“Сёння ў нашай хаце свята”…

Так. Вёска Сакольнічы на мінулым тыдні святкавала Дзень вёскі. Пакінуўшы ўласныя справы, на свята сабраліся шматлікія жыхары, моладзь, дзеці. Уладкаваліся перад сельскім домам куль­туры – тут і сцэна, і глядацкая зала, а непадалёк – выставы вырабаў дэкаратыўна-прыклад­нога мастацва: вядомай у раёне вышывальшчыцы Галіны Пруд­нікавай і стваральніцы цудоўных лялек Кацярыны Рыжковай, гандлёвая кропка, для дзетак – бясплатнае карыстанне батутам, частаванне салодкай ватай…

Сярод ганаровых гасцей свята – старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Седукоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Сляпнёва, кіраўнік справамі райвыкан­кама Алена Стасянкова (яна, дарэчы, родам з Сакольнічаў, і прапусціць такую падзею для аднавяскоўцаў – аніяк!). Гаспадары свята, з дапамогай якіх яно і арганізавана, – старшыня Касцюшкавіцкага сельскага Савета Уладзімір Мядзведзеў і дырэктар КСУП “Добрасць” Аляксандр Мамусеў.
Цёплыя, пранікнёныя словы гучаць у адрас жыхароў, самой вёскі – калісьці адной з найвялікшых у раёне, што была цэнт­рам буйнейшага перадавога калгаса “Запаветы Ільіча”.
Гасцінна віталі жыхары Сакольнічаў сваіх гасцей, кіраўніку раёна Андрэю Седукову ўручылі каравай. Ён павіншаваў са святам жыхароў вёскі, якія калісь­ці яе стваралі і цяпер падтрымліваюць, моладзь – будучае гэтага сяла, у руках каторай знаходзіцца ўсё, што створана іх бацькамі і аднавяскоўцамі. “Няма прыгажэйшага за той куток, што ёсць у сэрцы кожнага з нас. Куток, дзе пражывалі бацькі і дзеды, дзе ваявалі і стваралі тое, што мы сёння маем, – пачаў стар­шыня райвыканкама сваё выступленне. – І вельмі хочацца, каб вёска разрасталася, яе інфраструк­тура павялічвалася. Каб моладзі на сяло больш прыйшло, пашыраліся дзіцячыя садкі, школы і тыя даб­роты, што сёння у раёне ёсць”. І гэтага патрабуе Глава дзяржавы, абвясціўшы 2020 год трэцім Годам малой радзімы. І менавіта дзеля гэтага існуе выканаўчая ўлада. Так, не ўсё намечанае ўдалося зрабіць, але работа працягваец­ца, работа вядзецца планамерна. “Паверце, для сяла сёння робіцца вель­мі шмат. У раёне практыч­на завяршаецца ўборка ўраджаю, КСУП “Добрасць” таксама выйшла на завяршэнне жніва. Кіраўнік гаспадаркі, ды і вы самі ведаеце, якой цаной даец­ца сёння ўборка хлеба. Але ні адна гаспадар­ка не мела цяжкасцей з палівам, ядахімікатамі. Сёння Крычаўскі раён на бязвыплатнай аснове атрымаў два новых камбайны. І гэта не апошняя падтрым­ка. Пагэтаму дзяржавай, абласным выканаўчым камітэтам, раённым выканаўчым камітэтам робіцца ўсё, каб падтрымаць сель­скага працаўніка, палеп­шыць быт сельскага жыхара”. Кіраўнік раёна падкрэс­ліў, што пасля завяршэн­ня жніва гаспадарка дапаможа ўбраць хлеб тым, хто вырошчваў яго на сваіх прысядзіб­ных участках. Гэта задача нумар адзін. І раённы Савет дэпутатаў нацэльвае, каб былі ўбраны ўсе прысядзіб­ныя ўчаст­кі і без страт, каб жыхары сяла адчувалі сябе ў бяспецы ў гэтым плане, каб ведалі: тое, што пасея­лі, будзе ўбрана.
Старшыня райвыканкама Андрэй Седукоў расказаў аб прэферэнцыях, якія прадастаўляюцца Указам Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь “Аб развіц­ці паўд­нёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці”. А сталіцай паўднёва-ўсходу з’яўляец­ца Крычаў. Ён павін­шаваў вяскоўцаў са святам і пажадаў міру і дабрабыту, шчас­ця і каб кожны дзень прыносіў толькі радасць і заспакаенне.

