Што зрабілі для радзімы?


Амаль кожны чалавек зрабіў хоць і маленькі, а часам незаўважны, але ўнёсак у развіццё сваёй малой радзімы. Дбайны працаўнік, руплівы гаспадар, старанны вучань…

Людміла Аляксандраўна Мітраховіч, пенсіянерка:
— Малая радзіма – гэта месца, дзе ты нарадзіўся. Пасля вучобы я жыла і працавала ў Светлагорску, але вярнулася ў родны Крычаў. Мне вельмі падабаецца наша мястэчка. Я жыву ва ўласным доме, каля якога прыбрала закінуты ўчастак зямлі і зрабіла парк. Вясной тут – бэзавы і вішнёвы рай. А кветкі ў мяне – на першым месцы. Я лічу, што людзі павінны ствараць прыгажосць вакол сябе. Таксама я люблю хатніх жывёл, заўсёды падбіраю бяздомных.

Захапляецца кветкамі і тым самым робіць малую радзіму прыгажэй і Таісія Васільеўна Сазанкова:
— Кветкі разво­джу сама. З самай вясны і да позняй восені радуюць вока спачатку падснежнікі, крокусы, цюльпаны, затым – ружы, лілеі, клемацісы, астры, каралеўскія рабчыкі… Апошнімі адцвітаюць хрызантэмы.

Міхаіл Максімавіч Кабанаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
— Падчас вайны я рабіў на карысць малой радзімы, быў работнікам прыфрантавой чыгункі. Вазілі грузы да Цёмнага Лесу, Верамеек і нярэдка траплялі пад абстрэлы, бамбёжкі. З 1943 па 1984 год – увесь час на паравозе.

Наталля Іванаўна Цюркіна, настаўніца хіміі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі абласнога ліцэя № 4, выдатнік адукацыі РБ:
— Мае вучні часцяком становяцца пераможцамі і прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па хіміі, штогод атрымліваюць дыпломы ў гульні-конкурсе “Вавёрка”. Апошнія 2 гады дыпломы 3 ступені з абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па хіміі прывозіць 11-класніца Анжэліка Разанкова. А 10-класнік Аляксей Абражэй атрымаў дыплом 2 ступені, будзе ўдзельнічаць у заключным этапе алімпіяды.

Вольга Яўгенаўна Пруднікава, дырэктар СДЮШАР:
— Наша школа выхавала нямала спартсменаў, якія сваімі дасягненнямі праславілі малую радзіму. Выхаванцы ­СДЮШАР за апошнія гады ў спаборніц­твах міжнароднага ўзроўню заваявалі 8 залатых медалёў, 8 сярэбраных і 8 бронзавых. У нас працуюць выдатныя трэнеры, якія рыхтуюць пераможцаў і прызёраў розных спартыўных спаборніцтваў.

 

Наталля Сцяпанаўна Паўлючэнка, пенсіянерка:
— Для малой радзімы зрабіла б усё, што даручылі. Я доўгі час працавала ў гімназіі вахцёрам, затым прыбіральшчыцай. Мыла класы, даглядала школьны агарод, кветнікі, прыбірала лісце ў парку… Словам, наводзіла парадак, рабіла родны горад чысцей.

Зінаіда Міхайлаўна Скачкова, старшыня РА Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:
— Я распрацавала праект “Па гістарычных месцах “Гарадзі­шча” па арганізацыі транспартна-пешаходнага турыс­тычнага маршрута па выдатных мясцінах Крычаўшчыны. Зараз раблю ўсё, каб яго рэалізаваць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *