Вуліца-вёска

Пачынаецца гэтая вуліца ад завода гумавых вырабаў і цягнецца ўздоўж Сожа амаль да вёскі Зуі. Частка яе, пачынаючы ад дома № 42, калісьці была вёскай Варанёва, якая належыла калгасу “Чырвоны араты”. Жылі ў ёй, у асноўным, калгаснікі, але былі і тыя, хто рабіў на чыгунцы, заводах і іншых месцах.
Да дома № 42 быў горад – там святло праве­дзена ў хаты, людзі пашпарты мелі. А тут, за гэтым домам, ужо вёска: ні святла табе, ні пашпарта. Ды яшчэ па начах дзяжурствы пачарговыя, па два дамы. Вартавалі калгасную канцылярыю і фермы. А каб не пераблытаць чаргу, да хат яшчэ з раніцы ставілі доўгія палкі з дошкамі “Вартавы”.
Была яшчэ адна асаблівасць: калі ты не калгас­нік, то гаспадарка давала табе каля хаты толькі 15 сотак, і ўсё. Прыдуць, перамераюць, адрэ­жуць лішнюю зямлю пад калгас і чым-небудзь засе­юць. А бывала, што і ўвогуле не сеюць нічога, толькі адрэжуць. Часцяком атрымлівалася і так. Адбя­руць зямлю, пасеюць, а за ўраджаем не прыхо­дзяць – забыліся, не да таго. Тады былыя гаспадары зямлі сажнуць калоссе, у копы складуць і ідуць у сельсавет, маўляў, забярыце, гэта ваша…
З-за таго, што вяскоўцам пашпартоў не давалі, выязджаць людзі нікуды не маглі. Між тым, калі ў сям’і былі маладыя ды працаздольныя, накладваўся дадатковы падатак. Калі сад – пералічвалася ўсё, і за кожнае дрэва – зноў-такі падатак. Вось і стараліся бацькі, каб не плаціць падатак на маладых, усімі праўдамі і няпраўдамі здабыць для іх пашпарт і адправіць з сям’і. З садамі рабілі прасцей – проста высякалі.
Недзе ў годзе 1953-м вёска Варанёва ўвайшла ў гарадскую рысу і стала вуліцай Гастэла. Вось тады ўжо людзі зажылі па гарадскіх законах. Сюды правялі электрыч­насць, далі былым вяскоўцам пашпарты, прапіску, і яны цяпер маглі ехаць куды пажадаюць. Праўда, зямлю, якая была ў каго лішняй (па гарадскіх мерках), аддалі новым забудоўшчыкам. Так з’явіліся новыя вуліцы, паралельныя Гастэла. Усё мянялася літаральна на вачах, наша былая вёска станавілася гарадской вуліцай, якой мы яе бачым і зараз.
А якім раней быў яе агульны выгляд? Амаль усе падобныя адна на адну драўляныя хаты з саламянымі стрэхамі. Было каля ста трыццаці пяці. Толькі перад самай вайной тут з’явілася некалькі дамоў з шэрымі чарапічнымі дахамі. Ля кожнага домаўладання – вялікі агарод, гаспадарка, сад. Агароджы амаль не было, так, платы з жэрдак ад жывёлы. Пасярод вёскі – галоўны будынак з вялікімі вокнамі. Гэта калгасная канцылярыя. Тут праходзілі сходкі, тут засядала праўленне калгаса. Сюды, у цэнтр, дзеці збягаліся, увечары моладзь наладжвала танцы пад гармонік. Там, дзе зараз завод гумавых вырабаў, да Айчыннай вайны быў фасфарытны завод. Вялізныя млыны малолі фасфарытную руду, і мука з яе ішла на ўгнаенне калгасам. Прадпрыемства па тым часе было немалое. Руду прывозілі на лайбах і баржах з вёскі Бахараўка з-пад Смаленска. Судны плылі на Сожу і ўдзень, і ўноч. Вада ў рацэ падымалася дзвюма плацінамі. Адна знаходзілася ў раёне вёскі Бель, другая – за цэментным заводам. Каб уначы шлях па рацэ быў добра бачны, уздоўж берага, на вызначаных участках, запальваліся ліхтары, якія паказвалі на мелкія мясціны. Запальвалі іх па вечарах спецыяльныя рабочыя-бакеншчыкі. Свой участак яны праязджалі на лодках, запраўлялі ліхтары газай, мянялі, калі трэба, кнот, а галоўнае – своечасова запальвалі бакены.
За фасфарытным заводам, дзе спуск да рэчкі, знаходзілася прыстань. Там заўсёды стаялі баржы, лайбы, ляжалі якары, канаты. Там было месца пагулянак і сустрэч моладзі. Адным словам, месца люднае, вясёлае і больш гарадское. Тут сустракалі судны, сустракалі сваіх родных і блізкіх, праводзілі іх. Усё гэта нагадвала вакзал, толькі рачны.
Фасфарытную руду выгружалі на беразе спачатку ў вялікія кучы, а потым на калёсах, запрэжаных конямі, падвозілі да млыноў. Перад вайной ужо было зроблена новаўвядзенне – сыравіну пачалі падымаць па рэйках ваганеткамі, якія цягнула спецыяльная лябёдка. Руда на выгляд была цёмна-рудая, наздраватая, падобная на сплавіўшыйся вугальны шлак. Яе і цяпер яшчэ вымывае іншы раз вада ля берага, дзе знаходзілася прыстань.
