Ярмошына назвала вядомых людзей, якія вылучаны ў члены Савета Рэспублікі

 

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына 16 жніўня на прэс-канферэнцыі назвала вядомых людзей, якія вылучаны ў члены Савета Рэспублікі.
Старшыня Цэнтрвыбаркама растлумачыла, што на гэты момант ажыццяўляецца вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі, апошні тэрмін — 19 жніўня. З 20 па 24 жніўня ў ЦВК адбудзецца рэгістрацыя кандыдатаў у члены верхняй палаты беларускага парламента. «На гэты момант усе рэгіёны, акрамя Мінска, вылучылі кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі і прадставілі звесткі на іх», — заўважыла Лідзія Ярмошына.
У прыватнасці, сярод вылучаных наступныя вядомыя персоны: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, дырэктар комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук.
З ліку вылучаных шэсць чалавек раней выбіраліся членамі Савета Рэспублікі, прычым Мікалай Мартынаў (гендырэктар ТАА «Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марко») і Пётр Шэршань (гендырэктар вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз») выбіраліся ўжо тройчы. З ліку вылучаных на гэты час 11 жанчын, дзве з іх узначальваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, дзве — абласныя тэлерадыёкампаніі.
Акрамя таго, вылучана тры доктары медыцынскіх навук, у тым ліку вельмі вядомая ў краіне персона — дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Алег Суконка.

Добавить комментарий