«Вялікая размова з Прэзідэнтам»

 

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ доўжылася рэкордныя 7 гадзін 20 мінут.
На сустрэчу былі запрошаны каля 50 журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш вядомыя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. А ўдзел у мерапрыемстве амаль сотні экспертаў, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб’яднанняў, зрабіў гутарку яшчэ больш насычанай і плённай.
Сустрэча, якая прайшла ў фармаце «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», з першых мінут апраўдала сваю назву. Кіраўнік дзяржавы адразу ж папярэдзіў, што закрытых тэм сёння няма і яму хацелася б абмеркаваць праблемы, якія хвалююць беларускі народ. Але не проста пачуць пытанні, а выслухаць меркаванне ўсіх прысутных.
У жывой дыскусіі былі абмеркаваны некалькі дзясяткаў тэм, у тым ліку знешняя палітыка Беларусі, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за мінулы год, праб­лематыка смяротнай кары, абстаноўка ў сферы бяспекі, турыс­тычны патэнцыял дзяржавы, будаўніцтва БелАЭС і многія іншыя.
Так, Аляксандр Лукашэнка пад­рабязна расказаў удзельнікам мерапрыемства аб цяперашнім стане беларуска-расійскіх узаемаадносін, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення. Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў перагаворы аб цане на газ, канфлікты ў сферы паставак прадуктаў харчавання і ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю. «Гэтыя бяздумныя нескаардынаваныя крокі, якія толькі пагаршаюць нашы адносіны, рабіць нельга», — падкрэсліў беларускі лідар, звярнуўшы ўвагу, што Беларусь ніколі не парушала ніводнага дагавора з Расіяй.
Каменціруючы заявы літоўскага боку аб будаўніцтве Беларускай АЭС, Аляксандр Лукашэнка заклікаў суседнюю дзяржаву не палітызаваць гэта пытанне: «Палітыку трэба проста адкінуць і забыць. Эканоміка сваю ролю адыграе: калі з’явіцца танная элект­раэнергія, тады мы і дамовімся».
Кіраўнік дзяржавы таксама анансаваў маючыя адбыцца сур’ёзныя нарады па развіцці сфер навукі і ЖКГ, а таксама па выніках работы ўрада ў 2016 годзе. Асаблівая ўвага была звернута на прыцягненне інвес­тыцый у Беларусь. Прэзідэнт расказаў аб перагаворах з КНР па прыцягненні $700 млн. для малога і сярэдняга бізнесу. «Я думаю, мы дамовімся, і нейкую суму будзем выдзяляць спецыяльна пад канкрэтныя праекты (сямейны бізнес і г.д.)», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Па традыцыі вялікі блок пытанняў датычыўся асабістых густаў і захапленняў Прэзідэнта па тых ці іншых пытаннях. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што носіць толькі беларускія касцюмы і праанансаваў з’яўленне шакаладу пад брэндам «Прэзідэнт». Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з удзельнікамі мерапрыемства думкай, што можна паглядзець у Беларусі турыстам за пяць дзён. Паводле яго слоў, прыезджым варта пабываць у Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным запаведніку, на Нарачы, Прыпяці, убачыць Мірскі замак і іншыя выдатныя мясціны. У Беларусі беражліва захавалі прыроду, хоць такое стаўленне да яе сустракаецца не ва ўсіх краінах, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Цікава турыстам і наведванне беларускай сталіцы. «Вось гэта мы гатовы паказаць усяму свету. А самае галоўнае, што ёсць такая краіна — Беларусь, і яна адкрытая, мы не закрываемся ні ад каго», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
У час мерапрыемства таксама прагучалі пытанні, якія Прэзідэнту адрасавалі грамадзяне рэспублікі. Многія з іх датычыліся правапрымяняльнай практыкі дэкрэта № 3 «аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дакумент, у першую чаргу, нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай. 
На заканчэнне кіраўнік дзяржавы сказаў, што найлепшым вынікам сённяшняй сустрэчы будзе дапамога людзям па тых пытаннях, якія былі ўзняты. «Хачу, каб тыя, ад каго ­залежыць вырашэнне пытанняў, якія тут узнімаліся, пачулі мяне і не чакалі новых законаў і нарматыўна-прававых актаў — іх дастаткова. Лічыце, што я прыняў рашэнні, і гэтыя рашэнні трэба рэалізоўваць», — даручыў Аляксандр Лукашэнка. 

