Гонар і годнасць Літохіна

Паўлу Іванавічу Літохіну, як кажуць, за восемдзясят, аднак гэтаму бадзёраму, жыццярадаснаму чалавеку ніколі не дасі яго гады. Дый то, прайсці з дачы ў Белі дадому ці не дзясятак кіламетраў, або “асядлаць” матацыкл — для яго не праблема…
Нарадзіўся Павел Іванавіч у 1937 годзе ў вёсцы Бель І. Бацькі яго былі звычайнымі сялянамі, рабілі ў калгасе. Вайна прыйшла ў родны край, калі хлопчыку споўнілася толькі чатыры гадкі. З таго часу ён помніць толькі тое, што было галаднавата. Але, слава Богу, выручала рагуля, якую маці вельмі берагла. Бацька пайшоў на фронт, а ці многа магла жанчына без мужчынскіх рук апрацаваць зямлі? Таксама яшчэ ўспамінае, як кідаў каменне ў нямецкія машыны, калі яны калонамі ехалі праз вёску падчас адступлення ў 1943 годзе. А яшчэ, як маці ўратавала іхнюю хату ад агню. Адзін з немцаў, прабягаючы міма, укінуў ім у акно нешта накшталт факела. Жанчына кінулася з двара ў хату і голымі рукамі выкінула гэты палаючы скрутак вонкі. Так яны засталіся з жытлом.
Бацька з вайны не вярнуўся. Маці адна ставіла на ногі малых дачку і сына. І зноў вялікай дапамогай у гаспадарцы была кароўка-карміцелька. Малака хапала і сабе, і крыху на продаж. Маці сама ці Паўлік насілі яго на рынак на чыгуначным вакзале. А другі раз маці пякла што-небудзь смачнае – бульбянікі ці што іншае, і хлопчык зноў бег уздоўж чыгункі да рынку. Затое ў сям’і была хоць нейкая капейчына (у калгасе на працадні грошай не дачакаешся), хоць бы нават солі купіць…
Пачатковую школу Паўлік скончыў у сваёй вёсцы. А потым давялося хадзіць у суседнюю – у Бель ІІ. Дзесьці гадкоў з дванаццаці хлопчык пачаў рабіць у калгасе. Крыху касіў, колькі хапала сіл, араў палеткі, скарадзіў… Трактараў тады ў калгасах не хапала, амаль усё рабілі на конях. Вось і Паўліку мужыкі запрагуць пару коней, ён кіруе імі — працуе. Бяда вось толькі была на разваротах: вупраж часцяком блыталася, або шляя заскочыць куды не трэба. А сілёнак справіцца з гэткай “навалай” яшчэ не хапала, даводзілася клікаць дапамогу. Ды нічога не паробіш, працаваць жа трэба.
Аднойчы Павел — тады яму было не больш за пятнаццаць гадоў, вычытаў у газеце пра рамеснае вучылішча, у якім можна было атрымаць будаўнічыя прафесіі. І вельмі яму захацелася стаць мулярам – гэта ж так цікава з цэглы класці будынкі. Яго не спыніла, што ехаць трэба было ў далёкі Ленінград. Праўда, горад сустрэў хлопчыка з беларускай вёскі гасцінна. Адвучыўшыся неабходны тэрмін, юнак ужо збіраўся па размеркаванні ў Архангельск. Аднак выхавальніца з вучылішча падказала яму напісаць маці, каб тая ўзяла ў якой-небудзь крычаўскай арганізацыі даведку, што ім патрабуецца менавіта такі спецыяліст. Тады можна будзе замест далёкай поўначы апынуцца дома. Так і атрымалася: маці хуценька даслала неабходную паперу, і Павел з радасцю скіраваўся дамоў. Вярнуўшыся на радзіму, юнак у хуткім часе ўладкаваўся на працу ў Крычаўскае будаўнічае ўпраўленне № 1. Паведаміў пра тое ў Ленінград (так патрабавалася ў той час) і прыступіў да сваіх абавязкаў. Вось так у чэрвені 1955 года і распачалася працоўная біяграфія Паўла Літохіна.
Прафесія будаўніка сапраўды аказалася цікавай, асабліва Паўлу падабаўся, так бы мовіць, каначатковы прадукт – калі паўставаў гатовы будынак. А работы хапала – пасля нядаўняй вайны яшчэ шмат чаго было разбурана, так што займаўся і аднаўленнем, і ўзводзіў новыя магазіны, выт­ворчыя пабудовы, вось як гаражы і паветкі ў РТСе (цяперашні “Райаграпрамтэхзаб”). Папрацаваўшы ва ўпраўленні, Павел Літохін перайшоў у Дарбуд-4 на чыгунцы, дзе таксама патрабаваліся муляры, праз некаторы час — ва УНР-909. Адсюль у 1957 годзе і пайшоў у армію.
