Уваходзіны

Любая Бель, наша вёсачка родная,
Заўжды цішыня, прыгажосць і спакой,
Адно пакаленне змяняе другое —
Гады тут павольнай ідуць чарадой…
Радзіма — гэта Беларусь. Але ў кожнага з нас ёсць месца, дзе ён нарадзіўся, дзе ўсё здаецца асаблівым, выдатным і родным. Нішто на зямлі не можа быць бліжэй, мілей, чым малая радзіма.
Вёска Бель — гэта наша малая радзіма, гэта наш дом, родныя і блізкія людзі, родныя вуліцы, школа. Гэта той куток на велізарнай зямлі, бліжэй за якога няма і не будзе. Таму мы імкнёмся зберагчы фундамент, закладзены нашымі продкамі. Добрай традыцыяй у нашай школе стала правя­дзенне фальклорных святаў. Так, у Бельскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа прайшло фальклорнае свята-абрад «Уваходзіны», мэты якога — выхаванне ў вучняў нацыянальнай самасвядомасці, абуджэнне цікавасці да гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа, гонару за сваю Радзіму, за свой народ.
Вучні розных класаў паказалі старажытны беларускі абрад. Свята прайшло з падарункамі, песнямі, танцамі, пачастункамі. «Навасёлы» Настасся і Яўген сустракалі ўсіх духмяным беларускім караваем — сімвалам дабрабыту ў сям’і. Госці прыходзілі з сімвалічнымі падарункамі: жытам, падковай на шчасце, ручніком, пеўнікам, катом. Вучням была прапанавана пазнавальная віктарына пра беларускія традыцыі. А як жа без спеваў і танцаў! Асабліва здзівілі ўсіх Аляксей Шыбанаў і ­Яўген Додзін, якія выканалі мала вядомы, але вясёлы і энергічны танец «Таўкачы». Гасцінныя гаспадары частавалі ўсіх духмянай гарбатай з рознымі прысмакамі.
Разыходзіліся ўсе з цудоўным настроем. І дзеці, і дарослыя атрымалі сапраўдную асалоду ад свята, акунуліся ў мінулае, успомнілі добрыя традыцыі продкаў. У душы кожнага застаўся прыемны след гонару і любові да сваёй радзімы.
Усім вядома, што тая нацыя, якая не губляе сувязь са сваімі каранямі, становіцца мацней з году ў год.
Таццяна Старавойтава.

Добавить комментарий