Павышэнне сярэдняй
зарплаты да $500
«Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат».
«Сярэдняя зарплата ў краіне $500 — гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500. — Заўвага БЕЛТА) — не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы — хто колькі заробіць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што пры невыкананні гэтай задачы «ні адзін ва ўрадзе з партфелем не застанецца».

Заработная плата 
і пенсіі 
«Зарплаты і пенсіі могуць быць павялічаны толькі тады, калі ў эканоміцы вырабім больш, якасней і прададзім па больш высокай цане, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ёсць другі шлях: можна ў некага пазычыць, адабраць, узяць. Але гэта не наш шлях. У нас і так запазычанасць вялікая — дзяржаўная, карпаратыўная і г.д. Асабліва спадзявацца на тое, што мы будзем пазычаць і за кошт гэтага павышаць зарплаты і пенсіі, не трэба».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перш за ўсё трэба клапаціцца аб вытворчасці: «што заробім, тое і атрымаем». Ён акцэнтаваў увагу на тым, што тэмп росту заработнай платы не павінен перасягаць тэмп росту прадукцыйнасці працы.

Аб дзіцячых садах і 
школьных праграмах 
Гаворачы пра будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры ў новых мікрараёнах (дзіцячыя сады, бальніцы), кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта праблема вырашаецца. «Мы гэту праблему вырашым, бо яна звязана з дзецьмі, гэта адказнасць дзяржавы, асабліва дзіцячыя сады», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і паясніў, што, магчыма, гэта пытанне вырашаецца не так хутка ў сувязі з фінансавай сітуацыяй у краіне.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што праб­лема з дзіцячымі садамі актуальная, у асноўным, для Мінска. «Бяда атрымалася: у цэнтры горада перасталі нара­джаць, вызваліліся дзіцячыя сады, ды і ў школах месцы ёсць, а ў мікрараёнах — наадварот. У нас атрымалася так, што дзіця трэба везці з Каменнай Горкі ў цэнтр у дзіцячы сад, дзе ёсць месцы. Мы падумалі-падумалі — нікуды ад гэтага не дзецца, давялося нават прадаваць некаторыя дзіцячыя сады ў цэнтры, а грошы перакідваць, каб пабудаваць у мікрараёнах інфраструктуру. Вось такая сітуацыя склалася», — адзначыў ён.
«Дзеці вельмі загружаны, ім дыхаць няма калі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А мы хочам, акрамя школы, каб нашы дзеці займаліся крыху спортам. Для чаго? Не для паказухі, для здароўя, каб яны нармальнымі, здаровымі, прыгожымі раслі. А калі ў каго-небудзь ёсць здольнасці да музыкі, маляваць карціны, спяваць-танцаваць, дзе ўзяць гэты час? Яны і так дзесяць гадзін у школе занятыя ўжо ў сёмым класе».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шосты дзень у школе прадугледжвае, што дзеці будуць мець магчымасць займацца тым, што ім цікава. «Калі трэба дзесьці факультатыўчык у суботу — паўтары-дзве гадзіны, не больш, не перагружайце дзяцей… Добра, няхай будзе факультатыў. Трэба да гэтага па-чалавечы падысці», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
У той жа час настаўнік павінен больш часу працаваць з вучнямі ў школе, каб на дамашняе заданне ім даводзілася затрачваць нават не дзве гадзіны ў дзень. «А ў нас сёння чатыры, у старшых класах — пяць, і яшчэ рэпетытарства», — заўважыў Прэзідэнт.
«Дзяцей нельга перагружаць, нельга ім даваць тое, што яны не ўспрымаюць і не ўспрымуць, а тым больш тое, што ім не патрэбна. Працуем мы над сістэмай адукацыі. Мы яе адрэгулюем. Хацеў бы атрымаць дапамогу ад нашага рэктарскага корпуса. Хоць некаторыя ўжо, сапраўды, засядзеліся», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі мы заканчвалі школу, мы ведалі, адкуль у лямпачцы святло, маглі хаця б закруціць у патрон лямпачку, маглі ра­зетку адрамантаваць. Мы разумелі ўжо тады, што пальцы нельга сунуць у гэту разетку — заб’е! Нас вучылі гэтаму ў школе. Нам паказвалі, што такое рубанак, фуганак, сякера, стамеска і гэтак далей. Мы элементарныя рэчы ўмелі рабіць. Сёння, прабачце мне, доўбня жэніцца — ён жа не можа не тое, што карову ад казы або ад каня адрозніць, ён жа не можа малаток ад сякеры адрозніць з выгляду, я ўжо не гавару аб тым, каб трымаць гэта ў руках», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«І ўсе плачуцца ў школе — зарплата малая… Дык навучыце дзяцей жыць!» — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да педагогаў.
