Міністр замежных спраў

Не кожны вясковы хлопец можа прайсці шлях ад самых нізоў да вяршыняў дзяржаўнай улады. Кузьма Венедыктавіч ­Кісялёў з вёскі Лабковічы ­здолеў гэта зрабіць.
Нарадзіўся ён 115 год таму ў першы дзень лістапада 1903 года. Як потым К. Кісялёў успамінаў у сваёй кнізе “Запіскі савецкага дыпламата”, дзіцячыя гады былі цяжкія. Накарміць і апрануць вялікую сям’ю, у якой было сямёра дзяцей, бацькам было нялёгка. Свайго хлеба часцяком не хапала і даводзілася ісці ў заробкі. Так, некалькі год запар іх сям’я пасвіла вяс­ковую жывёлу. А ўзімку бацька звычайна ад’язджаў на шахты ў Данбас, каб зарабіць грошай. У 1914 го­дзе баць­ку забралі на вайну. Уся праца лягла на плечы маці і старэйшых сыноў: Кузьме было дзесяць гадкоў, старэйшаму брату Макару – трынаццаць. Сабраўшы свой ураджай і накасіўшы сена, яны хадзілі на заробкі да мясцовага пана.
Бацька з румынскага фронту паведамляў, што быў паранены, ляжаў у шпіталі і вельмі чакаў прыезду дамоў. Кузьма пад дыктоўку маці пісаў яму лісты. У вёсцы яго лічылі грамацеем – хлопец вучыўся ў сельскай царкоўна-прыходскай школе. Па просьбе маці і жонак салдат, якія знаходзіліся на фронце, пісаў ім пісьмы. Напрыканцы восені 1917 года да Лабковічаў дакацілася вестка аб рэвалюцыі ў Петраградзе. А ў хуткім часе дамоў вярнуўся бацька, жыць стала лягчэй.
Пасля заканчэння школы ў 1918 годзе Кузьма пайшоў у Крычаўскае вышэйшае пачатковае вучылішча, якое рыхтавала сельскіх настаўнікаў. Зімой ён вучыўся, а ўлетку рабіў у сельскай гаспадарцы. Але хлопца неадольна цягнула да ведаў. У вучылішчы арганізаваўся гурток навучэнцкай моладзі, у які ўступіў і Кузьма. Гурткоўцы займаліся самаадукацыяй, выпускалі насценгазету, у якой змяшчалі свае апавяданні і вершы. У гэтай газеце пабачыла свет і першае апавяданне К. Кісялёва “Настаўнік і ўраднік”.
Вясной 1919 года Кісялёў уступіў у камсамол. А праз некаторы час яго абралі сакратаром Маляціцкага валаснога камітэта камсамола. Разам з іншымі камсамольцамі яму даво­дзілася прымаць удзел у рабоце па ўмацаванні органаў Савецкай улады ў вёсцы.
У 1922 годзе Мсціслаўскі павятовы камітэт камсамола паслаў Кузьму Кісялёва вучыцца ў Смаленскі ўніверсітэт. Каб неяк пракарміцца, бо ў той час студэнтам не давалі стыпендый, хлопец са сваімі таварышамі хадзіў па выхадных на чыгуначную станцыю грузіць і разгружаць вагоны. Пры гэтым ён яшчэ займаўся ва ўніверсітэце актыўнай камсамольскай і грамадскай дзейнасцю. Не дзіўна, што ў хуткім часе Кузьму абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі медыцынскага факультэта. А ў 1923 го­дзе ён уступіў у партыю.
Напачатку 1924 года К. Кісялёў перавёўся ў Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт. І тут не заставаўся ў баку ад грамадскага жыцця, узначальваў выканаўчае бюро прафсаюза. Дып­лом медыка атрымаў у 1928 годзе. Восенню таго ж года яго прызначылі ардынатарам клінікі нервовых захворванняў медыцынскага факультэта.
Праз два гады, у 1930 годзе, па накіраванні Варонежскага абкама партыі Кісялёў паехаў вучыцца ў камуніс­тычную акадэмію. Паспяхова здаўшы экзамены, паступіў на першы курс інс­тытута філасофіі і прыродазнаўства. У хуткім часе яго абралі сакратаром партыйнай арганізацыі інстытута.
У 1933 годзе, пасля заканчэння вучобы, Кісялёва накіравалі ва Усесаюзны інстытут эксперыментальнай медыцыны ў Маскве. Тут ён вёў навуковую работу, пісаў артыкулы па медыцынскіх пытаннях, а ў 1936 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені кандыдата медыцынскіх навук.
У чэрвені 1937 года ў лёсе Кузьмы Венедыктавіча адбыўся круты паварот – ЦК партыі накіраваў яго ў Беларусь у якасці наркама аховы здароўя. Адміністрацыйная дзейнасць была для яго новай і цяжкай. Але, нягледзячы на гэта, Камісарыят на чале з ім право­дзіў вялікую арганізацыйную дзейнасць па паляпшэнні якасці медыцыны ў рэспуб­ліцы. Шмат увагі ўдзялялася ахове здароўя на сяле.
