Таленавіты паэт

Таленавіты паэт 
Многім вядомы вершы Аркадзя Куляшова. Яго жыццёвы шлях цесна пераплёўся з творчым.  Таму і вершы ў яго атрымліваліся цікавымі, жыццёвымі. А нарадзіўся Аркадзь Куляшоў  сто гадоў назад у вёсцы Самацэвічы, зараз гэта ў Касцюковіцкім раёне, у сям’і сельскіх настаўнікаў. Гэта, несумненна,  адклала свой адбітак на творчасць паэта.

Таленавіты паэт
Многім вядомы вершы Аркадзя Куляшова. Яго жыццёвы шлях цесна пераплёўся з творчым.  Таму і вершы ў яго атрымліваліся цікавымі, жыццёвымі. А нарадзіўся Аркадзь Куляшоў  сто гадоў назад у вёсцы Самацэвічы, зараз гэта ў Касцюковіцкім раёне, у сям’і сельскіх настаўнікаў. Гэта, несумненна,  адклала свой адбітак на творчасць паэта.
Пісаць вершы Аркадзь Куляшоў пачаў рана. Першы верш быў надрукаваны ў «Клімавіцкім працаўніку” ўжо ў  1926 годзе. Праз два гады на старонках часопіса «Полымя” з’явіўся яшчэ адзін верш  маладога паэта. У гэтым жа годзе ён скончыў сямігодку і паступіў на вучобу ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Тут дзейнічала аддзяленне «Маладняка”, і гэта таксама паўплывала на творчасць А. Куляшова.
У 1930 годзе паэт  пераязджае ў Мінск, дзе працягвае вучыцца на літаратурным факультэце  Мінскага педагагічнага інстытута.  У гэтым жа 1930 годзе выйшаў першы яго зборнік «Росквiт зямлi».  
Жыццё паэта ішло наперад. Ён завяршыў вучобу і пачаў працаваць у газеце «Чырвоная змена”, на беларускім радыё.
Пачалася вайна. Аркадзь Куляшоў адпачываў тады на малой радзіме. Даведаўшыся аб нападзенні  фашысцкай Германіі, ён вярнуўся ў Мінск за сям’ёй, але яна ўжо эвакуіравалася, і паэт пакідае Мінск. Пешшу ён дайшоў да Оршы, потым дабраўся да Калініна. Пад Ноўгарадам закончыў ваенна-палітычнае вучылішча і быў накіраваны ў армейскую газету «Сцяг Саветаў”…
Пасля вайны ён працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва”. Затым — начальнікам сцэнарнага аддзела, а з 1958 па 1967 гады — галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм”. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 2-8 скліканняў.
 З-пад пяра паэта вышлі зборнікі «Росквіт зямлі”, «За песняй, за сонцам”, «Медзі дождж”, «Камуністы”, «Новая кніга”, «Сасна і бяроза”, «Хуткасць” і іншыя. Ён напісаў цэлы шэраг паэм, а таксама кінасцэнарыі.
Дзяржава не паскнарылася на ўзнагароды паэту — двойчы А. Куляшоў быў адзначаны Сталінскай прэміяй, Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы, прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Ён быў узнагароджаны  двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга.
 Памёр паэт у ноч з 3 на 4 лютага 1978 года ў Нясвіжы.Вось адзін з самых вядомых вершаў Аркадзя Куляшова:


Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.
Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.
Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

                                                         Падрыхтаваў А. Сямёнаў.

Добавить комментарий