“Я тут жыву, і край мне гэты дарагі”

Вёска Залесавічы… Яе не заўважыш на карце свету, але яна так многа азначае для яе жыхароў. Вёска размяшчаецца ў 5 кіламетрах ад Крычава.Вёска Залесавічы… Яе не заўважыш на карце свету, але яна так многа азначае для яе жыхароў. Вёска размяшчаецца ў 5 кіламетрах ад Крычава і ў 99 – ад Магілёва.
У нашым раёне стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць святы вёсак. На гэты раз яно прыйшло ў Залесавічы. Ля вясковай бібліятэкі-клуба была абсталявана імправізаваная сцэна, абуладкаваны месцы для мясцовых жыхароў і іх гасцей. І вось на фоне пранікнёнай музыкі загучалі галасы вядучых:
— Добры дзень, дарагія аднасяльчане! Добры дзень, паважаныя госці! Мы рады вітаць вас на свяце, прысвечаным вёсцы Залесавічы. Сёння ў нашай вёскі свята, а значыць, і наша з вамі свята таксама….
Першай віншавала сяльчан старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава. Яна адзначыла, што такія святы – немалаважная падзея для вёсак. Выказала вялікую ўдзячнасць ветэранам і ўдзельнікам вайны за тое, што мы зараз маем магчымасць жыць і расціць сваё будучае пад мірным небам. Па­дзякавала ветэранам працы і ўсім сяльчанам, заўважыўшы, што самае вялікае і дарагое багацце – гэта менавіта яны, сельскія працаўнікі. Ад імя раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама пажадала прысутным моцнага здароўя, міру, дабрыні, узаемапавагі і ўсіх зямных даброт.
Вельмі прыемна ба­чыць, як упрыгожваюць сваю вёс­ку яе жыхары. Гаспадары імкнуцца, каб у хаце былі парадак і ўтульнасць, а на падворку – чысціня. Сярод такіх гаспадароў — залесаўчане Наталля Багданава, прыдамавая тэрыторыя ў якой радуе яркай разнастайнасцю кветак і мудрагелістымі скульп­турамі, Руслан Малахоўскі, які стараецца стварыць прыгажосць і ўтульнасць, што радуюць не толькі яго, але і аднасяльчан, Наталля Кухарэнка – чалавек, літаральна ўлюбёны ў свой дом. Ім Ірына Пруднікава ўручыла ўдзячныя лісты раённага Савета дэпутатаў.
Вітаў сяльчан і старшыня Касцюшкавіцкага сельскага Савета Уладзімір Мядзведзеў. Ад імя Касцюшкавіцкага сельвыканкама ён уручыў удзячнасці і падарункі шэрагу сяльчан. Адзначаны былі старэйшы жыхар вёскі Леанід Сцяфанавіч Хадыка, якому ў жніўні споўніцца 86 год, і самы малодшы — Арцём Мурачоў, які прымаў віншаванні разам з мамай — Аляксандрай Мурачовай. Віктар і Ніна Волкавы адзначылі сёлета ізум­руднае вяселле – 55 год сумеснага жыцця, а Уладзімір Роут і Наталля Іванькова – папяровае (сямейны саюз яны заключылі ў 2016 годзе). У сем’ях Марыі Шаманенкі і Святланы Рыбалка падрастаюць па чацвёра дзетак, а Наталля Шэлест ужо выхавала чатырох. Ушанавалі і васьмідзесяцігадовую Ніну Міхайлаўну Волкаву, якая пасялілася ў гэтых краях, вырасціла дзяцей, унукаў, праўнукаў і ўсё сваё жыццё прысвяціла сельскай гаспадарцы.
З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі звярталіся да аднавяскоўцаў дырэктар ААТ “Крычаўрайаграпрамтэхзаб” Андрэй Курачкін, стараста вёскі Руслан Малахоўскі, ветэран работнікаў культуры Людміла Роут, якой у гэты дзень быў уручаны ўдзячны ліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Цёплыя словы ­ўдзячнасці ўсім ураджэнцам Залесавічаў і яе жыхарам, хто ніколі не заставаўся ў баку і на ўсіх этапах жыцця вёскі працаваў на яе карысць, гучалі на свяце неаднаразова. Так, людзі – сапраўднае ўпрыгажэнне вёскі. Яны жывуць поплеч, яны працалюбівыя і сціплыя, не прывыкшыя да славы, але іх жыццё, іх штодзённая праца – гэта крыніца чалавечай мудрасці і самаадданасці. Нізкі паклон ветэранам працы, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але, як прагучала на свяце, адпачываць адправіліся яны, а не іхнія вопыт і веды. А яшчэ мы ніколі не павінны забываць тых, перад кім знаходзімся ў неаплатным даўгу, – салдат Перамогі. Васямнаццаць залесаўчан загінулі ў баях або прапалі без вес­так у часы ваеннага ліхалецця. Іх памяць аднавяскоўцы ўшанавалі хвілінай маўчання.
…Свята працягвалася. Над вёскай луналі вясёлыя галасы і гукі музыкі. Сяльчан чакалі яшчэ гульні і забавы. Дзейнічала бяспройгрышная латарэя. Канцэртную праграму падаравалі вяскоўцам клуб аматараў фальк­лорнай і народнай песні “Доб­расць”, іншыя самадзейныя артысты Касцюшкавіцкага сельскага Дома культуры.
— Міру і дабрыні, шчасця ў вашы дамы, жыхары вёскі Залесавічы! — далёка па вуліцы паляцеў усхваляваны голас вядучай. — Каб кожная раніца была добрай, дзень – прыгожым, вечар – цудоўным, а ноч – спакойнай!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *