Далі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту
Беларускія ваеннаслужачыя пасля цырымоніі інаўгурацыі кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі далі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту.
У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных войскаў. Яны пакляліся перад беларускім народам і Галоўнакамандуючым, што заўсёды гатовы надзейна абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Радзімы.
«Мы, ваеннаслужачыя воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, запэўніваем увесь беларускі народ і вас, таварыш Галоўнакамандуючы, у тым, што заўсёды гатовы надзейна абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай Радзімы. Сёння, у дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы ўрачыста клянёмся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронца Айчыны, самааддана служыць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, абараняць нашу Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сваіх сіл і самога жыцця! Клянёмся!» – прамовіў тэкст клятвы міністр абароны Віктар Хрэнін.
У адказ прагучала трохкратнае «Клянёмся!» ад ваеннаслужачых, пасля чаго аркестр выканаў Дзяржаўны гімн.