Заўсёды раўняўся на бацьку

Многія крычаўляне добра ведаюць Уладзіміра ­Аркадзьевіча Чарнова. І не дзіўна. Ён, вадзіцель аўтапарка, звыш васьмі гадоў перавозіў пасажыраў па гарадскіх маршрутах, а потым каля чатырнаццаці – па між­гародніх: Магілёў, Гомель, Мінск, іншыя гарады Беларусі. Так што разам радаваліся і разам засмучаліся даволі працяглы перыяд. Радаваліся, калі своечасова, па графіку дабіраліся да свайго прыпынку. Засмучаліся, калі здараліся паломкі. А яны былі, хоць і вель­мі рэд­ка… А дагэтуль, пасля служ­бы ў арміі (ракетныя войскі), шаснац­цаць гадоў рабіў на цэментна-шыфер­ным камбінаце, у кар’еры “Каменка” – ­таксама вадзіцелем.

…Сядзім у скверыку на ледзь прыцеп­ленай сонейкам скамейцы, і Уладзімір Аркадзьевіч няспешна расказвае. Я, кажа, заўсёды стараўся, імкнуўся ўсё рабіць так, каб і самому, і людзям гэта падабалася, прыносіла прыемнасць. Гэтаму мяне вучыў бацька, Аркадзь Рыгоравіч, удзельнік вайны. І я заўсягды прыслухоўваўся да яго парад, усяму вучыўся ў яго, у тым ліку і дабрыні к людзям. Работа вадзіцеля аўтобуса няпростая. Яна вельмі адказная. Ты, калі за рулём, увесь час у напружанні. Асабліва, калі няма ўпэўненасці ў надзейнасці тэхнікі, калі аўтобус парадкам зношаны. І, вядома ж, як вязеш дзяцей, школьнікаў на экскурсіі ў далёкія месцы, гарады. А іх, такіх паездак, было нямала.
Я пераканаўся, гаворыць Уладзімір Чарноў, што людзі нашы добрыя, усё разумеюць, вельмі спагадлівыя. Былі выпадкі, калі што-небудзь здаралася з машынай, напрыклад, кола праколата. Нежаданая затрымка, пасажыры хвалююцца, а сам перажываеш яшчэ больш. І ведаеце, пасажыры самі прапануюць дапамогу. Разам хутчэй ухіляем няспраўнасць і едзем далей. І гэтак было не раз. А з-за адной паломкі ледзь інфаркт не атрымаў – так вельмі расхваляваўся і расстроіўся. У дарозе выйшаў са строю рухавік. Пасажыраў уладкоўвалі ў спадарожныя аўтобусы. А чамаданы, рэчы даставілі іншай машынай.
Пасля таго здарэння самая пільная ўвага была ўдзелена якасці рамонту аўтобусаў-міжгароднікаў, кантролю за падрыхтоўкай іх да рэйсаў. За гэтым сачыў сам кіраўнік аўтапарка А.М. Гер­дзій. Ён, лічу, уважлівы да людзей і патрабаваль­ны, многа зрабіў, каб добра, нармальна працавала прадпрыемства.
Нядаўна, апавядае Уладзімір, паведамлялі ў навінах, як п’яны скандаліст справіў дэбош у салоне самалёта, што вымушаны былі спыніць палёт. Успомніў, што і ў салонах нашых аўтобусаў такое здаралася. Тут, вядома, лягчэй уняць буян­ства ап’янелага. Мы па дапамогу да міліцыі не звярталіся. Выкарыстоўвалі свае метады ўздзеяння. Аднойчы ехалі на Мінск. Напарнік вёў аўтобус. Усё было спакойна. І раптам у задніх радах шум, крык. Узбушаваўся мужчына гадоў сарака, п’яны. Пасажыры абураюцца, прапануюць высадзіць грубіяна. Я да яго, прашу па-добраму ўняцца. Не слухае. У галаве словы бацькі: “Умей стрымацца, можа, чалавеку горка”. Падсаджваюся да яго і гавару: “Ты ж, я ведаю, салдатам быў, давай-ка лепш паспяваем”. І вось, я цішэй, а ён крыху грамчэй, спяваем аб тым, як ідзе салдат па гораду, па незнаёмай вуліцы. Ён досыць на­спяваўся і заснуў. А ў Мінску ўсіх прасіў прабачыць за непрыстойны свой учынак. І такія прыклады былі яшчэ.
