А. Лукашэнка: “Сваю краіну нікому не аддадзім і будзем яе абараняць”
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з актывам Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БелТА.
«Мы сваю краіну будзем абараняць усімі законнымі метадамі. Сваю краіну мы нікому не аддадзім», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часам у заходніх суседзяў і партнёраў у ацэнцы таго, што адбываецца ў Беларусі, прысутнічаюць двайныя стандарты, асабліва ў перыяд выбараў. «Яны ўжо нам пачынаюць намякаць: вы глядзіце, каб усё было дэмакратычна, каб на вуліцы не было сутыкненняў…» – заўважыў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым ён згадаў аб падыходах праваахоўнікаў у час дэманстрацый «жоўтых камізэлек» у Францыі і апошнія народныя хваляванні ў ЗША. «Бачыце, што там адбываецца. Там без слёзатачывага газу не абыходзіцца. Пакрытыкуйце Трампа, ЗША за адсутнасць дэмакратыі. На Расію паспрабуйце наехаць. Пабойваюцца. І вось яны, напэўна, вырашылі зноў патрэніравацца на Беларусі. Не атрымаецца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Хочаце назіраць за выбарамі – калі ласка, заўтра прыязджайце. Мы не супраць. Мы не хаваемся. Але нам паказваць пальцам, як жыць, не трэба. Мы ведаем, як жыць. У сябе трэба разабрацца. Там праблем больш за ўсё. Але, ведаеце, свае праблемы хочацца схаваць за шырмай суседніх нейкіх праблем. Трэба пальцам паказаць на суседзяў і на іншых. Таксама не атрымаецца. Не той час», – падкрэсліў беларускі лідар.
Тым не менш Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў заходніх партнёраў ёсць чаму павучыцца, у прыватнасці развіццю бізнесу, выкарыстанню новых тэхналогій. «Гэты вопыт трэба вывучаць і ўкараняць у сябе, што мы паспяхова робім», – сказаў ён.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што ў краіне нямала зрабілі за мінулыя гады, але наперадзе яшчэ шмат работы.
«У нас наперадзе вельмі шмат работы. Мы ведаем, што нямала зрабілі. Мы сапраўды зрабілі вельмі шмат за апошнюю пяцігодку, а яна была не самай лёгкай. Гэта адна са складаных. Мы можам зрабіць усё, але на ўсё патрэбны вялікія рэсурсы, перш за ўсё грашовыя, якіх мы ў дастатковым аб’ёме не маем. У нас няма вялікіх запасаў вуглевадародаў, золата, металаў, і нам даводзіцца выкручвацца як толькі можна», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова на сустрэчы будзе і аб рэформах, пра якія альтэрнатыўшчыкі пастаянна гавораць. «Любы працэс – гэта вынік. У нас рэформы не могуць быць нейкімі фэйкавымі, вялікімі, усёабдымнымі», – сказаў Прэзідэнт.
«Рэформы – гэта не зламаць і знішчыць (усё знесці дашчэнту, а потым мы нешта пабудуем). Не паддавайцеся на гэтыя неразумныя размовы, – заклікаў беларускі лідар. – Наша рэформа – гэта ўдасканаленне таго, што ёсць. Мы павінны развіваць тыя вытворчасці, на базе якіх існуе Беларусь. Таму што мы ўмеем гэта рабіць. Разбураць не трэба».
Аляксандр Лукашэнка адначасова адзначыў, што ёсць адзінкавыя прадпрыемствы, якія, напэўна, у краіне ўжо не патрэбны. «Але гэта адзінкавыя. Таму наша рэформа – гэта паглыбленне таго працэсу вытворчасці, які мы сёння маем. Таму што ў нас ёсць людзі, кампетэнцыі», – дадаў ён.
Выканальніцкая і тэхналагічная дысцыпліна, стабільнасць у дзяржаве – гэта аснова любога развіцця.
«Нам трэба мець на ўвазе, што дысцыпліна, выканальніцкая і тэхналагічная, і стабільнасць у дзяржаве – гэта аснова любога развіцця. Ніякія майданы і рэвалюцыі нас не выратуюць», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рэформа ў Беларусі – гэта паглыбленне і развіццё тых напрамкаў дзейнасці, таго, што ёсць. «Без строгай тэхналагічнай, выканальніцкай дысцыпліны ўсе гэтыя планы пойдуць прахам», – дадаў Прэзідэнт.