Так быў вызвален наш горад

На высокім правым беразе Сожа, які істужкай працякае ля Крычава, немцы спрабавалі спыніць націск наступаючых часцей Совецкай Арміі. Яны ўмацаваліся на ўскраінах горада, пад абрывістым берагам Сожа і бесперапынна абстрэльвалі подступы да ракі. Але адважныя воіны ўжо бачылі горад, які віднеўся за ракою ў дыму пажараў, і яны рваліся наперад з адным імкненнем – як мага хутчэй вызваліць яго ад нямецкіх захопнікаў. У баю за горад байцы і афіцэры паказалі цуды гераізма і адвагі. Падраздзяленне афіцэра Лыкава атрымала заданне перабрацца на правы бераг і захапіць плацдарм.
Пад прыкрыццём начной цемры байцы непрыкметна падабраліся да самай ракі. У гэты момант праціўнік абнаружыў іх і абрушыў на воінаў шквал агню. Мост праз раку быў падпален фашыстамі, але разам са сваім адважным камандзірам байцы скрозь агонь і дым кінуліся ўперад, нечакана для ворагаў уварваліся ў іх пазіцыі і замацаваліся на гэтым беразе.
Падраздзяленню, якое наступала на чыгуначны вузел, загарадзіў шлях агонь нямецкага кулямёта. Малодшы сяржант Сухоненка і байцы Іваноў, Масолаў, Рахімаў і Чэрна пад моцным абстрэлам падпаўзлі да пазіцый кулямётчыкаў і знішчылі іх гранатамі. Шлях наперад быў свабодны.
Адвага і воінскае майстэрства нашых байцоў і афіцэраў вырашылі поспех бою. Пад­раздзяленні, якія наступалі на горад з боку чыгуначнага вузла, і байцы, наступаўшыя праз раку, сустрэліся ў самым цэнтры горада. Раздалося гучнае “Ура”. Праз некалькі хвілін над уцалеўшым двухпавярховым домам дзіцячага сада горада ўзвіўся чырвоны сцяг. Крычаў зноў стаў совецкім!
В. Ельскі.

Добавить комментарий