Мікалай Сірацінін (Апавяданне-быль)

Ягор Ціхановіч Бяспалаў узначальваў раённую газету больш за 10 гадоў, працаваў адказным сакратаром. У памяці работнікаў раённай газеты старэйшага пакалення ён застаўся як патрабавальны, прынцыповы кіраўнік, але, у той жа час, уважлівы, спагадлівы чалавек. Старэйшае пакаленне рэдак­цыі ўспамінае яго добрым словам, з павагай.
За плячыма гэтага чалавека ваеннае юнацтва. Ён прайшоў нялёгкімі дарогамі вайны ад Масквы да Эльбы. Артылерыст супрацьтанкавай батарэі.
За гераізм, праяўлены ў барацьбе з ворагам, ён быў узнагароджаны ордэнам Славы, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» , «За перамогу над Германіяй» і інш.
Я. Ц. Бяпалаў – выдатны журналіст. Сёння мы прапануем вашай увазе аповед, які калісьці напісаў Ягор Ціхановіч.

Над маленькай рачулкай Добрасць у парахавым дыме, перамешаным з туманам, клубіўся ліпеньскі ранак. Гарматы, якія бухалі ўчора дзень і вечар, прыціхлі, быццам змарыліся. Нашы часці адыходзілі за раку Сож.
Цёплы ранак дыхаў трывожнай цішынёю. Нават адзінокі квак лягушкі ў дрыг­вяністых берагах Добрасці аддаваўся нейкім сполахам і тут жа сціхаў. У журбоце сваёй прыціхла вёска Сакольнічы. Здавалася, вымерлі яе людзі. Нішто не радавала іх гэтай летняй раніцай. Невядомасць, страх краліся да кожнага парога.
Жанчыны і дзеці ўпотай глядзелі то на ўсход, то на захад. Змахвалі з твараў слёзы. Там, за ракою Сож і зялёным лугам, – свае, родныя і блізкія. На захадзе – чужынцы. Як не хацелася савецкім людзям бачыць фашыстаў!
Мікалай задуменна сядзеў на лафеце гарматы. Спелыя жытнія каласы навісалі над ім. Яны трымалі хлеб – дар чалавеку ад шчодрай зямлі за яго працу. Памінутна каласы ціха-ціха шамацелі, нібы шапталіся аб нечым. Справа чорнай стужкай пралягло Маскоўскае шасэ. Яно імкліва разрэзала далячынь аж да самай Варшавы.
За Добрасцю дарога ішла ўгору і далёка праглядвалася. Потым, на спуску, хавалася за абступіўшым яе з двух бакоў лесам. Шчыльна стаялі адна ля адной стогадовыя бярозы і хвоі. Яны таксама маўчалі, нібы прыслухоўваючыся да чагосьці. Або ведалі таямніцу пра гармату Сірацініна і сваім павевам не жадалі выдаць яе ворагу.
Па правы бок шасэ, на ўзвышшы, прыкрывалі пераправы пехацінцы. А па левы ён – камсамолец Мікалай Сірацінін. Доб­раахвотна застаўся. І не адступіць. Колькі б не было ворагаў, з якой бы тэхнікай не лезлі на яго – вытрымае. Вытрымае столь­кі, колькі будзе біцца яго сэрца, а рукі будуць здольныя закласці снарад у ствол гарматы.
Нагрэтая ўчарашнім сонцам зямля была цёплай. Мікалай зняў з галавы каску. Другой рукой прыгладзіў скамечаныя цёмна-­русыя валасы. Удыхнуў паветра на поўныя грудзі. Як хораша раніцай! Ён быў зусім малады. Яму толькі што споўнілася дзевятнаццаць.
Толькі думаў у гэтыя мінуты Мікалай не пра сваю маладосць, якая прайшла на Арлоўшчыне. Прасторы яго Радзімы тап­таў вораг. На Маскву ірваўся ён. І гэтае шасэ, што побач, – самае кароткае да савецкай сталіцы. А там, за ракою Сож, куды адступіла яго дывізія, непадалёк пачыналіся прасторы Расійскай Федэрацыі.