Паводле яго слоў, субота якраз павінна стаць для вучняў спартыўным днём, днём працоўнага навучання і часам — рэпетытарства. Няма неабходнасці ў празмерных нагрузках. «Я настойваў на тым, каб зняць нейкія гімназічныя класы і іншае, калі за грошы або лепшанькіх, разумненькіх адбіралі ў асобныя класы, асобна вучылі, а вы тут ужо адкіды», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб дэкрэце № 3 
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці адмены дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
«Гэты дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калі мы з вамі прыйдзем да адной высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбны, мы яго адменім. Не спяшайцеся. Можа, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што дэкрэт у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрык­лад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай. «Мы падштурхоўваем іх да таго, каб яны працавалі. І мы ж не прымушаем працаваць, але атрымліваеш паслугу — заплаці», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў дакумент былі ўнесены змяненні. Цяпер мясцовыя органы ўлады маюць права вызваліць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.
«Няма падстаў сёння далей раскручваць гэту тэму», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Мадэль эканомікі — 
сацыяльна арыентаваная
«Лічу, што мадэль нашага развіцця і наогул славянскіх народаў — сацыяльна арыентаваная эканоміка. Я не прымаю тут, у Беларусі асабліва, іншай мадэлі. Я вельмі ўважліва назіраю за варыянтам Расіі, Украіны і г.д. І малю Бога, каб у нас гэтага не адбылося», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што любая дзяржава нечага варта, калі яна звернута да людзей. «Калі чалавек ад гэтага нічога не мае, навошта яму гэта дзяржава? Сацыяльна арыентаваная эканоміка — гэта эканоміка для людзей», — растлумачыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што эканоміка Беларусі цяпер перажывае не лепшыя часы, але дзяржава не перастане дапамагаць людзям. «Я дзейнічаю зыходзячы з той канцэпцыі, якую прапаноўваў на прэзідэнцкіх выбарах, што я буду бачыць кожнага, буду людзям дапамагаць, што мы не адыдзем ад сацыяльна арыентаванай эканомікі. А як? Абяцаў адно, а рабіць іншае буду? Гэта не мая палітыка. Я прыхільнік адкрытай, сумленнай і справядлівай палітыкі. У законе ўсё не прапішаш. А калі не прапісана, рабі справядліва. І я справядлівасць стаўлю вышэй за любы закон», — падкрэсліў Прэзідэнт.


Аб прадпрымальніках 
і прыватнай уласнасці
на зямлю
«Мы цяпер сур’ёзна рэфармуем Савет па прадпрымальніцтве», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, цяпер гэты орган працуе неэфектыўна.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прадпрымальнікі павінны прыняць актыўны ўдзел у фарміраванні абноўленага складу савета. «Накіруйце таго, хто там павінен быць. Але без тых, хто ўмее толькі балбатаць, але нічога не хоча рабіць», — даручыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што члены савета павінны быць сумленнымі і гаварыць аб тым, што ў цэлым хвалюе прадпрымальнікаў.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку цэнтра Мізеса Яраславу Раманчуку ўвайсці ў Савет па прадпрымальніцтве. «Калі вы захочаце як перадавы чалавек быць членам гэтага савета, я супраць не буду. Мы цяпер падбіраем добрага старшыню, каб ён меў адміністрацыйны рэсурс, мог дастукацца да Прэзідэнта ў любы час. Па задуме і яго палажэннях, савет павінен акумуляваць увесь негатыў, але не толькі ў прыватнасці, а ў цэлым, і ўносіць Прэзідэнту для вырашэння», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Пакуль, паводле яго слоў, члены савета, у асноўным, вырашаюць асабістыя пытанні, звязаныя са сваёй прадпрымальніцкай дзейнасцю.
