«Крычаўскі канёк»

У Крычаве на Дзень горада, які святкуецца 30 верасня, у дзень вызвалення горада ад нямецка-­фашысцкіх захопнікаў, адначасова праходзяць т­­ры фестывалі пад адзінай назвай “Крычаўскі канёк”: фестывалі-конкурсы па лепцы глінянай цац­кі-свістулькі і народнай творчасці (у ім прымаюць удзел фальклорныя калектывы, салісты), шахмат­ны турнір. Аб гэтым расказвае ­аўтар ідэі, кіраўнік, рэжысёр и каардынатар фес­тывалю, народны майстар Рэспублікі Беларусь, сябра Беларускага саюза майст­роў народ­най творчас­ці, кіраўнік дзіцячай народ­най студыі дэкаратыўна-прыклад­нога мастацтва “Свістуль­ка”, народ­най студыі ДПМ “Доб­расць” РЦК Вячаслаў Якавенка. Ён адрадзіў Падняпроўскую цацку-­свістульку, за што быў узнагароджаны ў Маск­ве ордэнам “Пашаны і Славы”.


– Праект пачаў рэалізоўвацца з 2014 года як раённы фестываль­-конкурс. У 2016 годзе ён ператварыўся ў міжрэгіянальны фестываль-конкурс. У мінулым годзе прайшоў ужо ў чацвёрты раз.
Цяжка пераацаніць актуальнасць праекта, для нашага раёна, асабліва ўсяго, што тычыцца гліны. Крычаў – старажытны ганчарскі цэнтр, гіс­торыя якога пачалася амаль 10 тысяч год таму ў эпоху каменнага веку. У 1136 годзе горад упамінаец­ца ў пісьмовых крыніцах у статутнай Смаленскага князя Расціслава Мсціславіча. З XIV стагоддзя вырабы крычаўскіх майстроў-ганчароў вядомыя ў Польшчы, Расіі, Літве. Чаго тут толькі ні выраблялі: кафлю, посуд, цацкі-свістулькі і іншыя рэчы. На працягу стагоддзяў вядомы нават ганчарскія дынастыі: Гера, Лычовых, Воранавых, Чартковых, Малека і іншых.
Крычаў знаходзіцца на тэрыторыі Верхняга Па­дняпроўя, а гэта месца пражывання славянскіх плямёнаў радзімічаў і смаленскіх крывічоў. Тут выраб­лялася падняпроўская гліняная цацка-свістулька, якая ўходзіць сваімі каранямі ў глыбокую архаічнасць. Апошнія майстры, якія яе выраблялі, Ганна Марачова з Доброўна і Настасся Камінская з Дрыбіна, памёрлі ў канцы 70-х мінулага стагоддзя. Захаваць і перадаць традыцыі па вырабу глінянай цацкі маладзейшаму пакаленню – гэта і ёсць галоўная і актуальная задача на сучасным этапе. Тэрмін рэалізацыі праекта не абмяжоўваецца часам, галоўнае – зрабіць фестываль-­конкурс міжнародным.
Беларускі архіёлаг Андрэй Мяцельскі пры раскопках старажытнага Крычава знайшоў гліняную цацку-свістульку ў выяве галавы каня, без ножак. Фігурка нагадвае шахматнага каня. Яна датуецца XVII стагоддзем. Як ён адзначыў, свістулькі такой старажытнай фор­мы вырабляліся менавіта толькі на Крычаўшчыне.
Крычаўская свістулька з’яўляецца часткай Падняпроўскай свістулькі, а першыя гліняныя фігуркі, у тым ліку ў выяве каня, на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя датуюцца ІІ стагоддзем да нашай эры.
– Якія асноўныя мэты фестывалю?
– Напрамак дзейнасці фестывалю-­конкурсу па лепцы глінянай цацкі-­свістулькі “Крычаўскі канёк” – кераміка, работа з глінай. Мэты і задачы: адраджэнне і захаванне традыцый глінянай цацкі-свістулькі, выяўленне рэгіянальных асаблівасцей Па­дняпроўскай глінянай цацкі-свістулькі, выяўленне сучаснага стану народнай традыцыйнай свістуль­кі (гістарычныя, тэхналагічныя, нацыянальныя асаб­лівасці) і яе далейшае развіццё, развіццё творчых здольнасцей, мастацкага густу падрастаючага пакалення, пошук і падтрымка юных талентаў і г.д. Галоўнае на дадзены момант – зрабіць фестываль Верхнепадняпроўскім (каб удзел у ім прымалі майст­ры гэтага рэгіёна з Беларусі, Расіі і Украіны). Гэта значыць, зрабіць яго міжнародным.
– Хто прымае ўдзел у фестывалі-конкурсе?
– У фестывалі ў апошнія гады прымаюць удзел майст­ры з Расіі, Магілёва, Магілёўскай вобласці, а так­сама ўсе жадаючыя дзеці і дарослыя нашага горада. Напрыклад, у 2019 годзе паказвалі сваё майстэрства прадстаўнікі Рослаўля, Клімавічаў, Чавусаў, Слаўгарада, Крычава. Усяго больш за трыццаць удзельнікаў.
Трэба адзначыць, што з кожным фестывалем павялічваецца не толькі колькасць удзельнікаў, але ж і з’яўляецца нешта новае, асаблівае, напрык­лад, па вырабу кафлі, посуду і г.д. Аднаўляецца старажытны і ўжываецца сучасны ганчарскі фальк­лор. Плануецца рабіць фестываль ад 3 да 5 дзён, ператварыць яго ў ганчарскі пленэр ці форум. А на свята горада арганізаваць выстаўку-продаж вырабаў майстроў з іх майстар-класамі.
Фестываль “Крычаўскі канёк” працягвае і захоўвае традыцыі тысячагадовай Падняпроўскай керамікі. Дае магчымасць не толькі ўбачыць і набыць лепшыя ўзоры беларускай глінянай плас­тыкі, ган­чарства, але ж стварыць з гліны сваімі рукамі любому жадаючаму свой уласны твор. Фес­тываль фарміруе мастацкі густ, прывівае любоў да Радзімы і яе культурнай спадчыны. У далейшым фестывальны брэнд “Крычаўскі канёк” мае ўсе магчымасці ператварыцца ў фестывальны брэнд усяго Верхняга Падняпроўя.
Аляксандр Гаўрыленка.

Добавить комментарий