«Не будзе прыватызацыі, каб дагадзіць «шарлатанам з-за мяжы»

У Беларусі не будзе прыватызацыі, каб дагадзіць «шарлатанам з-за мяжы». Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, узгадняючы назначэнне Сяргея Нікіфаровіча генераль­ным дырэктарам ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-Холдынг».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць гэта прадпрыемства, паколькі гэта беларускі брэнд і здабытак, як і многія іншыя заводы. Ён заявіў, што, каб дагадзіць «шар­латанам з-за мяжы», у Беларусі не будуць прыватызаваць усё і ўся.
«Чаму я з такім хваляваннем стаўлюся да прадпрыемстваў? Не таму што я не разумею, што прыватная ўласнасць павін­на і можа існаваць, – сказаў Прэзідэнт. – Мы выпрацавалі стойкі імунітэт да несправядлівасці. Нідзе, ні ў якой краіне не было справядлівай прыватызацыі. Калі мы хочам у гэты вір акунуць нашу краіну і 10 мільёнаў насельніцтва і потым хадзіць ахкаць і вох­каць, зразумеўшы, што не туды зайшлі, – гэта ўжо без мяне і, упэўнены, без вас».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нель­га забраць у грамадзян тое, што стваралася мільёнамі людзей, і аддаць аднаму інвестару. «Таму вельмі хацелася б, каб БЕЛАЗ у нас працаваў надзейна, – дадаў Аляксандр Лукашэнка. – Наша тэхніка па якасці і цане пераўзыходзіць замежныя аналагі. Гэта наша перавага, і мы павінны яе ўтрымліваць на міжнародных рынках».
Паводле слоў Прэзідэнта, ён вельмі ўваж­ліва вывучаў кандыдатуру Сяргея Нікіфаровіча, паколькі Беларускі аўтамабільны завод – унікальнае прадпрыемства. Ён адзначыў, што ўнутры краіны кар’ерныя самазвалы практычна не выкарыстоўваюцца, а на сусветных рынках канкурэнцыя вельмі жорст­кая. «Вы сярод трох-чатырох прадпрыемстваў у свеце, і трэба аддаць належнае – БЕЛАЗ да гэтага часу трымае ўзровень і аб’ёмы рынку. І трэба разумець, што за вамі горад. Няма БЕЛАЗа – няма Жодзіна», – зая­віў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Сяргей Нікіфаровіч справіцца са сваімі новымі абавязкамі. «Мне вельмі хацелася б, каб моладзь, якая прыходзіць, новае пакаленне ўсё ж такі моцна пусціла карані ў наша жыццё, грамадства. Вам жыць і працаваць, ствараць Беларусь у будучым. Мы таксама паміраць не збіраемся, але ўжо будзем глядзець збоку. Калі вы паклічаце, мы недзе падкажам, дапаможам. Таму вельмі хацелася б, каб вы прыжыліся на БЕЛАЗе», – рэзюмаваў ён.

Добавить комментарий