 

Павіншавала са святам жыхароў вёскі старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Пруднікава. Расказала пра развіццё вёскі Сакольнічы і пра дзень сённяшні і пажадала ўсім здароўя, шчас­ця, дабрабыту ў сем’ях. Яна падзякавала арганізатарам за такое мерапрыемства, што падтрымлівае і аб’ядноўвае людзей.
Шчыра павіншавалі стар­шыня сельсавета Уладзімір Мядзведзеў і дырэктар гаспадаркі Аляксандр Мамусеў, пажадаўшы жыхарам Сакольнічаў шчасця і дабра. Пра развіццё калгаса “Запаветы Ільіча” ўзгадаў стараста гэтай вёскі Васіль Бамбізін. А навучэнцы Сакольніцкай школы расказалі, як жывуць яны і чым займаюцца ў сваёй навучальнай установе.
На свяце ўшанавалі вяскоўцаў, якія актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем уласных падворкаў, – Наталлю Казлову, Алесю Осіпаву (заахвочвальныя граматы), Тамару Жарыкаву і Людмілу Вацура (трэцяе месца), Алу Галатоўскую і Алу Ратабыльскую (другое месца), Алену Туцькіну за першае месца.
Адзначыла гаспадарка работнікаў жывёлагадоўчай галіны Вольгу Бондараву, Ірыну Чугун­кову, Ігара Калістратава, Сяргея Балянкова, Надзею Аўраменка, Ілону Чапеліну. Уручаны падарункі ветэранам працы Васілю Бамбізіну, Людміле і Мікалаю Вацура. Адзначана ветэран педагагічнай працы, якой сёлета споўніцца 88 гадоў, Таццяна Жывіцкая. Яна і па сённяшні дзень вядзе актыўную работу па патрыятыч­ным выхаван­ні моладзі. Узгадалі доўгажыхароў вёскі Саколь­нічы і самых юных яе насельнікаў, юбіляраў, якім сёлета споўнілася 85 гадоў, ушанавалі шматдзет­ныя сем’і і прыёмную сям’ю ­Галатоўскіх…
Успомнім і землякоў, якія змагаліся за Перамогу. Хвілінай маўчан­ня ўшанавалі памяць загінуў­шых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Маладое пакаленне мужчын у свой час з гонарам выканала інтэрнацыя­нальны доўг у Афганістане. Як адзначыў стар­шыня райвыканкама Андрэй Седукоў, яны не спасавалі ні перад чым, паказалі, на што здольны савецкі салдат. Чатыры жыхары Сакольнічаў прайшлі праз агонь афганскіх баёў – Барыс Сімага, Генадзь Кар­палаў, Уладзімір Паўлючэнка, Уладзімір Галатоўс­кі. Ім – удзячнасць і пашана.
Багатая гісторыя вёс­кі Сакольнічы. Багатая яна сваімі людзьмі, іх вялікімі справамі, іх подзвігамі ў гады Вялікай Айчын­най вайны і ў мірны час. Так, урадавымі ўзнагародамі адзначаны Попель Браніслаў Антонавіч – ордэн Працоўнай Славы 3 ступені, Маісеенка Вера Іосіфаўна – медаль “За працоўную доблесць”, Ратабыль­ская Еўдакія Сцяпанаўна – ордэн “Знак Пашаны”, Попель Надзея Рыгораўна – медаль “За працоўную доблесць”, Бакуновіч Уладзімір Мікалаевіч – ордэн Працоўнай Славы 3 ступені. І сёння ёсць каму ў Сакольнічах працягваць іх слаўныя працоўныя традыцыі. Кажуць, пакуль ёсць на сяле школа, яму жыць.


…І дапазна “гудзелі” Сакольнічы, святкуючы Дзень вёскі. Іх він­шавалі землякі – вакальны ­ансамбль “Раднік”, ураджэнец вёс­кі Касцюшкавічы, чалавек-­свята Сяргей Булянкоў, артыс­ты раённага Цэнтра культуры і іншыя. Падпявалі артыстам і самі вяскоўцы, а затым частаваліся юшкай і іншымі стравамі, падрыхтаванымі для іх у гонар свята бясплатна. Вёска спраўляла, можна сказаць, свой дзень нараджэння.
Таццяна Іўкіна.
Фота Уладзіміра Далецкага.

Добавить комментарий