Зусім незаўважна праляцелі гады. Ужо і пенсійны стаж расце. А што зроб­лена? Яму думаецца – не асабліва. І разважае, асэнсоўвае. І не пагаджаецца з гэтай думкай, а спыняецца на тым, што, усё ж, зроблена нямала.
Прыгадвае, як з бацькам на сотках не вельмі ўрадлівай зямлі стваралі дачу. Ён умеў усё і вучыў гэтаму сына. Адзін раз папракнуў яго за няўдала высечаны шпарок у бервяне. І паказаў, як правільна рабіць. Зрубілі і паставілі на мураваны падмурак зруб, накрылі, абшалявалі, абсталявалі ўсё ўнут­ры. Доб­рая лазёнка атрымалася. Пасля і за домік узяліся. Каробку ўзвялі з блокаў, абклаўшы цэглай. Прыгожа выглядае. Пасадзілі пладовыя дрэўцы, кус­ты ягадныя, апрацавалі зямлю. Цяпер тут прыемна, утульна ўсім – бацькам, дзецям, унукам. Можна і папрацаваць, і добра адпачыць, паласавацца садавінай, ягадамі. Усё стваралася, вядома, не адразу, а паступова, на працягу многіх гадоў.
Будавалі, абсталёўвалі ўсё на дачы і шкадавалі, што не хапае часу. Бо была ж і ў бацькі, і ў сына асноўная работа. Бацька пасля вайны працаваў памочнікам машыніста паравоза ў дэпо. А пасля курсаў – старшым нарадчыкам, затым дзяжурным па станцыі. Адсюль і пайшоў на пенсію. За старанную працу не раз атрымоўваў падзякі, граматы, яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны чыгуначнік Беларусі”. А маці, Марыя Трыфанаўна, увесь час працавала ў цэмзаводскай сталовай. Дарэчы, у гэтай жа сталовай поварам, з адным запісам у працоўнай кніжцы, адпрацавала і Людміла Паўлаўна, жонка Уладзіміра Чарнова. У іх цяпер двое дзяцей і ўжо пяцёра ўнукаў. Сын Аляксандр рабіў на цэмзаводзе галоўным энергетыкам, зараз у Энерганаглядзе, дачка Наталля – вядучым інжынерам у лабараторыі цэмзавода. Выходзіць, што цэлая дынастыя Чарновых на вядучым прадпрыемстве горада.
З цеплынёй гаворыць Уладзімір пра сваю родную сястру Загрывіну На­дзею Аркадзьеўну. Яна, кажа ён, вельмі доб­рая, клапатлівая, душэўная, уважлівая да ўсіх, асабліва да дзяцей. А як жа іначай. Яна ж працавала настаўніцай пачатковых класаў у чацвёртай і пятай школах. Працавала паспяхова, старанна. Цяпер на пенсіі. У яе дачка і двое ўнукаў. Дачка Святлана Сусен­ка працуе аператарам экектроннага набору і версткі ў рэдакцыі нашай райгазеты. Прафесійна, старанна робіць сваю справу, у калектыве яе паважаюць і цэняць.
Уладзімір прыпамінае, як бацька, хоць і рэдка, але ж калі-нікалі расказ­ваў аб вайне. Цяжкая, жудасная была яна. Горкае адступленне, адыходзілі, сцяўшы зубы. Ён пачаў вайну танкіс­там. Асвойваў ваенную тэхніку, што называецца, на хаду, ва ўмовах бая­вых дзеянняў. У час жорсткіх баёў некалькі разоў быў паранены. Пад Кёнігсбер­гам атрымаў цяжкае ранен­не, лячыўся ў шпіталях. І яшчэ раз ледзь не загінуў, быў на валасіне ад смерці, калі яго, камандзіра танка, сяржанта Чарнова, параненага, выцягнуў з палаючай машыны механік-вадзіцель. За баявыя заслугі Аркадзь Рыгоравіч Чарноў быў узнагароджаны ордэнам Чыр­вонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені і многімі медалямі.