Значыць, ні кроку назад! Кожная гадзіна, нават мінута, на якія ён затрымае ворага тут, – ёсць перамога. Няхай не рашаючая, але перамога. Сваім подзвігам ён дапаможа таварышам замацавацца на новым рубяжы.
З-за Сожа брызнулі і разліліся над палямі промні гарачага сонца. Разам з імі на захадзе пачуўся гул матораў. У блакіт­ным небе з’явіліся гарбаносыя “юнкерсы”. Вакол іх шнырылі крыжападобныя “месер­шміты”. Яны то неяк вяла хіліліся на крыло, то крута пікіравалі ўніз, адшукваючы чарговую ахвяру.
Самалёты паплылі на ўсход. А за імі следам, з боку Чэрыкава, каціўся, нарастаў новы гул. Апранутыя ў броню, калонай рухаліся гудэрыянаўскія галаварэзы.
Мікалай Сірацінін надзеў каску, нахіліўся да панарамы. Оптыка наблізіла ворагаў.
– Нахабна едуць, гады! – зло вымавіў артылерыст. – З адкрытымі люкамі танкаў.
Сірацінін навёў гармату на мост праз рачулку Добрасць. Устанавіў прыцэл і нібы застыў у суровым маўчанні.
Танкі, уперамешку з бронетранспарцёрамі, наязджалі. Грозна кацілася сталёвая лавіна. Здавалася, нішто не ­выстаіць перад ёю. Наваколле поўнілася гулам. Пад стальным цяжарам уздрыгвала зямля, нібы спрабавала скінуць яго са ­сваёй спіны.
Галаўны танк апярэдзіў іншыя. У яго адкрытым люку напаўроста стаяў афіцэр. Гіт­леравец паднёс да вачэй бінокль. Што ён бачыў? Сакольнічы або Крычаў, да якога заставалася рукою падаць? Ён, відаць, лічыў сябе пераможцай. Маршам думаў ён праляцець апошні беларускі горад і такім жа маршам уварвацца ў Маскву.
Афіцэр схіліўся і нешта, відаць, крыкнуў у чорнае чэрыва вежы. Выхлапныя трубы танка тут жа дыхнулі чорным дымам. Скорасць узрасла.
Сірацінін зліўся з гарматай, прырос, здавалася, да яе. Рукі ледзь краналі механізмы наводкі. Яны былі паслухмяныя нават малейшаму дотыку наводчыка. Скрыжаванне панарамы нібы застыла на вежы танка.
Са ствала гарматы брызнуў сноп агню. Жыта наперадзе калыхнулася, прылягло да зямлі, даючы ход снараду. Варожы танк спыніўся, нібы прышыты да насцілу моста. Праваліўся кудысьці афіцэр. З люка, дзе ён толькі што стаяў і прагна ўглядаўся ненажэрнымі вачыма ў чужыя прасторы, як з каміна, паваліў густы чорны дым.
Другі танк спрабаваў праскочыць міма падбітага. Мост дазваляў гэта. Але трапны стрэл Сірацініна прыкаваў побач і другога захопніка. Як і першы, ён густа задыміў.
Калона спынілася. За танкамі на аўтамашынах віднелася пяхота. Ствол гарматы Сірацініна прыўзняўся. Пасланы ім трэці снарад гулка разарваўся на бронетранс­парцёры, што выпаўз з-за ўзгорка, далёка ад галавы калоны. Рэха выбуху пакацілася па лесе. Над бронетранспарцёрам успыхнуў агонь. Дым прыўзняўся і расцёкся па-над вершалінамі дрэў.
Снарады Сірацінін клаў адзін за другім. Яны без промаху рваліся ўсцяж застыўшай калоны. Руху – ні назад, ні наперад. Усё заклінілі падбітыя машыны.
