«Усялякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый»

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пры наведванні 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, перадае карэспан­дэнт БелТА.
У сваім выступленні перад воін­скім калектывам Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што брыгада ў Мар’інай Горцы асобая. «У нас ва Узброеных Сілах два такія падраздзяленні: ваша ­брыгада і механізаваная брыгада ва Уруч­чы. І ў тыя часы, калі я служыў у арміі афіцэрам, гэта былі асобыя падраздзяленні, – адзначыў Прэзідэнт. – І калі мне давялося больш як дзясятак гадоў таму вызначацца і выбіраць брыгады двайнога прызначэння, я спыніўся на гэтых двух падраздзя­леннях».
«Калі мне давялося вызначацца, якія Узброеныя Сілы нам трэба, асабліва пасля 2010 года, я зразумеў, што трэба мець у запасе падрыхтаваных байцоў, час­ці ва Узброеных Сілах. На ўсякі выпадак, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Непажадана, вядома, каб нам давялося звяртацца да Узброеных Сіл. Але ўсякае можа быць. Прыкладам таго з’яўляюцца ЗША».
Беларускі лідар нагадаў, што амерыканскаму Прэзідэнту давялося ў некаторых штатах вывес­ці армію на вуліцу. «Тое, што адбываецца сёння ў ЗША, па-першае, у свеце ніхто не чакаў. Па-другое, гэта цяжкая катастрофа для ўсяго свету. Калі Прэзідэнт ЗША вытрымае гэты націск, гэта будзе добры знак і для нас. Таму што калі нахіліцца, а не дай бог, абваліцца гэта імперыя, свету будзе несалодка», – лічыць ён.
Гаворачы пра воінскія часці ў Мар’інай Горцы і сталічным Уруччы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яны добра падрыхтаваны, у тым ліку каб не дапусціць эскалацыі ўнутры краіны.
«Дзяржсакратар правільна сказаў, што ўсялякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэс­таў, дэманстрацый, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас малавата «майданутых»), іх падцягнуць збоку. Гэта прафесійныя ваенныя, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК (прыватныя ваенныя кампаніі. – Заўвага БелТА) па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах», – адзначыў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што так было ў шэрагу краін, уключаючы Лівію, Ірак, Сірыю. «Стала толькі горш. Гэта кіруемы хаос», – сказаў Аляк­сандр Лукашэнка.

Добавить комментарий