Людзі на заводзе рабілі, у асноўным, маладыя. Для рабочых былі пабудаваны два аднапавярховыя доўгія дамы-баракі. Кожная сям’я мела тут па пакойчыку. Калідор жа быў доўгі, агульны, у кожнай сям’і стаяў у ім свой стол і свой прымус, на якім гатавалася ежа. Жылі цесна, але дружна. Для рабочых была адкрыта невялічкая крама, дзе можна было купіць і хлеб, і соль, і цукар, і запалкі, і інш. Людзі радаваліся жыццю, а асабліва весела і радасна было дзецям. Іх было шмат, і жылі яны разам, адной вялізнай сям’ёй.
І раптам, нібы навальніца, абрынулася на нас ­вайна…
Вайна… Мужчыны і хлопцы пайшлі на фронт. А ў наш Крычаў вельмі хутка, ужо ў ліпені, прыйшлі немцы. Фасфарытны завод яны ўзарвалі – угнаенне для палеткаў ім было не патрэбна. Жанчын з дзецьмі сагналі ў адзін барак, а ў другім размясцілася нямецкая часць. Кухню яны зрабілі на вуліцы пад паветкай, а непадалёку – бойню для жывёлы. Ад кухні заўсёды смачна пахла гарохавым супам і тушонкай. Галодныя дзеткі іншы раз асмельваліся падыйсці туды з кацялочкам, ужо ўвечары, калі накормяць немцаў, і папрасіць есці. Здаралася, што ім плюхалі апалоннік, але ўсе разумелі – гэта не той суп, які елі салдаты, а нейкая разведзеная вадой поліўка. Разумелі, але прасілі і елі. А есці хацелася ўвесь час. Усю вайну і яшчэ доўгія пасляваенныя гады пачуццё голаду было пакутлівым…
Шмат хто з вайны не вярнуўся. З Варанёва загінула каля дваццаці маладых хлопцаў, якіх узялі ў армію ў 1940 годзе. У кожную сям’ю вайна прынесла гора. Людзі ўжо не аплаквалі згарэўшыя хаты, разбураную гаспадарку, аплаквалі толькі страту блізкіх. Вакол былі ўдовы, дзеці і старыя. Рэдка ў якой хаце застаўся працаздольны мужчына. Гэта толькі тыя, у каго была “бронь” – іх пакідалі працаваць на чыгунцы або для падпольнай работы ў тыле ворага.
Дзяржава дазволіла ўсім пагарэльцам бясплатна вывозіць лес. Але паспрабуй знайсці каня, каб яго вывезці, паспрабуй знайсці цесляроў. Але сяк-так, з горам і слязьмі, людзі будаваліся і абжываліся. Дзецям некалі было пабегаць, пагуляць: хто трэскі на будоўлі падбіраў, хто ў лес па мох ухаў, каб потым пакласці яго паміж бярвёнаў, хто шчаўе на лузе збіраў або рыбу лавіў на пракармленне… Усе працавалі, усе перажыўшыя вайну старанна выжывалі, і выжылі!
Мінаюць гады. Праходзяць падзеі. Жыве мая вёска-вуліца. Але цяпер, калі прайсці ўздоўж па ёй ад завода гумавых вырабаў, то старажылаў амаль не сустрэнеш. Старых (мужчын) увогуле няма, ёсць толькі некалькі жанчын. Старых хат, стогадовых і больш, таксама ўсяго некалькі. Але гэта толькі ў паўночнай частцы вуліцы Гастэла, а паўднёвая ўся згарэла ў вайну.
З даваенных будынкаў непадалёку ад завода гумавых вырабаў яшчэ доўга, амаль да 2010 года, стаяла вадакачка. Яна калісьці падавала ваду з Сожа па трубах на вакзал для паравозаў. Вадакачка працавала з шумам, увесь час несупынна “чухала”. Да гэтага гуку людзі так прывыклі, як прывыкаюць да такання га­дзінніка. Калі “чуханне”, здаралася, ненадоўга аціхала, то гэта проста палохала. Недзе напрыканцы пяцідзясятых гадоў вадакачку спынілі і закансервавалі. Зараз на самым беразе ракі аб ёй нагадвае толькі земляны вал, якім яна была абкружана.
Калі прайсці ў думках па нашай вуліцы, то можна шмат каго прыгадаць з тых, хто жыў тут раней. Калісьці, зусім блізка ад вадакачкі, жыла ўсім вядомая народная павітуха і доктар баба Ксення Федарэнка (яе маленькая хатка яшчэ стаіць і зараз). Баба Ксення шмат дзетак прыняла ў парадзіх і благаславіла на жыццё, у тым ліку і мяне. У Варанёве бабуля была за фельчара – да яе людзі ішлі па дапамогу і параду. Урачоў тады паблізу не было, бліжэйшы – у самым цэнтры Крычава. А як туды было дабрацца ў тыя гады? Баба Ксення рана засталася ўдавой. Яе ціхага і добрага мужа знайшлі забітага прама на рабоце – ён вартаваў магазін на фасфарытным заводзе.

Добавить комментарий