Як аказалася, гэта быў чарговы круты паварот ягонага лёсу. Служыць давялося ў вайсковых бронерамонтных майстэрнях. Але спачатку маладога салдата накіравалі на вучобу ў Бранск, дзе ён атрымаў прафесію электразваршчыка. Вярнуўшыся ў часць, ён атрымаў у кіраванне “лятучку”, стаўшы камандзірам рамонтнай машыны. Служыў выдатна, так што меў неаднаразовыя заахвочванні ад камандавання, у тым ліку і водпускі дамоў.
У той раз, прыехаўшы дадому, Павел пачуў ад маці: “Сынок, якая добрая дзяўчына прыехала да нас у калгас за бухгалтарку. Вой, каб яна за цябе пайшла!..”. Можна не сумнявацца, што матчыны словы зацікавілі хлопца. Ён не стаў адкладаць справу ў доўгую скрыню, бо па натуры быў чалавекам рашучым. Нібы жартам, ён адказаў: “Мам, а вось зараз і пайду браць!”. Падняўся з-за стала, паправіў гімнасцёрку і пайшоў да дзяўчыны. Тым больш, што і хадзіць далёка не трэба – яны з сяброўкай здымалі жытло праз вуліцу. Стукнуўшы ў дзверы хаты, Павел пераступіў праз парог. Прадставіўся, завязалася гутарка. Дзяўчына аказалася з Чачэрскага раёна. Пасля вучобы ў Гомелі па размеркаванні апынулася ў Крычаве: ніколі не чула пра такі горад, таму, калі прапанавалі на выбар некалькі райцэнтраў, спынілася на гэтым – назва спадабалася. Так у 1959 го­дзе яна апынулася ў Белі, у калгасе, нібы сам лёс прывёў яе на Крычаўшчыну. Трэба адзначыць, што хлопец адразу глянуўся дзяўчыне. Як успамінае Ева Іванаўна, спачатку яна разгубілася, калі ў іхняй хаце раптам з’явіўся высокі, шыракаплечы прыгажун-мацак у вайсковай форме. Але ж як можна было праігнараваць гэтага хлопца з адкрытым шчырым тварам і вясёлым светлым пог­лядам… Ужо назаўтра ўвечары яны гулялі, пабраўшыся за рукі, па ваколлі вёскі. Забягаючы наперад, скажам, што вось так поруч яны і ідуць ужо 58 год.
Дэмабілізаваўшыся ў 1960 годзе, былы салдат перш-наперш ажыццявіў дзве неадкладныя справы – уладкаваўся на працу і ажаніўся з каханай. Праз некаторы час у маладой сям’і ўжо падрасталі дзве дачушкі. На працы ў Паўла таксама ўсё ладзілася. Дзякуючы стараннасці, ён пас­таянна павышаў сваю кваліфікацыю: прыйшоўшы ва УНР-103 электразвар­шчыкам трэцяга разраду, праз няпоўныя тры гады атрымаў ужо пяты. А ў 1963 го­дзе лёс Паўла Літохіна зрабіў чарговы паварот – ён прыйшоў на працу на цэментна-шыферны камбінат. З гэтым вялікім прадпрыемствам звязана ўсё яго астатняе працоўнае жыццё – 42 гады. Спачатку рабіў электразваршчыкам у цэху памолу ў брыгадзе па рамонце аспірацыйнай і вентыляцыйнай сістэмы. Праз два гады яго перавялі ў цэх абпалу ў брыгаду па рамонце і абслугоўванні вентыляцыйных устройстваў, дзе ўжо праз месяц ён атрымаў вышэйшы кваліфікацыйны разрад слесара-электразваршчыка – шос­ты. Аднак рабочы “кар’ерны рост” Паўла Літохіна на гэтым не спыніўся. У 1971 годзе майстар цэха Мікалай Усацікаў, зрэшты, асоба сярод старых цэментнікаў амаль легендарная, спецыяліст вышэйшага класа (пазней ён рабіў энергетыкам, начальнікам электрацэха, энергетыкам прадпрыемства), да якога па параду не лічылі за сорам звярнуцца спецыялісты значна вышэйшыя па рангу, нават сам дырэктар завода, прапанаваў кемлівага, высакакласнага рабочага на пасаду брыгадзіра. Ён даўно ўжо прыкмеціў не толькі яго працоўнае ўменне, але і разуменне, як і што лепш зрабіць, калі перад брыгадай ставілася вытворчая задача. Да таго часу Павел ужо меў не адну па­дзяку за якаснае і своечасовае выкананне работ і ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў, якія давалі добры эканамічны эфект у вытворчасці. Аднак П. Літохін спачатку не хацеў станавіцца брыгадзірам, бо ў яго пад началам павінны былі апынуцца людзі старэйшыя, прайшоўшыя вайну, і нават пажылыя, якія мелі значна больш жыццёвага вопыту. Але майстар настояў на сваім. Праўда, спачатку апаскі маладога брыгадзіра аспіратаршчыкаў нібыта спраўджваліся – некаторыя з больш вопытных рабочых касавурыліся, бо не суп­раць былі самі заняць гэтую пасаду, а тут малады кіруе! Але хутка ўсе зразумелі – Павел, нягледзячы на маладосць, на сваім месцы. Да таго ж, ён не толькі кіраваў брыгадай, але і сам рабіў поплеч з усімі, выконваючы адказныя зварачныя работы. Зрэшты, і ў паўсядзённым жыцці ён заўсёды гатовы быў дапамагчы кожнаму, браў вялікі ўдзел у грамадскім жыцці, ці не да сталых гадоў быў сярод лепшых спартсменаў прадпрыемства.
