Наглядальнікі ад СНД на выбарах Прэзідэнта

Завяршаецца фарміраванне місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Паводле даных на 31 ліпеня, у ЦВК пададзены дакументы на акрэдытацыю 149 чалавек, паведамілі БелТА ў штабе місіі.

Доўгатэрміновыя наглядальнікі ад СНД пачалі маніторынг выбарчай кампаніі ў рэгіёнах 28 ліпеня. За гэты час прадстаўнікі місіі наведалі мінскую гарадскую, усе абласныя, а таксама шэраг раённых і ўчастковых выбарчых камісій. «Наглядальнікі азнаёміліся з работай па ўдакладненні спісаў выбаршчыкаў і гатоўнасцю памяшканняў для галасавання. Эксперты адзначаюць, што ўсе камісіі забяспечаны інфармацыйнымі і метадычнымі матэрыяламі, заканадаўчымі актамі, інструкцыямі. На ўчастках для галасавання ёсць неабходныя сродкі аховы — антысептыкі, маскі, пальчаткі», — праінфармавалі ў штабе.

Акрамя таго, доўгатэрміновыя наглядальнікі вядуць маніторынг агітацыйнай кампаніі — знаёмяцца з перадвыбарнымі праграмамі і выступленнямі кандыдатаў у СМІ, наяўнасцю іх агітацыйных друкаваных матэрыялаў у спецыяльна выдзеленых для гэтага месцах.

Паводле інфармацыі ЦВК на 31 ліпеня, на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі акрэдытаваны 155 міжнародных наглядальнікаў, у тым ліку 133 ад СНД і 22 прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Добавить комментарий