Маладзёжны марафон «75»

Маладзёжны марафон «75», прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамозе савецкага народа ў Вялікай ­Айчыннай вайне, стартаваў ля стэлы «Мінск — горад-герой» 11 чэрвеня, паведамілі ­БелТА ў БРСМ.
Марафон прадоўжыцца па 3 ліпеня. Яго маршрут прой­дзе па месцах баявой славы. Удзельнікі пабываюць у буйных і малых гарадах Беларусі, дзе пройдуць адкрытыя дыялогі «Беларусь памятае!», Open Air «Кветкі Вялікай Перамогі» з тэматычнымі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі, фотазонамі, творчымі праграмамі. У месцах прыпынкаў марафону можна будзе азнаёміцца з перасовачнай мабільнай экспазіцыяй «Вызваленне Беларусі», падрыхтаванай музеем гісторыі Вялікай Айчын­най вайны. Яна адлюстроўвае доўгі і нялёгкі шлях воінаў Чырвонай Арміі і беларускіх партызан да вызвалення Беларусі.
Сімвалічнымі акцэнтамі праекта ў БРСМ назвалі стварэнне палотнішча «Беларусь памятае!» і альбома «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі». На месцах збіраюць інфармацыю аб ураджэнцах сваіх рэгіёнаў — кім былі, на якіх франтах ваявалі, аб іх подзвігах — для стварэння рэгіянальных «палотнаў вызвалення». Далей уся гэта інфармацыя будзе зведзена разам для стварэння рэспуб­ліканскага палотнішча. Плануецца, што яно будзе памерам 6х12 м у выглядзе сцяга Беларусі з вышытымі імёнамі Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Палотнішча прэзентуюць 3 ліпеня ў час урачыстага шэсця.
У час марафону яго ўдзельнікам будуць перадавацца матэрыялы для альбома «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі». На яго старонках будуць прадстаўлены моладзь рэспублікі, іх дзяды і прадзеды з пакалення пераможцаў. Унесці свой уклад у стварэнне альбома можа любы жыхар Беларусі. На 75 старонках размесцяцца фатаграфіі самых унікальных герояў. І палотнішча, і альбом 3 ліпеня будуць перададзены музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Марафон БРСМ правядзе разам з Федэрацыяй прафсаюзаў і музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта частка рэспубліканскага пат­рыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі».

Добавить комментарий