Ляшчоў, Валянціна Ермалаева, гледачы заспявалі разам з вядучай Аленай Кірсанавай. Скончылася канцэртная праграма песняй “Это Беларусь” і, канешне, гучнымі воплескамі.

Самае галоўнае на кожным канцэрце – гэта гледачы. На пляцоўцы ля цэнтра творчасці сабраліся людзі розных узростаў. Для пажылых людзей былі забяспечаны сядзячыя месцы. Прыходзілі цэлымі сем’ямі. А шматлікія гледачы – вядома, дзеці. Для іх было мноства забаў: «смурфікі» з «Крэчута» танцавалі разам з рабятамі і арганізоўвалі розныя эстафеты і конкурсы. Таксама працавалі гандлёвыя пункты з цацкамі, салодкай ватай і папкорнам, малыя гарэзавалі на вялікай надзіманай горцы, а побач старэйшыя дзеці спаборнічалі ў шашках.

Кожны мог знайсці сабе забаву па душы. Разыходзіліся крычаўляне, шчыра дзякуючы арганізатарам свята і выступоўцам – талентавітым людзям.

Дар’я Баравікова.

Добавить комментарий