Закон уступіў у сілу

 

Закон ад 9 студзеня 2017 года № 14-3 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» у галіне пенсійнага забеспячэння ўступіў у сілу 13 студзеня, а некаторыя навацыі дзейнічаюць ужо з 1 студзеня.

Як растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, ён прыняты ў мэтах прывядзення норм некаторых законаў у адпаведнасць з палажэннямі ўказаў Прэзідэнта ад 8 снежня 2014 года № 570 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння», ад 31 снежня 1995 года № 534 «Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння», ад 11 красавіка 2016 года № 137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння». Новы закон таксама змяшчае рэдакцыйныя карэкціроўкі асобных норм з улікам практыкі іх прымянення.
Так, унесены змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні», якія прадугледжваюць паэтапнае павышэнне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце на агульных падставах, суразмернае павышэнне ўзросту, што дае права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы, датэрміновыя пенсіі па ўзросце сацыяльна слабаабароненым катэгорыям грамадзян (інвалідам з дзяцінства, бацькам дзяцей-інвалідаў, маці загінулых ваеннаслужачых, шматдзетным маці, якія нарадзілі і выхавалі 5 і больш дзяцей, ліліпутам і карлікам, за выслугу гадоў). Гэта навацыя дзейнічае з 1 студзеня 2017 года.
Новым законам прадугледжваецца павелічэнне з 1 студзеня 2017 года штогод на 6 месяцаў да 20 гадоў патрабуемага для назначэння працоўных пенсій па ўзросце і за выслугу гадоў мінімальнага стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў. Як растлумачылі спецыялісты, страхавы стаж у 2016 годзе складаў 15 гадоў 6 месяцаў, у 2017 годзе ён будзе 16 гадоў і г.д. «Павелічэнне страхавога стажу не закранае сацыяльна слабаабароненыя катэгорыі асоб, для якіх фарміраванне працяглага страхавога стажу аб’ектыўна складана (бацькоў дзяцей-інвалідаў, шматдзетных маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей, інвалідаў з дзяцінства і іншых). Для назначэння ім датэрміновай працоўнай пенсіі па ўзросце захаваны ранейшыя ўмовы па мінімальным 5-гадовым страхавым стажы. Таксама захаваны ранейшыя патрабаванні па страхавым стажы для назначэння працоўных пенсій па інваліднасці і з выпадку страты карміцеля. Для гэтых пенсій дастаткова факта выплаты страхавых узносаў», — адзначылі ў Мінпрацы і сацабароны.
Законам прадугледжваецца павелічэнне штогод на адзін год перыяду, з заработку за які вылічаецца пенсія, да фактычна існуючага ў чалавека, які звярнуўся за пенсіяй, стажу работы (у 2016 годзе — 22 гады, у 2017 годзе — 23 гады і г.д.).
Зменена ўмова прымянення нормы аб павелічэнні памеру пенсіі па ўзросце з улікам перыядаў работы без яе атрымання, прадугледжанай законам «Аб пенсійным забеспячэнні». Так, за перыяды работы пасля 1 студзеня 2017 года павелічэнне ажыццяўляецца пры ўмове назначэння пенсіі па ўзросце на агульных падставах і адмовы ад яе атрымання. Разам з тым у законе замацавана ахоўная норма, згодна з якой перыяды работы да 1 студзеня 2017 года без атрымання дзяржаўнай пенсіі пасля набыцця права на пенсію па ўзросце на агульных падставах (акрамя перыядаў работы да 1 верасня 1998 года, улічаных пры назначэнні пенсій да пазначанай даты) улічваюцца для павелічэння памеру пенсіі па ўзросце незалежна ад умовы назначэння пенсіі. Дарэчы, гэта норма ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2017 года.
Сярод іншых навацый — уключэнне ў стаж работы перыядаў альтэрнатыўнай службы. Прадугледжваецца павышэнне пенсій кавалерам ордэнаў Айчыны трох ступеней на 500 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. Удакладнены нормы аб выплаце пенсіі асобам, якія з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі (п. 34 арт. 1 закона).
Змяняюцца падставы і ўмовы для пераразлікаў працоўных пенсій: на падставе ўказаў Прэзідэнта, не радзей як адзін раз у год у межах сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Рэгламентуецца магчымасць атрымання органамі, якія ажыццяўляюць пенсійнае забеспячэнне, без пісьмовай згоды фізічных асоб звестак з інфармацыйных рэсурсаў і сістэм, што змяшчаюць іх персанальныя даныя.
Унесены таксама змяненні ў законы «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» і «Аб абавязковых страхавых узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Гэта абумоўлена распаўсюджваннем з 1 студзеня 2016 года на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія працуюць у рэспубліцы або з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, абавязковага дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.
У сувязі з павышэннем з 1 студзеня 2017 года агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту адпаведныя карэкціроўкі ўнесены ў Грамадзянскі, Крымінальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы, законы «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў», «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх», «Аб альтэрнатыўнай службе», «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый».

Добавить комментарий