Але ўзначальваць Народны камісарыят аховы здароўя давялося нядоўга. 28 ліпеня 1938 года першая сесія Вярхоўнага Савета БССР абрала Кузьму Кісялёва кіраўніком урада Беларусі – старшынёй Саўнаркама БССР. Яму было ў той час няпоўных 35 год. З усёй энергіяй і настойлівасцю новы кіраўнік урада ўзяўся за вырашэнне праблем гас­падарчага і культурнага будаўніцтва. Большую частку рабочага часу Кузьма Венедыктавіч праводзіў у раёнах, працоўных калектывах, на месцах вырашаў няўвязкі, затрымкі, аказваў дапамогу.
У чэрвені 1940 года К. Кісялёва выз­валілі ад абавязкаў старшыні Саўнаркама БССР і перавялі на працу ў Маскву, ва Усесаюзны інстытут эксперыментальнай медыцыны на пасаду намесніка дырэктара. Затым яго прызначылі дырэктарам Дзяржаўнага медыцынскага выдавецтва СССР. Падчас Вялікай ­Айчыннай вайны ён рабіў старшынёй Ульянаўскага аблвыканкама.
У родны край Кісялёў вярнуўся, калі пачалося вызваленне Беларусі. 26 лістапада 1943 года Савецкая Армія вызваліла ад гітлераўскіх захопнікаў Гомель, у якім часова размясціліся ­ЦК КП(б)Б і ўрад рэспублікі. Урад прызначыў Кузьму Венедыктавіча старшынёй камісіі па аказанні дапамогі вызваленым з Азарыцкага лагера смерці. Мястэчка Азарычы размяшчалася ў пустыннай, забалочанай мясцовасці. Перад членамі камісіі паўстала жудасная карціна: у лагеры, абгароджаным калючым дротам, ляжалі сотні трупаў мужчын, жанчын, дзяцей, якія памерлі ад голаду і сыпнога тыфу. Жывых засталося няшмат – гэта былі шкілеты, абцягнутыя скурай, з запаўшымі гарашчымі вачамі, цяжка хворыя людзі. У лагеры знаходзілася больш за 30 тысяч чалавек.
У снежні таго ж 1943 года К. Кісялёў заняў пасаду першага намесніка старшыні Саўнаркама БССР, якую сумяшчаў з 30 сакавіка 1944 па 1958 год з пасадай наркама, а затым міністра замежных спраў БССР. Яго дыпламатычная дзейнасць пачалася пасля таго, як пятая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР першага склікання 24 сакавіка 1944 года прыняла закон аб стварэнні Народнага камісарыята замежных спраў БССР. Кузьма Венедыктавіч не меў вопыту ў гэтай рабоце, таму вы­ехаў у Мас­кву і на працягу трох месяцаў, па 10-12 гадзін штодзённа, набываў у НКЗС СССР патрэбныя яму веды…
Яшчэ ішла вайна, а ўжо ў красавіку 1945 года ў Сан-Францыска сабраліся прадстаўнікі 50 дзяржаў, каб закласці асновы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Дэлегацыя БССР была ў ліку дэлегацый дзяржаў-заснавальнікаў ААН. Узначаліць яе беларускі ўрад даручыў К. Кісялёву. Зрэшты, ён адзіны ў свеце міністр замежных спраў, які браў удзел у дваццаці штогадовых канферэнцыях Генеральнай Асамблеі ААН запар.
Падчас работы ХІХ з’езда партыі ў кас­трычніку 1952 года К. Кісялёву прапанавалі пасаду сакратара ЦК па кадрах. Гэта было сур’ёзнае павышэнне, але ён папрасіў пакінуць яго ў Мінску. Пад другім нумарам у спісе кандыдатаў значыўся Л. Брэжнеў, які і заняў гэтую пасаду. Леанід Ільіч не любіў быць другім, і ў 1966 годзе, стаўшы Генеральным сакратаром ЦК КПСС, ён узгадаў пра свайго канкурэнта, і К. Кісялёва адправілі на пенсію.
Але, як толькі стала магчыма, П. Ма­шэраў прызначыў яго саветнікам Саўміна БССР па ахове здароўя. На гэтай пасадзе Кузьма Венедыктавіч рабіў да скону свайго жыцця. За гэтыя гады ён напісаў дзве кнігі і сцэнарый да мастацкага фільма “Чорнае сонца”. К. Кісялёў сам мог бы стаць героем кінафільма, таму што не кожны чалавек пражывае такое яркае, запамінальнае, поўнае неардынарных падзей жыццё.
Жыццёвы шлях Кузьмы Венедыктавіча Кісялёва скончыўся 4 мая 1977 года. Аб людзях мяркуюць па іх справах, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. К. Кісялёў у гэтым сэнсе – яскравы прыклад. Сярод яго заслуг – стварэнне рэспубліканскага анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах, на адкрыццё якога прыязджаў нават Генеральны сакратар ААН. Менавіта Кузьме Венедыктавічу мінчане абавязаныя тым, што ў сталіцы ёсць Камсамольскае возера. Пры яго са­дзейнічанні ў 1952 годзе ў Лабковічах была пабудавана сельская ўчастковая бальніца, медыцынскае абсталяванне для якой было закуплена на яго ўласныя грошы. Разам са сваёй сям’ёй К. Кісялёў прыязджаў на яе адкрыццё. У 1972 годзе, таксама пры яго садзейнічанні, была пабудавана Лабковіцкая школа, якой у 1977 годзе было прысвоена імя К. Кісялёва.
Падрыхтаваў Сяргей ДЫНІКАЎ.
На здымку: К. Кісялёў з калегамі падчас пасяджэння Генеральнай Асамблеі ААН.

Добавить комментарий