Мера адказнасці будзе вызначана

Шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый быў запрошаны на чарговую штотыднёвую апаратную нараду, якую правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бачкоў. Разглядалася пытанне выканання пастаўленых перад суб’екамі гаспадарання на сакавік задач.
Першыі трымалі справаздачу прадстаўнікі сельскагаспадарчай галіны – вытворчасць і рэалізацыя малака, павышэнне якасці прадукцыі, падрыхтоўка да вясенне-палявых работ, паляпшэнне фінансавага стану сельгас­п­радпрыемстваў.
Рэаліі такія: заданне па малаку не выконваецца, яго якасць чакае быць лепшай. Тэхніка ў цэлым да веснавых палявых работ гатова, але ёсць праблемы з набыццём угнаенняў. Што тычыцца бізнес-планаў сельгас­вытворцаў, то даходы з расходамі, вобразна кажучы, выплясваюць розныя танцы: адны – “Лявоніху”, а другія–…
Прычыны ўсіх “неда” – недацягнулі, недапрацавалі і г. д. – крыюцца ў адсутнасці належнага кантролю як з боку спецыялістаў гаспадарак, так і з боку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Як канстатаваў глава раёна Дзмірый Бачкоў, на месцах адсутнічае дакладная мадэль развіцця кожнага сельгаспрадпрыемства, а таксама матывацыя высокапрадукцыйнай працы на кожным вытворчым участку.
Пазіцыю старонніх назіральнікаў занялі раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Калі апошні яшчэ не­шта тое-сёе імкнецца прыўнесці ў жыццё калектываў гаспадарак, то аб’ядноўваючая роля раённага прафсаюза ў поўным сэнсе заблукала ў пацёмках. “Прафсаюзы павінны займацца людзьмі”,–у каторы раз нагадаў іх лідарам старшыня райвыканкама Дзмітрый Бачкоў.
(Заканчэнне. Пачатак на 1-й стар.)
…Кіраўнікі, спецыяліс­ты раённага, мясцовага ўзроўняў не сталі адзінай камандай. Здаецца, работа кіпіць, жыццё бурліць, а на выхадзе – нуль. І кожны, на першы погляд, са свайго боку правы, вось толькі рэзультата няма. Дзе ж знайсці таго чараўніка, які склеіў бы ўсе службы раёна для зладжанай работы на дасягненне канкрэтнага выніку? Гэта – разважанні ўслых кіраўніка раёна. Гэта – інфармацыя да роздуму для ўсіх: старшыняў гаспадарак і сельскіх выканаўчых камітэтаў, спецыялістаў сярэдняга звяна, начальнікаў аддзелаў і ўпраўленняў, “намаў”, “памаў”…
Навядзенне парадку ў інтэрнатах, паляпшэнне якасці пражывання там. Гэта адна з найпершых задач, акрамя ўсіх астатніх асноўных, УКВП “Камунальнік”. Паўтаруся, пачынаць камунальнай службе трэба з арганізацыі аптымальнай структуры кіравання інтэрнатамі і растлумачальнай работы з лю­дзьмі. Час прыспешвае.
Яшчэ адна праблема, што была абмеркавана на апаратнай нарадзе,– стан дарог і вуліц горада і сельскіх населеных пунктаў. УКВП “Камунальнік” даручана правесці рэвізію дарог і падрыхта­ваць пералік тых, што будуць рамантавацца ў першую чаргу (іх крытычная ямачнасць). “Але рамантаваць трэба так, каб потым зноў не вяртаццца сюды”,–паставіў задачу перад камунальнай службай Дзмітрый Бачкоў.
Красавік – час пачатку навядзення парадку ў горадзе і на сяле. І пройдзе месяц менавіта пад гэтым знакам – будзе абвешчаны месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні санітарнага парадку. Планы па навядзенні парадку ў вясенне-летні перыяд – за аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і УКВП “Камунальнік”, сельскімі выканаўчымі камітэтамі, за суб’ектамі гаспадарання – замацаваныя за імі тэрыторыі. А кантралюючых органаў у нас – больш чым дастаткова: аддзелы ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, санітарная, землеўпарадкавальная службы, сельскія выканаўчыя камітэты і інш. Восем служб, кожная па сваім накірунку, маюць права кантролю за навя­дзеннем парадку. Згадзіцеся, што заклікаць да навядзення парадку ў Год малой радзімы, заклікаць тых, хто тут нарадзіўся, хто жыве і працуе,–гэта ўжо занадта… Спадзяюся, што і домаўладальнікі прыватнага сектара не застануцца ў баку, не пасаромяць родную Крычаўшчыну.
Развіццё мясцовых ініцыятыў, пазабюджэтная дзейнасць бюджэтных арганізацый, сітуацыя на рынку працы, работа аглядавых камісій – гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі раённай выканаўчай улады і таксама былі абмеркаваны на апаратнай нарадзе, па выніках якой падрыхтаваны пратакол даручэнняў.
Таццяна Іўкіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *