Не быць староннімі назіральнікамі

 

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бачкоў павёў чарговую штотыднёвую апаратную нараду.
Напачатку нарады былі пастаўлены задачы, якія неабходна вырашыць на гэтым тыдні ў святле патрабаванняў, агучаных на пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”, якое прайшло з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Па-першае, пад кіраўніцтвам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама трэба вызначыць межы навядзення парадку ў горадзе і раёне: дзе гэтай справай будуць займацца камунальная служба, суб’екты гаспадарання, насельніцтва… Другое – упарадкаваць работу дыспетчарскіх камунальных служб: прапрацаваць пытанне стварэння адзінага калцэнтра па камунальных пытаннях. Трэцяе – для паляпшэння якасці аказваемых камунальных паслуг правесці навучанне хаус-майстра, гэта значыць  — электрык, сантэхнік, сталяр, цясляр у адной асобе, за якім будуць замацаваны камунальныя дамы жыллёвага фонду.
Час патрабуе перамен, пагэтаму будзе распрацаваны план развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Крычаўшчыны.
Навядзенне парадку ў горадзе і раёне. Шэраг заўваг быў выказаны кіраўніком раённай выканаўчай улады Дзмітрыем Бачковым па правядзенні акцыі «Чысты горад – восень 2017” і Адзінага санітарнага дня. Галоўная задача – навесці ў Крычаве ідэальны парадак. Асноўны выканаўца – УКВП «Камунальнік”, а на тых суб’ектаў гаспадарання, што ігнаруюць рашэнне райвыканкама аб навядзенні парадку на замацаваных тэрыторыях, рычагі ўздзеяння ёсць. Гэта – кантроль з боку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, санітарнай, экалагічнай, землеўпарадкавальнай служб і інш.
Шмат увагі было ўдзелена пытанню развіцця мясцовых ініцыятыў (дэлегацыя Крычаўшчыны брала ўдзел у мерапрыемстве па развіцці мясцовых ініцыятыў, што прайшло на гэтым тыдні ў Быхаве). На думку главы раёна Дзмітрыя Бачкова, на Крычаўшчыне нізкі ўзровень актыўнасці па гэтым накірунку. А тых, хто ў першую чаргу павінен гэтым займацца, у нас шмат – фізкультурна-аздараўленчы комп­лекс, Цэнтр турызму і краязнаўства, гістарычны музей, раённы Цэнтр культуры, камунальнае прадпрыемства… Не варта быць староннімі назіральнікамі і чакаць, пакуль хтосьці прыдзе і зробіць. Ніхто не прыдзе, рабіць трэба самім.
Не быць староннімі назіральнікамі. Гэта патрабаванне старшыня райвыканкама ў большай ступені адрасаваў работнікам дзяржапарата. Як падкрэсліў Дзмітрый Бачкоў, ацэнка іх рабоце будзе дадзена па канкрэтных рэзультатах. 
На апаратнай нарадзе прааналізавана выкананне пратакола даручэнняў. Разгледжаны пытанні бяспекі жыццядзейнасці, гатоўнасці дарожных, камунальных служб да няпростых умоў надвор’я, якія прагназуюцца сіноптыкамі на гэтым тыдні, і шэраг іншых.

Добавить комментарий