Крычаў сёння

«…Вечар 30 верасня 1943 года. Гучаць меладычныя, хвалюючыя да глыбіні душы кожнага совецкага чалавека, пазыўныя Масквы.
Грыміць над краінай мужны голас дыктара, які перадае Загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
…На Магілёўскім напрамку совецкія войскі вызвалілі важны апорны пунк – горад і чыгуначны вузел Крычаў. Дывізіям і палкам, штурмам узяўшым Крычаў, прысвоена наіменаванне “Крычаўскіх”. Урачыста і грозна грыміць салют. Масква салютуе героям, вызваліўшым яшчэ адзін совецкі горад ад гітлераўскіх захопнікаў.
…Майскі вечар 1954 года. Распускаюцца сады, зелянеюць дрэвы ў маладых скверах, на вуліцах. Чуцен радасны гоман дзяцей. Крычаў жыве сваім напружаным змястоўным жыццём.
Прайшло ўсяго каля 11 год, як быў вызвалены Крычаў, а горада не пазнаць. Ён узняўся з руін. Выраслі новыя дамы і вуліцы.
А гляньце на знаходзячыяся ў межах горада рабочыя пасёлкі цэментнага, шыфернага заводаў, чыгуначнага вузла і другіх прадпрыемстваў! Тут вырас другі горад, які хутка сальецца з Крычавам. У рабочых пасёлках жывуць тысячы рабочых, аднавіўшых разбураныя ворагам прадпрыемствы і пабудававаўшых новыя. Там, дзе ўзвы­шаліся руіны ўзорваных гітлераўцамі заводскіх карпусоў, сёння дымяцца трубы аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў Беларусі – цэментнага завода. Некалькі год назад уступіў у строй дзеючых прадпрыемстваў завод гумавых вырабаў.
Адноўлен чыгуначны вузел станцыі Крычаў. Кожны дзень тут праходзяць цягнікі, якія перавозяць народнагаспадарчыя грузы.
Выключна многа зроблена ў галіне народнай асветы. У горадзе ёсць чатыры сярэдніх школы і педагагічнае вучылі­шча, а таксама дзве сярэднія школы рабочай моладзі. Распачата будаўніцтва вялікай бальніцы. Ёсць у Крычаве раённая бібліятэка з кніжным фондам больш, чым у 11 тысяч экземп­ляраў. Яна абслугоўвае каля тысячы чытачоў. У дзіцячай бібліятэцы налічваецца 7 тысяч кніг. Яе наведваюць 789 юных чытачоў. Вялікую работу праводзіць гарадская бібліятэка, якая знаходзіцца ў пасёлку цэментнага завода, а таксама профсаюзная, школьныя і другія бібліятэкі горада. На Крычаўшчыне працуе 5 сельскіх бібліятэк, 11 хат-чытален і 7 сельскіх клубаў.
Многім мо­гуць сёння ганарыцца грама­дзяне Крычава. Горад з дня ў дзень расце, прыгажэе. Ра­зам з горадам растуць людзі. Многія з іх вядомы далёка за межамі нашага раёна. Іван Грыгор’евіч Бязбабіч за шматгадовую і самаадданую працу на чыгуначным транспарце ўзнагароджан ордэнам Леніна, а працоўныя Крычаўшчыны выбралі яго сваім дэпутатам у Вярхоўны Совет БССР. Ордэнам Леніна ўзнагароджан начальнік дэпо станцыі Крычаў тав. Дзянісаў, заслужаныя настаўніцы школ БССР К.Г. Нікалаева і Л.В. Грынаўцава. Заслужаныя настаўніцы школ БССР перадаюць свой багаты вопыт вялікаму педагагічнаму калектыву 57 школ раёна, у якіх навучаецца каля 7.000 дзяцей.
На заводзе гумавых вырабаў працуюць выдатныя майстры сваёй справы – брыга­дзір Елена Карнеева, майстар Ніна Панчанка, электрык Васілій Ракіцін і многія другія. Усе яны значна перавыконваюць свае нормы выпрацоўкі. Хто ў дэпо станцыі Крычаў не ведае такіх майстраў ваджэння цяжкавагавых паяздоў, як Павел Малахаў, Анатолій Сапруноў, Грыгорый Шведчанка і іх таварышы? Гэта яны ў красавіку, у дні перадмайскага соцыялістычнага спаборніцтва, перавезлі звыш плана столькі важных народнагаспадарчых грузаў, колькі іх было перавезена за тры месяцы першага квартала бягучага года. У дэпо працуюць маладыя рабочыя, удастоеныя Граматай ЦК ЛКСМБ. Гэта слесар Іван Владзіміраў, токар Міхаіл Іваноў, машыніст Аляксандр Гердзі.
Шыфернікі ганарацца такімі работнікамі завода, як начальнік механічнага цэха Нікалай Цывілёў, машыніст лістафармовачнай машыны Нікалай Макурын, яго памочнік Пракоп Несцераў, галендаршчык Іван Сцяпанаў, валнероўшчыца комсамолка Марыя Самуйлава. Перадавікамі на цэментным заводзе з’яўляюцца машыніст верцячайся печы Магілёўцаў, экскаватаршчык Гавін, машыніст электравоза Качагараў і другія.
Ды ці ўсіх перадавікоў-наватараў вытворчасці пералічыш? Іх многа, іх сотні. Гэта сапраўдная гвардыя будаўнікоў комунізма.
Крычаў сёння – гэта буйны прамысловы цэнтр нашай вобласці. Калектывы прадпрыемстваў самааддана змагаюцца за тое, каб даць як мага больш Радзіме цэменту, шыферу, гумавых вырабаў і другой прадукцыі.»
М. Мельнікаў.
“Шлях соцыялізма”,
9 мая 1954 года.

Добавить комментарий