З пытаннем увядзення прыватнай уласнасці на зямлю спяшацца не трэба, лічыць кіраўнік дзяржавы. «Не гатовы пакуль для гэтага. Тым больш, што аддаём зямлю ў арэнду на працяглы перыяд — калі ласка, ідзі, працуй, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Кажуць, маўляў, калі зямля будзе ў прыватнай уласнасці, то яе не адбяруць. Ды кіньце: калі вы парушыце закон, то адбяруць, у нас жа ў адпаведнасці з законам вызначана канфіскацыя маёмасці».
Прэзідэнт лічыць лішнім зацыклівацца на пытанні прыватнай уласнасці на зямлю. «У нас ёсць усё для таго, каб працаваць справядліва і сумленна. Калі ты ўзяў зямлю для сельгаспрызначэння ў арэнду — займайся сельскай гаспадаркай, калі ўзяў зямлю пад прысядзібны ўчастак і для абслугоўвання дома — будуй дом і зай­майся прысядзібным участкам, толькі не хлусі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нас зямля дагледжаная, усе зайздросцяць. У тым ліку і таму, што яна не ў прыватнай уласнасці».

Аб выбудоўванні адносін з Захадам
«Хачу, каб убачылі ў Беларусі суверэнную, незалежную дзяржаву, больш нічога ад Захаду не хачу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Адно з зададзеных Прэзідэнту пытан­няў датычылася двухбаковых адносін з Германіяй. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь закупляла нямала нямецкага абсталявання для прадпрыемстваў, выкарыстоўвала германскія крэдыты, сёння нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы мадэрнізуюцца за кошт гэтага.
«Мы вельмі хацелі б перайсці на адкрыты дыялог і дамовіліся, нарысавалі пэўную дарожную карту, як жыць бу­дзем далей, — сказаў Прэзідэнт. — Мы высокатэхналагічная краіна, вы — супервысокатэхналагічная, немцы далёка наперад пайшлі. Нам патрэбны высокія тэхналогіі, энергазберагальныя, рэсурсазберагальныя, і мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць. Больш таго, ведаю, немцы хацелі б паўдзельнічаць у прыватызацыі некаторых прадпрыемстваў. У нас не забаронена прыватызацыя любога прадпрыемства, але я выклаў свае падыходы, дак­ладна так як бачу іх у адносінах да Расіі. Трэба садзіцца і дагаворвацца».
Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі з’явілася шмат прадстаўнікоў нямецкіх дзелавых колаў. «Я з некаторымі з іх сустракаўся, і мы цяпер вядзём перагаворы па стварэнні новых прадпрыемстваў, — расказаў Прэзідэнт. — Таму я хачу, каб вы нарэшце ўбачылі ў Беларусі сучасную незалежную дзяржаву і ўсё, што з гэтага вынікае. Больш я нічога ад Захаду не хачу. А калі вы думаеце, што Лукашэнка развярнуўся і пайшоў на Захад, слухайце, гэта для наіўных. Я разумею: ніхто мяне там не чакае, я абсалютна нікому там не патрэбны, як і Беларусь з нейкім канкурэнтным таварам там таксама не патрэбна. Там ёсць Германія, Францыя… Давайце нармальныя адносіны падтрымліваць і вырашаць праблемы, з якімі сутыкнуліся. Можа, мы вам у нечым будзем карыснымі».

Аб нафтагазавых 
перагаворах 
Беларусі і Расіі
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўрады Беларусі і Расіі да гэтага часу працуюць па гэтым напрамку. «Дамовіцца пакуль не змаглі. І пачалася ўжо нейкая валакіта: то яны згаджаюцца, доб­ра, давайце па-старому працаваць, то праз суткі гэта не падыходзіць, таму што начальнікі нібыта не згадзіліся. Ідзе гэта цяганіна», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ў нафтагазавай сферы Беларусь і Расія працавалі па формуле роўнадаходных цэн. Калі сусветныя цэны на нафту былі высокія, адпаведна каштаваў і газ. «І Беларусь плаціла гэту цану», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Затым кошт нафты знізіўся, тое ж адбылося і з цаной на прыродны газ. Раней агавораная для Беларусі цана — $132,77 за тыс. куб.м, цяпер па формуле краіна павінна плаціць $83-82. Аднак расійскі бок адмаўляецца прадаваць газ па такой цане, матывуючы гэта тым, што ранейшая цана нібыта і без таго самая нізкая. Такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка лічыць нелагічнай, паколькі ў бакоў ёсць дамоўленасці, якія трэба выконваць.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нафтагазавая спрэчка можа прывесці да эскалацыі па многіх напрамках. «Так яно і атрымліваецца — мы ўжо да меж дайшлі», — заўважыў Прэзідэнт.