Амаль заўсёды ў Дзень Перамогі бацька адзяваў свой новы касцюм з узнагародамі і казаў: “Давай, сынок, сходзім да Кургана Славы. Можа, і франтавікоў там убачым”. Цяпер бы ён многіх убачыў, а даклад­ней, іх прозвішчы. Так, прозвішчы жыхароў Крычаўшчыны, якія загінулі ў бітвах з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, увекавечаны на мармуровых плітах створанай у мінулым годзе Алеі Памяці ля падножжа Кургана Славы. Сярод тысяч іншых імёнаў тут ёсць і прозвішча аднаго брата Аркадзя – Фёдара Рыгоравіча Чар­нова, які загінуў, абараняючы Радзіму. Ваяваў на 1-м Беларускім фронце і другі яго родны брат – радавы Міхаіл Рыгоравіч Чарноў.
А нарадзіліся ўсе трое братоў у вёс­цы Паўлавічы. Бацька іх – Рыгор Аўрамавіч Чарноў, маці – Наталля Сцяпанаўна. Бацька служыў у царскай арміі, удзельнічаў яшчэ ў руска-японскай вайне. У яго былі і нейкія ўзнагароды той вайны, ды з часам згубіліся…
З цяжкасцю пераносілі, перажывалі пажылыя, старыя людзі нямецкую акупацыю. Пагардліва ставіўся да чужын­цаў дзед Рыгор. Аднойчы вымудрыў нейкую частушку і, громка і картавячы, прачытаў яе, калі міма праходзілі два нем­цы і паліцай. Чатырохрадкоўе быццам бы заканчвалася вось гэтак: “На ўсход нем­цы так ляцелі, аж парывіста п……лі, ды Маск­ву не паглядзелі”. І дзед за гэта ледзь не паплаціўся жыццём. Але яго старая і іншыя бабулі-суседкі ўратавалі. Малілі, упрошвалі, гаварылі і паказвалі рукамі, што дзед ужо без розуму, прынеслі ім міску яек. І чужынцы адсталі…
З вялікай радасцю сустрэлі нашы людзі ў 1943 годзе сваіх вызваліцеляў. У Крычаўскім краязнаўчым музеі захаваўся памятны здымак тых часоў. На ім жыхары вёскі Паўлавічы – Вольга Высоцкая, Рыгор Аўрамавіч Чарноў і Андрэй Лебедзеў – з хлебам-соллю, з радасцю, урачыстасцю і слязамі ў вачах сустракаюць дарагіх мужчын, ­чырвонаармейцаў.
Расказвалі, што, як прыйшлі нашы, дзед Рыгор, з курчавай барадой, расправіўшы грудзі, быў у такім прыўзнятым настроі, што храбрыўся пайсці з усімі на Захад і жорстка помсціць ворагу. Ды яму паважліва параілі лепш разам з іншымі заняцца, як дазволіць здароўе, адбудовай вёскі, працай на зямельцы, а з ворагам справяцца і маладзейшыя хлопцы…
…Уладзімір Аркадзьевіч Чарноў глядзіць на праходзячых па бетанаванай дарожцы ў скверыку людзей і зноў з пачуццём гонару расказвае пра доб­рыя справы сваіх бацькоў. А потым са скрухай у голасе і шкадаваннем ціха кажа: “Бацька наш памёр у 2008 годзе. У тым жа і маці. Пахавалі іх побач на новым могільніку, каля Глушнева. Бываем там, вітаемся з імі, успамінаем, ганарымся. Недарэмна яны пражылі на гэтым свеце, многа карыснага зрабілі, добры ўспамін пакінулі аб сабе. Свет­лая памяць аб іх, аб усіх родных, хто там, разам з імі, назаўсёды захаваецца ў сэрцах удзячных нашчадкаў”.
Запісаў Іван САЛАЎЁЎ,
пенсіянер.
На здымку: бацька і сын Чарновы каля Кургана Славы.

Добавить комментарий