Фашысты спрабавалі праскочыць збоч шасэ. Але дрыгвяністыя берагі рачулкі Доб­расць надзейна прыкрылі агнявую пазіцыю Сірацініна. З вышыні справа падалі голас пехацінцы. Акрыленыя дзёр­засцю артылерыста, яны шчыльным кулямётным і вінтовачным агнём прыціснулі да зямлі варожых аўтаматчыкаў. Павесялеў Мікалай. Ён не адзін на правым беразе Сожа. Стаяць пехацінцы. Без бою і яны не адступілі.
Гітлераўцы мітусіліся. Так ганебна трапілі ў пастку. Тады яны адкрылі па савец­каму артылерысту шквальны агонь. Дзве батарэі, без продыху, пасылалі снарад за снарадам. Дзясяткі выбухаў – крэмзалі жытнёвае поле вакол агнявой Сірацініна. Зверху сыпаліся зямля і салома. Гучна грукалі ў шчыт гарматы асколкі. Ад едкага дыму ўзрыўчаткі і пылу, здавалася, згусцела паветра. Дыхалася цяжка.
Пры рэзкіх рухах пякуча балелі раны. Іх некаму было перавязаць. Некаму і нечым. Набухла крывёю адзенне. Спакваля падкрадвалася стома. Дранцвелі рукі. Нават снарад і той чамусьці ацяжэў. Буйныя кроплі поту каціліся па твары, сляпілі вочы. Скрыжаванне панарамы пры гэтым засцілалася туманам, расплывалася. Горш і горш разлічалася цэль.
Сірацінін не здаваўся. Хоць і марудней ранейшага, усё ж дасылаў снарады ў ствол. Біў і біў па варожай калоне. Машыны гарэлі. Палыхаючых каст­роў набаўлялася. Гітлераўцы, не так даўно настроеныя ваяўніча, хаваліся ў прыдарожных канавах і ямах. Гэта радавала салдата, надавала яму новыя сілы.
Вакол гарматы Сірацініна па-ранейшаму віхурамі ўзляталі агонь і жалеза. Да батарэй далучыліся танкі. Стралялі таксама беглым. І ў гэтым вогненным пекле храбра біўся адзін герой-артылерыст. Ён стрымліваў варожае нашэсце, бараніў сваю родную зямлю. І яна, родная зямля, сокамі сваімі ўскарміўшая яго, у цяжкую гадзіну выпрабаванняў дарыла яму адвагу і стойкасць.
І ён стаяў. Сцякаючы крывёю, некалькі гадзін запар трымаў заняты рубеж.
…Аўтаматная чарга абарвала жыццё героя. Прашыты кулямі, са снарадам у руках, зваліўся артылерыст на станіну ­сваёй гарматы.
Захоплены боем, аглушаны абстрэлам, Сірацінін не заўважыў, як падкраліся ззаду варожыя аўтаматчыкі. Кружным шляхам, абмінуўшы вёску Сакольнічы злева, прарваліся яны на матацыклах у тыл абароны.
Убачыўшы на агнявой аднаго забітага, гітлераўцы нямала здзівіліся. Яны не верылі вачам сваім. Тады цыбаты афіцэр, які камандаваў аўтаматчыкамі, загадаў абшарыць усё наўкол. Жыхароў Сакольнічаў, якія хаваліся ад гарматнага абстрэлу ў акопах, ён выцягваў наверх і пытаў:
– Матка, рус адзін?
– Адзін, – адказвалі жанчыны.
Гітлеравец не верыў ім. Зноў кідаўся на пошукі. І нікога не знаходзіў. Артылерыст быў адзін. Адзін супраць соцень ворагаў.
А на шасэ, як на звалцы, дагарала падбітая Сірацініным варожая тэхніка. Фашысты грузілі на машыны параненых, сцягвалі ў адно месца забітых. Магільнік атрымаўся ўнушальны: каля сотні бярозавых крыжоў “упрыгожылі” лясную паляну ля дарогі. Тры з іх былі асобыя, афіцэрскія.
Дорага каштавала захопнікам беларуская зямля.
Ля шасэ, на месцы бою, цяпер высіцца абяліск. Гэта вечны помнік мужнаму сыну Расіі з Арлоўскай вобласці, герою-артылерысту Мікалаю Сірацініну.

Добавить комментарий