Гісторыя як песня

«Кацюшамі» ў народзе называлі рэактыўныя мінамёты БМ-8, БМ-13, БМ-31 і інш. Як і танк Т-34, штур­мавік Іл-2, супрацьтанкавая гармата ЗіС-3, «Кацюша» стала сімвалам Вялікай Перамогі. Па ініцыя­тыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі да падножжа мемарыяльнага комп­лексу «Курган Славы» ­будзе ўстаноўлена баявая машына «Кацюша», якая папоўніць экспазіцыю ваеннай тэх­нікі Вялікай Айчыннай вайны і стане своеасаблівым падарун­кам да 75-годдзя Перамогі.
«Кацюша» – легендарная зброя, сімвал стойкасці, гераізму і адвагі савецкіх воінаў. А яшчэ сімвалам Вялікай Айчынная вайны стала песня «Кацюша» (словы М. Ісакоўскага, музыка М. Блантэра). Атрымалася, што ў свядомасці пакаленняў два гэтых сімвалы зліліся ў адзін. Спачатку пра песню, якая дала імя гвардзейскаму рэактыўнаму мінамёту. Упершыню «Кацюша» прагучала 27 лістапада 1938 года ў Калоннай зале Дома Саюзаў у Маскве. Афіцэры, якія знаходзіліся ў зале, тры разы выклікалі песню на «біс».
А потым была вайна. І загучала «Кацюша» з іншымі інтанацыямі і ў іншым кантэксце. Гераіня песні стала і салдатам, і партызанкай, і санітаркай, і дзяўчынай, якая чакае каханага з перамогай, і… зброяй перамогі. Чаму так атрымалася? Ваенны гісторык, а ў былым сяржант штабной роты Андрэй Сапронаў, узгадваў, што чырвонаармеец Кашырын, які прыехаў разам з ім на батарэю капітана Флёрава пасля абстрэлу Рудні, здзіўлена выгукнуў: «Вось гэта песенька!». Тады Андрэй Сап­ронаў яму адказаў: «Кацюша!».
Іншыя, праўда, лічаць, што такую назву баявая машына атрымала таму, што на ёй ставілі літару «К». Магчыма таму, што вытворчасць была арганізавана на заводзе імя Камінтэрна (Варонеж) і на мас­коўскім заводзе «Кампрэсар». Па гэтай літары салдаты пачалі называць яе імем дзяўчыны з леген­дарнай песні, бо «спявала» яна выдатна. Агучваюць і яшчэ адну версію. У адпаведнасці з ёй, машына была настолькі сакрэтная, што забаранялася даваць каманды, як у артылерыі, напрыклад, «Плі», таму гучала каманда «Спявай». Вось і «спявала» «Кацюша». Адным словам, рэактыўны мінамёт стаў легендай, ды і назву атрымаў легендарную. Хто яго так назваў, сказаць цяжка. Адно зразумела – гэта народная творчасць, бо франтавікі любілі даваць мянушку зброі.
Цяпер пра гісторыю. Хаця работы над стварэннем першай у свеце рэактыўнай сістэмы залпавага агню вяліся яшчэ ў сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя, аўтар­скае пасведчанне № 3338 на «механізаваную ўстаноўку для страль­бы ракетнымі снарадамі розных калібраў» было выдадзена ў лютым 1940-га года. Сярод аўтараў – галоўны інжынер Рэактыўнага навукова-даследчага інстытута генерал-маёр інжынерна-авіяцыйнай службы Андрэй Косцікаў і канструк­тар інстытута інжынер-палкоўнік інжынерна-артылерыйскай служ­бы Іван Гвай.
Пускавая ўстаноўка для рэак­тыўных снарадаў мела 16 накіравальнікаў, на кожны з якіх устанаўліваліся па два снарады М-13. Дзве баявыя машыны прадэман­стравалі на аглядзе новых узораў узбраення, які праходзіў у чэрвені 1941 года на падмаскоўным палігоне. За выпрабаваннем назіралі народны камісар абароны і іншыя высокія асобы. Прынялі на ўзбраен­не Рабоча-Сялянскай Чыр­вонай Арміі БМ-13 (баявая машына-13) 21 чэрвеня 1941 года.
