Работа прызнана нездавальняючай

Пад кіраўніцтвам старшыні раённага выканаўчага камітэта Васіля Сысоева прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама.

Разгледжана пытанне «Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Крычаўскага раёна за 9 месяцаў 2014 года». У праекце рашэння адзначана, што па выніках работы за 9 месяцаў чакаецца выкананне трох паказчыкаў — экспарт тавараў без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, экспарт паслуг без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мэтавы паказчык па энергазбераганні.
На пасяджэнні заслуханы справаздачы кіраўнікоў шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый, якія не спраўляюцца з даведзеным заданнем, работа некаторых з іх прызнана нездавальняючай або недастатковай.
Работа суб’ектаў гаспадарання раёна напрамкі ўплывае на напаўняльнасць раённага бюджэту, вынікі выканання якога за 9 месяцаў сёлетняга года таксама былі разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама. Падкрэслена, што бюджэт раёна за гэты перыяд захаваў сваю сацыяльную накіраванасць. На сацыяльную сферу накіравана 54,6% ад усіх расходаў. У першачарговым парадку бюджэтныя сродкі ў неабходных аб’ёмах накіроўваліся на сацыяльна значныя артыкулы расходаў.
На пасяджэнні райвыканкама прааналізаваны стан работы са зваротамі грамадзян за 9 месяцаў 2014 года ў раённым выканаўчым камітэце і сельвыканкамах. Усяго за гэты перыяд у райвыканкам паступіла 447 зваротаў грамадзян (2013 год — 379). Кіраўніцтвам райвыканкама праведзена 35 асабістых прыёмаў грамадзян, у ходзе якіх паступіла 95 зваротаў.
Праведзены таксама выязныя прыёмы грамадзян, «прамыя тэлефонныя лініі», «гарачыя лініі», маніторынгі праз раённую газету. На «прамыя лініі», праведзеныя старшынёй раённага выканаўчага камітэта, паступіла 223 звароты.
Сярод найбольш актуальных пытанняў, якія клапоцяць жыхароў горада і раёна, камунальныя праблемы займаюць 45% ад агульнай колькасці зваротаў, пытанні жыллёвай палітыкі — 9%, будаўніцтва — 6,7%.
На пасяджэнні райвыканкама разгледжаны пытанні «Аб прадастаўленні грамадзянам аднаразовых субсідый на набыццё жылога памяшкання», «Аб браніраванні жылых памяшканняў у інтэрнатах для забеспячэння дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на 2014 год», «Аб узгадненні рэжыму работы гандлёвых аб’ектаў» і іншыя. У рабоце пасяджэння браў удзел начальнік галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці Валерый Берастаў.
                                  Т. Пятрова.

Добавить комментарий