«А без вады — і ні туды, і ні сюды»…


Жыхары вёскі Міхеевічы Чырванабудскага сельскага Савета звярнуліся па пытанні якасці вады. У вёсцы 100 двароў, у 50 з іх жывуць тут пастаянна, астатнія — дачнікі, прыязджаюць улетку.
Цэнтральны водаправод, пракладзены тут летась, праходзіць не да канца вёскі — УКВП «Водаканал» не паспеў завяршыць работы. І жыхары, да якіх не дайшла цывілаізацыя ў такім выглядзе, як цэнтралізаванае водазабеспячэнне, карыстаюцца калодзежам, ёсць і крынічка. Улетку ў калодзежы на канцы вуліцы, па сцвярджэнні вяскоўцаў, вады на ўсіх не хапае — даводзіцца пэўны час чакаць, пакуль ён зноў напоўніцца.
Для жыхароў, уздоўж домаўладанняў якіх праходзіць цэнтралізаваны водаправод, ёсць магчымасць падключыцца і правесці ваду ў дом ці на ўласны падворак з абуладкаваннем калонкі. Пару домаўладальнікаў так і зрабілі, правялі ваду ў хату.
Але ёсць адно «але». Якасць вады з водаправода не задавальняе спажыўцоў — рыжая па колеру. Як сцвярджаюць міхееўцы, яе нават жывёла піць не хоча, і пасля кіпячэння яна застаецца такой жа.
Разглядаўся зварот з удзелам кіраўніка раёна Дзмітрыя Бачкова, спецыялістаў зацікаўленых служб. Жыхары, што прыйшлі на сельскую сходку, выказалі і другія праблемы, якія іх хвалююць. Так, па вуліцы Бакавая вада ў калодзежы прызнана тэхнічнай, а бліжэйшы калодзеж — за 500 метраў, старым цяжкавата хадзіць.
А Яўген Гоманаў (Казінаўка, 19) колькі разоў звяртаўся ў «Водаканал», каб прыбралі трубу, дзе заканчвалася пракладка водаправода, яна і цяпер там валяецца. А яшчэ ён сам за ўласныя сродкі зрабіў падсыпку той часткі дарогі, аднак пасля работ дарога ператварылася ў суцэльнае месіва, увесну стане непраходнай.
Цікавіла жыхароў вёскі Міхеевічы, колькі будзе каштаваць падключэнне да цэнтральнага водаправода, каб падвесці ваду ў хату ці на ўласны падворак, якую дакументацыю неабходна для гэтага падрыхтаваць, ці палепшыцца якасць вады і іншае.
Як паведаміў галоўны інжынер УКВП «Водаканал» Максім Мамусеў, колер водаправоднай вады рыжаваты зза павышанага ўтрымання жалеза і слабага разбору вады. Такая праблема існуе ў цэлым па Крычаву. Палепшыць якасць вады магчыма пры будаўніцтве станцыі абезжалезівання, якое ў Міхеевічах запланавана на 2020 год.
Уважліва выслухаўшы ўсе заўвагі і прапановы вяскоўцаў, старшыня райвыканкама Дзмітрый Бачкоў даручыў: правесці абследаванне ўсіх крыніц водазабеспячэння ў Міхеевічах, азнаёміць насельніцтва з прэйскурантам цэн па будаўніцтве водаправодных сетак і падключэнні спажыўцоў да цэнтралізаванага водазабеспячэння, пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я завяршыць пракладку водаправода і аднавіць дарогу, дзе была пашкоджана. А спецыялістам адпаведных служб дадзена даручэнне выехаць на месца і дапамагчы людзям падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў для падключэння домаўладанняў да цэнтральнага водаправода. «Лічыце гэта для сябе пілотным праектам», — сказаў кіраўнік раёна.
Зварот жыхароў вёскі Міхеевічы Чырванабудскага сельскага Савета застаецца на кантролі.
Таццяна Іўкіна.

Добавить комментарий