Кандыдаты ў дэпутаты вылучаны

Завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання.

Як паведаміў старшыня раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання Сяргей Давыдоў, на 40 выбарчых акруг на Крычаўшчыне вылучана 80 кандыдатаў. Па кожным выбарчым участку зарэгістраваны па два кандыдаты, так што выбары будуць праходзіць на альтэрнатыўнай аснове. І выбаршчыкі змогуць аддаць свой голас за таго прэтэндэнта на дэпутацкі мандат, каго лічаць дастойным прадстаўляць іх інтарэсы ў раённым Савеце дэпутатаў.
Спосабы вылучэння кандыдатаў у дэпутаты розныя: 2 кандыдаты вылучаны ад палітычных партый, 5 – шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, 73 – ад працоўных калектываў.
20 лютага паралельна з рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты прайшла жараб’ёўка па выкарыстанні эфірнага часу для выступлення па раённым радыё. Кожны з кандыдатаў мае права на выступленне да 5 хвілін.
«Я заклікаю ўсіх крычаўлян 23 сакавіка прыйсці на выбарчыя ўчасткі і выканаць свой грамадзянскі абавязак. Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты дастойны прадстаўляць вашы інтарэсы ў раённым Савеце. Выбар – за вамі”, — падкрэсліў Сяргей Давыдоў.
                                          Ул.інф.

Добавить комментарий