Сумленная кваліфікаваная праца Паўла Іванавіча Літохіна неаднаразова высока адзначалася на розных узроўнях. Сярод яго узнагарод – Ганаровая грамата Магілёўскага абкама КПБ, атрыманая яшчэ ў 1973 годзе, а таксама Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР — у 1983 годзе. Яго імя неаднаразова заносілася ў Кнігу гонару прадпрыемства, а ўжо для запісаў пра заахвочванні і прэміраванні за выдатную працу ў працоўнай кніжцы не хапіла прызначаных старонак.
Вопытнаму брыгадзіру з цягам часу кіраўніцтва прадпрыемства неаднаразова прапаноўвала больш высокія пасады. Але Павел Іванавіч нязменна адхіляў прапановы, бо разумеў, што недахоп адукацыі – за плячыма была толькі школа, не дазволіць выконваць справу так, як яму самому б хацелася. А тут ён быў на сваім месцы. Калі прыйшоў час ісці на заслужаны адпачынак, на пенсію яго проста не адпусцілі, бо кіраўніцтва не ведала, кім яго замяніць. Праўда, і сам Павел Іванавіч быў не супраць працаваць і далей – моцы хапала, ды і ўвогуле прадпрыемства было вялікай часткай яго жыцця. І толькі напрыканцы 2005 года, калі здароўе ўсё часцей пачало нагадваць пра сябе, ён вырашыў спыніць сваю працоўную “кар’еру”.
Выдатна склалася ў Паўла Іванавіча Літохіна і іншая “кар’ера” — мужа і бацькі. З Евай Іванаўнай яны пражылі, ды і жывуць зараз, душа ў душу, ва ўзаемнай згодзе і павазе. Любімыя дачушкі сталі выдатнымі спецыялістамі, паважанымі людзьмі. Абедзьве скончылі музычнае вучылішча імя Н. Сакалоўскага ў Гомелі. Прычым, калі малодшая Іра прыйшла сюды, то старэйшая Наташа рабіла тут ужо выкладчыцай і вучыла сваю сястру. Але затым малодшая скончыла педагагічны інстытут у Мінску, зараз робіць настаўнікам у адной з гомельскіх школ. А вось Наташа пай­шла далей па абранай прафесіі – скончыла Дзяржаўную акадэмію музыкі. Рабіла ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў вык­ладчыкам, аўтар шматлікіх наукова-метадычных артыкулаў, навучальных праграм, лаўрэат і дыпламант нацыянальных конкурсаў метадычных і выканаўчых работ у галіне вакалу. Напісала манаграфію “Пераемнасць традыцый у сучаснай вакальнай педагогіцы Беларусі”, якая вый­шла асобнай кнігай і карыстаецца попытам у спецыялістаў і аматараў вакалу. А яшчэ дзядуля і бабуля маюць двух унукаў і ўнучку. Болей за тое, падрастаюць усім на радасць і два праўнучкі — Ігарок і Паўлік.
Павел Іванавіч і зараз усё такі ж бадзёры, жыццярадасны, па-ранейшаму таварыскі і гаваркі, сябруе з маладзейшымі суседзямі. Не забываюць пра яго і на цэментным прадпрыемстве, якому ён аддаў столькі год жыцця – заўсёды запрашаюць на святы, урачыс­тыя сходы… Кажуць, што жыццё пражыць – не поле перайсці. Павел Іванавіч Літохін па-ранейшаму ідзе па свайму жыццёваму полю, ідзе па ім, маючы гонар і павагу.
Сяргей ДЫНІКАЎ.

Добавить комментарий