Гісторыя яе першага прымянен­ня звязана з імем капітана Івана Андрэевіча Флёрава, камандзіра асобнай эксперыментальнай батарэі рэактыўнай артылерыі Рэзерва Галоўнага Камандавання. Нарадзіўся Іван Андрэевіч 24 красавіка 1905 года ў вёсцы Двурэчкі Ліпецкай вобласці. Пасля закан­чэння земскай школы працаваў ў вёсцы, потым – вучнем слесара на цук­ровым заводзе. Пасля заканчэння школы ФЗУ працаваў тут майстрам вытворчага навучан­ня. У 1927-1928 гадах служыў у артылерыйскіх часцях у Чырвонай Арміі. Закончыў курсы камандзіраў. Пасля курсаў афіцэраў запаса застаўся ў арміі. У 1939 годзе быў залічаны слухачом Артылерыйскай акадэміі. Камандзірам батарэі гаўбічнага артылерыйс­кага палка прымаў удзел у вайне з Фінляндыяй. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Затым вярнуўся да вучобы ў акадэміі. Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызначаны каман­дзірам першай у Чырвонай Арміі асобнай эксперыментальнай батарэі рэактыўнай артылерыі. 2 лі­пеня 1941 года батарэя была ўзброена выпрабавальнымі баявымі ўстаноўкамі БМ-13 і накіравана на Заходні фронт. У яе складзе налічвалася 198 чалавек.
Першыя залпы батарэя капітана Флёрава зрабіла па фашысцкіх эшалонах на чыгуначным вузле Орша 14 ліпеня 1941 года. За некалькі хвілін па цэлі было выпушчана 112 рэактыўных снарадаў. Кожны нёс баявы зарад вагой 5 кілаграмаў. Пазней зрабілі залп па пераправе фашысцкіх войскаў праз раку Оршыцу. Ворагу былі нанесены вялікія страты. За тры месяцы бая­вых дзеянняў батарэя Флёрава зрабіла нямала. Цяжка пераацаніць станоўчы ўплыў поспехаў батарэі на баявы дух савецкіх салдат.
Праз некалькі дзён пасля першага залпа БМ-13 на фронт прыбылі яшчэ дзве батарэі, якія нанеслі свае першыя ўдары па гітлераўцах у канцы ліпеня 1941 года. Па рашэнні Стаўкі ў студзені 1942 года было пачата стварэн­не 20 гвардзейскіх мінамётных палкоў. Гвардзейскі рэактыўны мінамёт БМ-13, які ў народзе назвалі «Кацюша», паспяхова прымяняўся да самай Перамогі і стаў адным з яе сімвалаў. За час Вялікай Айчыннай вайны былі створаны розныя варыянты рэак­тыўных снарадаў і пускавых установак. У 1943 годзе выраблена палепшаная мадыфікацыя БМ-13Н. Савецкая прамысловасць за час вайны вырабіла каля 30 тысяч баявых машын «Кацюша» і звыш 14,5 мільёна рэак­тыўных снарадаў. Як сведчылі ваяваўшыя на БМ-13, часцей за ўсё «Кацюшы» з’яўляліся там, дзе больш за ўсё былі неабход­ныя. Спачатку на пазіцыі выходзілі афіцэры, якія праводзілі неабходныя разлікі. Пасля гэтага выязджалі машыны і рабілі некалькі залпаў, а потым тэрмінова адыходзілі ў тыл, бо гітлераўцы адразу накрывалі мес­ца, адкуль стралялі рэактыўныя мінамёты, артылерыйскім агнём.
Уладзімір Далецкі.
На здымку: легендарная «­Кацюша».
(Заканчэнне будзе.)

Добавить комментарий