«З-за няроўных цэн, няроўных умоў Беларусь страціла (толькі з-за вось гэтага цэнавага фактару) $15 млрд. Яны прызнаюць гэту лічбу і далі цяпер нам аж $5 млрд. крэдытаў. Ну добра, узяць у нас $15 млрд. праз цэны, потым нам жа даць нашы грошы (і тое, толькі трэцюю частку) пад працэнт у тры разы больш, чым МВФ. Гэта нармальна?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым у Расіі агучваецца крытыка ў адрас Беларусі, у свой час там знялі цыкл фільмаў «Хросны бацька». «Я не бачыў ніводнага, усё збіраюся да гэтага вярнуцца, паглядзець, аб чым яны. Але кажуць, што даходзіць да зняваг Прэзідэнта. Гэта што, нармальна? А мы ж дамовіліся з расіянамі, з прэзідэнтамі: мы можам спрачацца, колькі хочаце, але не дапус­каецца зневажанне адзін аднаго», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што ў Беларусі такіх выказванняў у адрас Прэзідэнта і прэм’ер-міністра Расіі не было. «Пачынаецца ад асабістага — да эканомікі. Гэта ненармальна, гэта трэба заканчваць», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Спрэчка ішла выключна наконт газу. Яны пачалі ў парушэнне ўсіх дамоўленасцей рэзаць нафту. Мы звярнуліся, вядома, у суд. Судовы разбор будзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія — дзве самыя блізкія краіны, і такія канфлікты не павінны быць.
Пагранічная зона — 
чыста палітычны 
выпадак
Беларусь не будзе абмяжоўваць свабодны ўезд расіян на сваю тэрыторыю. 
Адказваючы на пытанне аб увядзенні Расіяй рэжыму пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Наколькі мяне інфармавалі, там ёсць нейкая прывязка да канкрэтных нейкіх кропак. Паўстае пытанне — гэта што, Расія пачала праводзіць дэмаркацыю граніцы? Дык гэта перагаворны працэс, гэта ж можа выліцца ў сур’ёзны канфлікт».
«Мы ж не дамовіліся, як будзе на карце праходзіць граніца, на мясцовасці, толькі пасля гэтага трэба ўстанаўліваць нейкія знакі і кропкі. Вы ж можаце залезці на чужую тэрыторыю і адхапіць кусок чужой граніцы. Таму я не думаю, што расіяне на гэта адважацца, гэта ўжо сур’ёзны канфлікт, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Не думаю, што яны будуць рабіць нейкія дадатковыя крокі».
«Але я магу сказаць цвёрда: мы ні ў якім выпадку не пойдзем на повадзе ў расіян, і расіяне могуць быць упэўнены, што яны як прыязджалі ў Беларусь, так яны і будуць прыязджаць. Гэта я цвёрда гарантую. Яны, можа, і хацелі б, каб мы прынялі дзеянні ў адказ і тым самым неяк нашых братоў-расіян абмяжоўвалі ў перамяшчэнні на нашай граніцы, але мы на гэта ніколі не пойдзем. Яны нам не ворагі, не праціўнікі, гэта нашы браты, нашы расіяне. Як ездзілі сюды, так і будуць ездзіць. Людзі ад гэтага пацярпець не павінны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аб ВНУ 
на беларускай мове
і нацыянальнай ідэі
Адказваючы на прапанову члена Пас­таяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім стварыць у Беларусі нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Вы мой пункт гледжання наконт моў — беларускай, рускай і іншых — ужо, напэўна, на памяць ведаеце. Я вельмі акуратна стаўлюся да гэтага пытання. І, дзякуй богу, што гэта не стала ў нас у грамадстве нейкай перашкодай. А магло быць, зыхо­дзячы з палітыкі, якую праводзіў той Вярхоўны Савет, у якім мы служылі з Іосіфам Паўлавічам (Сярэдзічам. — Заўвага БЕЛТА) у свой час».
