Да 75-годдзя вызвалення Беларусі

Амаль Br18 млн накіруюць у Беларусі з бюджэту на выплату аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яе атрымальнікамі стануць амаль 22 тыс. чалавек, паведамілі БелТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, каменціруючы ўказ №118 «Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі», які 28 сакавіка падпісаў кіраўнік дзяржавы.
Матэрыяльная дапамога ў памеры Br2 тыс. будзе аказана Героям Савецкага Саюза, Br1,5 тыс. — інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, якія прымалі ўдзел у абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, а таксама тым, хто прымаў удзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.
Па Br800 выплацяць асобам, якія ўзнагароджаны ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады ВАВ; якія працавалі на аб’ектах проціпаветранай абароны, мясцовай проціпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб’ектаў у межах тылавых граніц дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгуначных і аўтамабільных дарог; членам экіпажаў суднаў транспартнага флоту, інтэрніраваных у пачатку ВАВ у партах іншых дзяржаў; якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года і ўзнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда», і асобам, якія ўзнагароджаны знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда».
Па Br650 атрымаюць грамадзяне, якія пацярпелі ад наступстваў вайны: члены сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі (памерлі), прапалі без вестак у гады вайны (жонка (муж), не заключылі новы шлюб, дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя) і іншыя ўтрыманцы, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па названых падставах у адпаведнасці з заканадаўствам); былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады вайны (у выпадку калі для гэтай катэгорыі ўстаноўлена павышэнне пенсіі па названай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам); інваліды з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, якія звязаны з баявымі дзеяннямі ў перыяд вайны або з наступствамі ваенных дзеянняў.
Пры наяўнасці права на аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі па некалькіх падставах дапамога будзе аказана на падставе, якая прадугледж­вае найбольшую выплату.
Выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі бу­дзе праводзіцца па месцы пенсіянавання грамадзян у перыяд з 1 чэрвеня да 1 ліпеня 2019 года ў парадку, устаноўленым для выплаты пенсій.
Указ распрацаваны згодна з Планам падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў па святкаванні 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Добавить комментарий