Два прызначэнні

У райвыканкамеДва прызначэнні адбыліся на мінулым тыдні. Аб гэтым паведаміў старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Сысоеў на пачатку штотыднёвай апаратнай нарады: старшынёй раённага Савета дэпутатаў – Таццяна Марачкава, старшынёй Лабковіцкага сельскага Савета – Сяргей Таўпыга.

Глава раёна падсумаваў рэзультаты праведзеных у час рэспубліканскага суботніка работ: зроблена нямала, але яшчэ шмат пытанняў прадстаіць вырашыць; цяпер галоўны клопат – падтрымліваць усё ў належным стане і рухацца далей.
Што тычыцца навядзення парадку на прадпрыемствах і ў арганізацыях, то пасадавыя асобы будуць замацаваны за субъектамі гаспадарання з мэтай кантролю. «На прамысловых прадпрыемствах, як таго патрабуе Прэзідэнт краіны, павінен быць наведзены і падтрымлівацца ідэальны парадак”, — падкрэсліў кіраўнік раёна.
Падрыхтоўка да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Перамогі – галоўная задача раённай выканаўчай улады. Каардынатарам аказання дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Як было даложана на нарадзе, на прадпрыемствы і ў арганізацыі ўжо разасланы пісьмы з напамінам аб аказанні дапамогі ветэранам, якія працавалі ў калектывах.
Трэба адзначыць, што ў раёне выпрацавана сістэма, якая дазваляе не проста ведаць праблемы і клопаты ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, а і вырашаць іх. «І гэту работу трэба працягваць”,- паставіў задачу глава раёна Васіль Сысоеў.
Разглядаючы пытанні будаўніцтва жылля, прыватызацыі, арэнднага жылля,  аддзелу архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама даручана да 1 мая завяршыць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі новабудоўляў і бліжэйшых дамоў.
На апаратнай нарадзе разгледжаны пытанні работы са зваротамі грамадзян, навядзення парадку на грамадзянскіх могілках, збору другаснай сыравіны, крымінагеннай абстаноўкі ў раёне і іншыя.
                                Т. Пятрова

Добавить комментарий