Маё Добрае…

Напэўна, у сэрцы кожнага чалавека жыве той незабыўны родны куточак, дзе ён нарадзіўся і вырас. Ёсць такі куточак і ў мяне — гэта мая вёска Добрае на Мсціслаўшчыне. Знаходзіцца яна на мяжы з Крычаўшчынай, хаця зараз можна сказаць знаходзілася, бо з дзвюх соцень двароў засталося ўсяго дванаццаць. І жывуць у іх састарэлыя людзі ад сямідзесяці да дзевяноста год, так бы мовіць, доўгажыхары.
Нядаўна мне давялося пабываць на сваёй малой радзіме, дзе прайшло маё дзяцінства — такое бесклапотнае, незабыўнае. Няхай жыццё пасля вайны было беднае, нялёгкае, але, здаецца, што гады дзяцінства і юнацтва  самы лепшы час у тваім лёсе. Прайшлася па ўсіх вясковых вуліцах, хаця якія там вуліцы — усё зарасло травою. Толькі ля тых двароў, дзе жывуць яшчэ людзі, абкошана, прыбрана. А раней вуліцы былі шырокія, прыгожыя, абсаджаныя дрэвамі, пад якімі стаялі хаты. Ад успамінаў становіцца так цяжка на душы, што слёзы коцяцца з вачэй. Вось цэнтр вёскі, тут стаяў вялікі цагляны буданык клуба, а зараз толькі разбураныя сцены. Далей была школа — на яе месцы здзічэлы садок. Няма і магазіна, цяпер у вёску прыязджае аўталаўка. У 1963 годзе ў вёсцы быў пракладзены водаправод, па вуліцах зрабілі калонкі, цяпер жа застаўся адзін калодзеж. Добра яшчэ, што побач рэчка, а ля яе крыніцы з чысцюткай вадой.
Увогуле вёска Добрае знаходзіцца на раўнінным месцы, вялікіх пагоркаў тут няма. Яе абкружаюць дзве рэчкі. З аднаго боку, зусім блізка, бяжыць Белая Натапа, якая падступае да самых агародаў. Дно ў яе, у асноўным, пясчанае, праз чыстую празрыстую ваду бачны нават кожны каменьчык. Сюды ўся вёска хадзіла купацца, а ўжо мы, дзеці, улетку, лічы, не вылазілі з яе. Тут на пясчаным беразе заўсёды было шумна і весела. Гулялі ў хованкі, каменьчыкі, у мячык ды розныя іншыя гульні.
З другога боку вёскі поле і луг, і другая рэчка. Дно яе больш тваністае і вада цямнейшая, пэўна, таму і носіць яна назву Чорная Натапа. Канечне, зараз рэчкі абмялелі, звузіліся, але ўсё роўна прыгожыя. На Белай Натапе заўсёды цвілі жоўтыя гарлачыкі, а на Чорнай — бялюткія лілеі. Вельмі прыгожыя, яны распасціраліся па воднай гладзі. Месца там было глыбокае і вада халодная. Адлегласць паміж рэчкамі ў гэтым месцы ўсяго кіламетры тры ці чатыры, не больш. Здаецца, так блізка яны больш нідзе не сыходзяцца.
За Чорнай Натапай ужо пачынаўся Крычаўскі раён — рэчка была мяжою. За ёй, адразу на пагорку, стаяла вёска Мышкавічы. Лічы, усе жыхары абодвух вёсак былі нейкай раднёю. У Мышкавічах жыхароў было менш, тут не было клуба і нават магазіна. Тутэйшыя людзі хадзілі да нас, у Добрае. Мышкаўскія хлопцы знаёміліся з нашымі дзяўчатамі і наадварот — нашы хлопцы з іхнімі. Потым жаніліся, так што жыхары абедзьвюх вёсак былі сватамі ці кумамі адзін у аднаго.
Апусцелі вёскі, а калісьці тут віравала жыццё. Касіўся луг — трава ля рэчак расла высокая, моцная, сена насушвалі шмат. Мы, яшчэ калі хадзілі ў школу, дапамагалі саўгасу (у Добрым быў не калгас, а першы на Мсціслаўшчыне саўгас «Перамога»). Разам з іншымі падлеткамі я хадзіла з дарослымі працаўнікамі зграбаць сена, бо хацелася зарабіць грошай на сукенку або на туфлі — у саўгасе за працу плацілі грашыма. Памятаю, якія сцірты сена стаялі па ўсім лузе!
Зараз у тых месцах усё паздзічэла. Няма ўжо і бацькоўскай хаты, на дворышчы толькі старыя яблыні, якія зараслі асіннікам і бур’янам. Тата з маці перайшлі ў сваю новую пяцісценку на высокім падмурку ў 1967 годзе. Але татуля не вельмі доўга пажыў у новай хаце  інвалід вайны першай групы, ён меў слабае здароўе. І бацька, і маці пахаваныя на могілках, якія знаходзяцца на пагорку паміж Добрым і Мышкавічамі. Калі яны яшчэ былі жывыя, мы, іх дзеці, часта прыязджалі да іх у госці -а нас у бацькоў было шасцёра. Збіраліся разам на святы або дні нараджэння, усім было радасна і весела. Цяпер збіраемся толькі на Раданіцу.
З радні на маёй малой радзіме жыве толькі стрыечная сястра, якой у сёлетнім жніўні споўнілася дзевяноста год. Але і гэта добра: сядзім, усіх успамінаем, і плачам і смяемся. Сястра расказала мне гісторыю паходжання назвы маёй вёскі. А даведалася яна пра гэта ад свай бабулі Моці. Нібыта калісьці на месцы цяперашняй вёскі стаяў горад, які называўся Мантан. Падчас вайны рускага цара са шведамі тут ішоў вялікі бой. Горад амаль цалкам згарэў, бо пабудовы ў ім былі драўляныя. Калі шведы адступілі, рускі палкаводзец, паглядзеўшы на пажарышча, прамовіў: «Горада тут не будзе, а сяло будзе добрае…». Так яно было, а ці не, але мая матуля казала, што да рэвалюцыі Добрае і сапраўды было сялом, бо тут была царква. Пры савецкай уладзе яе разабралі, а сяло ператварылі ў вёску.
Вось такая яна, мая малая радзіма…
Антаніна РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *