ВЫБОРЫ -2018

 

Чарговы этап

У хуткім часе – 18 лютага — у нашай краіне адбудуцца выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Ужо мінулі некалькі этапаў гэтай выбарчай кампаніі, у тым ліку вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. Зараз разгортваецца агітацыйны перыяд. 
Выбарчае заканадаўства, з мэтай стварэння роўных магчымасцей свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарчых праграм кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, прадастаўляе кандыдатам у дэпутаты патрэбныя ўмовы для правядзення перадвыбарнай агітацыі. Так, кожнаму кандыдату ў дэпутаты бясплатна можа быць прадастаўлена памяшканне для сустрэчы з выбаршчыкамі. Зараз спрошчаны парадак і для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі па-за памяшканнямі. Ён не падпадае пад дзеянне закона аб масавых мерапрыемствах – прымяняецца паведамляльны прынцып улад. Але правядзенне сустрэч з выбаршчыкамі дазваляецца толькі ў месцах, вызначаных мясцовымі ўладамі. У прыватнасці, у нашым раёне месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў – сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетавання, — арганізуемых кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі ў мэтах перадвыбарчай агітацыі, вызначаны двары шматкватэрных дамоў, стадыёны, паркі, скверы, рыначныя плошчы і інш., акрамя месцаў, забароненых рашэннем райвыканкама ад 1 снежня 2017 г. Гэта чыгуначны вакзал, аўтавакзал, плошча Леніна, раённы суд, аддзел унутраных спраў райвыканкама, Следчы камітэт, а таксама месцы на адлегласці меней 50 метраў ад будынка раённага выканаўчага камітэта.
Для непасрэднай работы з выбаршчыкамі кандыдатам у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, як ужо адзначалася, прадастаўляюцца памяшканні. Так, для сустрэч з выбаршчыкамі, а таксама правядзення перадвыбарчых сходаў вызначаны залы пасяджэнняў сельвыканкамаў, залы раённага Цэнтра культуры, сельскіх Дамоў культуры і клубаў цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, клуба чыгуначнікаў, а таксама актавыя залы і іншыя памяшканні, прызначаныя для правядзення сходаў, у арганізацыях, установах, на прадпрыемствах раёна, за выключэннем залаў райвыканкама. Вызначаны месцы для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Такія матэрыялы размяшчаюцца ў памяшканнях участковых выбарчых камісій, на інфармацыйных стэндах у памяшканнях адміністрацыйных будынкаў сельвыканкамаў, арганізацый гандлю, устаноў культуры, адукацыі, аховы здароўя і іншых арганізацый раёна.
Таксама перадвыбарчая агітацыя праводзіцца ў сродках масавай інфармацыі. Кандыдатам у дэпутаты ў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў ад Крычаўскай выбарчай акругі № 24 і раённы Савет дэпутатаў прадастаўлены бясплатны эфірны час для выступлення на дзяржаўным радыё. Трансляцыя выступленняў праводзіцца на «Радыё Магілёў”. Акрамя таго, нічога не перашкаджае кандыдату ў дэпутаты весці агітацыю праз інтэрнет. Выбарчым заканадаўствам не абмяжоўваецца стварэнне старонак у сацсетках.

Добавить комментарий