«Тады ўжо вельмі было палітызавана гэта пытанне, і я лічу добра, што мне ўдалося ўсё ж такі неяк пагасіць у грамадстве напал гэтай спрэчкі па мовах. Не будзем да гэтага вяртацца. Пакуль я Прэзідэнт, я не дапушчу таго, каб мы дзялілі людзей па тым, ведаеш ты беларускую мову ці ты яе не ведаеш. Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт. Дрэнна гэта ці добра — час пакажа», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Што датычыцца нацыянальнага ўніверсітэта, то адразу ўзнікае пытанне: а Беларускі дзяржуніверсітэт у нас не нацыянальны? Ці іншыя якія-небудзь? Мне здавалася, што яны ўсе нашы, нацыянальныя. Там вывучаюць і рускую мову, і беларускую, і англійскую, і іншыя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Размова ідзе аб вышэйшай навучальнай установе, дзе было б вык­ладанне на беларускай мове, — прадоўжыў ён. — Вы ведаеце, я не магу сказаць «не» і не магу сказаць «так», таму што гэта трэба прапрацаваць. Можа, на базе якога-небудзь універсітэта, калі гэта будзе нармальна ўспрынята, калі туды будуць жадаючыя ісці па конкурсе і іншае. Не толькі сям’я Алега Трусава ці ваша, ці мая і гэтак далей, а сапраўды будуць жадаючыя там атрымліваць адукацыю на беларускай мове», — сказаў Прэзідэнт.
«Галоўнае, каб гэта было запатрабавана народам, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Так, я і вас бы рэктарам там назначыў — не праблема. Марзалюк (Ігар Марзалюк — старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў. — Заўвага БЕЛТА) таксама вельмі добра ведае беларускую мову. Можна: вы прарэктар, ён рэктар. Таму трэба прапрацаваць гэта пытанне. Гэта нават было б нядрэнна».
«Толькі я вось супраць таго, каб некаторыя людзі выхваляліся беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я больш беларускі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Ну не трэба!».
«Пройдзе час, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмі добра навучымся. Але я вас заклінаю і прашу: не адмаўляйцеся ад рускай мовы. Таму што вы адмовіцеся ад свайго, роднага. Вы камусьці падарунак зробіце», — падкрэсліў ён.
«Не спяшайцеся! Руская мова — гэта вялікае і гэта наша, — адзначыў Прэзідэнт. — Я ж вам расказваў прык­лад, калі мне Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін гаворыць: дзякуй табе за тое, што ты так ставішся да рускай мовы. Я кажу: гэта наша мова, яна ў нас дзяржаўная нараўне з беларускай. Беларуская — таму што мы нацыя. Гэта прыкмета нацыі, таму ў нас ёсць беларуская мова. Але мы багацейшыя за вас, таму што мы ведаем дзве мовы: беларускую і рускую».
«Трэба ўсё рабіць вельмі асцярожна, вельмі акуратна», — яшчэ раз падкрэс­ліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў краіне на працягу доўгага часу спрабавалі сфармуляваць нацыянальную ідэю, прыцягвалі да гэтага розных экспертаў і грамадскіх дзеячаў. «Мы не змаглі яе адміністрацыйным чынам сфармуляваць. Я ўсё больш пераконваюся, што, напэўна, мы не прыйшлі ў сваім развіцці да той кропкі, калі б гэта ідэя ўдарыла ўсіх па розуму і па сэрцу. Я супакоіўся: калі грамадства нічога прапанаваць не можа, я таксама не магу прыдумаць, нават баюся, таму што гэта вельмі адказна. Таму мы жывём як жывём, без гэтай ідэі. Яе няма, а хацелася б», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што выдумаць нацыянальную ідэю немагчыма. «Нас да гэтага павінна падвесці само жыццё, развіццё нашай краіны. Вельмі мала мы, напэўна, пражылі як абсалютна суверэнная, незалежная дзяржава. Нават Расія не можа яе (нацыянальную ідэю. — Заўвага БЕЛТА) сёння сфармуляваць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Тут трэба быць вельмі дакладнымі і акуратнымі, каб гэта захапіла ўсіх».
«Можа, я яе не бачу. Гэта ўжо вам мінус: вы павінны данесці яе да мяне. Але фармуляваць яе трэба, таму што гэта кароткі рух наперад, пасланне ўсім пакаленням — вось наша будучыня. Увогуле, патрэбны час. Час усё пакажа і расставіць на свае месцы», — лічыць беларускі лідар.

Добавить комментарий